Валанцёры дзякуюць неабыякавым людзям за дапамогу прытулку ў Івацэвічах

У прытулку для бадзяжных сабак, які дзейнічае ў Івацэвічах па вуліцы Сікорскага, на дадзены момант знаходзіцца больш за 20 братоў нашых меншых – «дзяўчынак», «хлопчыкаў» і дарослых сабак.
Валанцёры, ці больш правільна было б сказаць валанцёркі, бо займаюцца гэтым выключна жанчыны, прыкладаюць усе магчымыя і немагчымыя намаганні, і гэта мае свой плён – з таго моманту, як у Івацэвічах пачаў дзейнічаць прытулак для бадзяжных сабак, яшчэ ні аднаго сабаку не ўсыпілі. Згадзіцеся, гэта ўжо рэзультат. Да таго ж, дзяўчаты-валанцёры не ў цацкі з сабачкамі гуляюць, а кожны дзень у свабодны ад сваіх асноўных заняткаў час (а ў кожнай з іх ёсць сям’я, дзеці і работа) імчацца на дапамогу жывёлінам. Трэба прыгатаваць ім ежу, не толькі ж сухім кормам карміць сабак, прыбраць у вальерах, кагосьці з іх звазіць да ветурача на стэрылізацыю.
Часам здараюцца і так званыя экстранныя выпадкі: там выкінулі на сметнік маленькіх шчанюкоў, там знайшлі ў пакеце пад балконам – пра ўсе гэтыя здарэнні валанцёрам сігналізуюць па тэлефонах ці ў сацсетках у іх групе «Мой новый лучший друг» жыхары нашага горада (валанцёры дзякуюць за інфармацыйную падтрымку адміністратару іх груп Марыне). Прыкладна з месяц таму ў прытулак у каробцы трапілі трое маленечкіх сабачанят з Быцені, іх маму збіў матацыкл. Валанцёр Аксана выкарміла іх у сваёй кватэры з бутэлечкі. Усе «хвосцікі» ўжо знайшлі свой дом – у Івацэвічах і Амяльной.
Каля двух тыдняў таму валанцёры атрымалі па тэлефоне наступнае паведамленне: каля смеццевага бака непадалёк ад гаражоў у пакеце пішчаць нованароджаныя кацяняткі. Дзяўчаты кінуліся на дапамогу. Пакарміць іх не атрымалася, зусім былі малыя. Патэлефанавалі знаёмым у Бярозе, яны адказалі, што ёсць на прыкмеце дзве кошкі, якія нядаўна акаціліся, але пры ўмове, што падпусцяць да сябе прыёмышаў. У Бярозе адна кошка «згадзілася» быць прыёмнай маці. Кацяняты яшчэ там, падрастаюць, але што прыемна – ва ўсіх ужо ёсць гаспадары, якія хутка іх забяруць.
Са стэрылізацыяй маленькіх «дзяўчынак» ёсць адна акалічнасць: без дасягнення імі пэўнага
ўзросту стэрылізаваць іх нельга, таму і прыстроіць іх цяжэй, чым «хлапчукоў». Стэрылізацыя аплочваецца спонсарамі – нераўнадушнымі людзьмі. Дарэчы, кошт такой працэдуры не малы – прыкладна 40-50 рублёў. Але знаходзяцца ў нашым раёне, ды і не толькі – па ўсёй Беларусі, людзі, якія ахвяруюць свае грашовыя сродкі на корм і іншую ежу для сабак з прытулку, а таксама на стэрылізацыю.
Валанцёры выказваюць самыя шчырыя словы падзякі ўсім нераўнадушным людзям за іх дапамогу: «Гэта жыхары Івацэвічаў і Івацэвіцкага раёна (Воля, Быцень, Аброва, Гошчава), Мінска. Імёны многіх, на жаль, не ведаем, але дапамога іх мае вялікае значэнне ў нашай агульнай для грамадства справе. Вялікі дзякуй студэнту Захару і яго маці, жанчынам Наталлі і Таццяне, якія пастаянна купляюць прадукты для сабак з прытулку».
Калі ў вас ёсць жаданне стаць сябрам для братоў нашых меншых, забраць іх да сябе ў сям’ю або проста дапамагчы валанцёрам з доглядам сабак у прытулку, тэлефануйце па нумарах (8-029) 525-44-15 (святлана), (8-029) 523-45-40 (Аксана).
Юлія КАВАЛЁВА.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.