Жыхарка Івацэвіцкага раёна выкрыла здраду мужа, а ён падаў на яе ў суд за ўмяшанне ў асабістае жыццё

«Усё змяшалася ў доме Аблонскіх», – цытата з рамана Льва Талстога згадвалася, калі ішоў разгляд справы, так бы мовіць, сямейнай. Жыхарка Івацэвіцкага раёна Ірына С. (тут і далей імёны несапраўдныя) узяла ў рукі тэлефон мужа Віктара С. і стала знаёміцца з фотаздымкамі ў яго галерэі. Жанчыну нібы токам ударыла: з’явіліся новыя фотаздымкі, якія сведчаць, што муж бавіць час з незнаёмай ёй жанчынай.
І гэты адпачынак праходзіў далёка за межамі Беларусі – у Крыме.
Няцяжка здагадацца, якое ўзрушэнне чакала Ірыну С. Яны з мужам пражылі ў шлюбе каля 30 гадоў, жывуць даволі заможна, у іх ужо дарослыя дзеці, а тут… Жанчына не магла стрымаць сябе: успыхнула сварка з мужам, які адрэагаваў агрэсіўна: «Што ты лезеш у маё жыццё! Не чапай больш ніколі мой тэлефон!» Тады Ірына С. расказала пра сваю бяду дачцэ, суседзям… Пасля нейкім чынам даведалася – хто тая жанчына, якая на здымках стаіць побач з яе мужам. Аказалася, што яна – грамадзянка Расійскай Федэрацыі. Ірыне С. таксама стала вядома, што былая нявестка саперніцы, Анжэла, пражывае ў Брэсце. Тады Ірына С. стварае фэйкавую старонку ў сацыяльнай сетцы і накіроўвае Анжэле фотаздымкі свайго мужа і яе былой свекрыві з подпісам – «Паглядзі, як весяліцца ваша мама».
Анжэла, якой ужо зусім не цікавае жыццё былой свекрыві, накіроўвае былому мужу скрыншот са старонкі, падпісаўшы: «Ты не ведаеш, навошта мне гэта прыслалі? Мне гэта не цікава!». Там, у расійскай глыбінцы, сын ідзе да маці, задае пытанне, што за жыццё вядзе яго матуля, калі яе здымкі гуляюць паміж дзвюма краінамі? Расійская сяброўка Віктара С. звязваецца з ім і цікавіцца: як так атрымалася, што нашы ўзаемаадносіны ўжо вядомыя, напэўна, усім на белым свеце?
Абураны Віктар С. звяртаецца ў міліцыю з просьбай прыцягнуць да адказнасці жонку, дачку, суседзяў, былую нявестку сваёй расійскай сяброўкі Анжэлу… Маўляў, яны ўлезлі ў маё асабістае жыццё, а я на гэта дазволу не даваў. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да жонкі, дачкі і суседзяў адмоўлена, але ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да Ан-
жэлы па ч. 1 арт. 179 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Незаконнае збіранне або распаўсюджванне звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую або сямейную тайну другой асобы, без яго згоды, што пацягнула нанясенне шкоды правам, свабодзе і законным інтарэсам пацярпелага».
Як бачыце, толькі той факт, што маладая жанчына скінула па сацыяльнай сетцы скрыншот былому мужу з каментарыем «Ты не ведаеш, навошта мне гэта прыслалі? Мне гэта нецікава!», ужо стала асновай для ўзбуджэння крымінальнай справы.
Адразу паведамлю: пасля разгляду гэтай справы я вынес апраўдальны прысуд. Складу злачынства ў дзеяннях Анжэлы, якая накіравала скрыншот са здымкамі свайму былому мужу, не назіраецца. Яе, увогуле, мала цікавіла прыватнае жыццё былой свекрыві. Анжэла сама здзіўлялася ў судовай зале суда Івацэвіцкага раёна: «за такі бяскрыўдны крок мяне хочуць зрабіць вінаватай? Павінна заплаціць маральны ўрон? У чым я вінаватая?»
Паўтаруся: суд не знайшоў у дзеяннях Анжэлы складу злачынства і вынес апраўдальны прысуд. Такое здараецца нячаста.
Хачу звярнуць увагу Віктара С. і многіх другіх мужчын, хто жыве «падвойным жыццём». Можна абвінавачваць жонку, дзяцей, суседзяў, але трэба і разумець, якое патрасенне і ўзрушэнне чакае вашых родных, калі яны даведваюцца пра ваша «іншае» баўленне часу. Колькі бяссонных начэй перажыла Ірына С., якая стварыла тую фэйкавую старонку і расказвала іншым пра сваю бяду толькі для таго, каб зняць цяжкі груз з душы… «Ему нужно было вовремя со своими женщинами разобраться», – так тлумачыў Глеб Жаглоў праблемы грамадзяніна Груздзева ў фільме «Месца сустрэчы змяніць нельга». Так і Віктару С., мужчыне, якому каля 50 гадоў, ужо пара расставіць кропкі над «і» ў сямейным жыцці, а не абвінавачваць тых, хто жыве побач.
Арцём ПАДАЛЯНЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.