У Івацэвіцкім раёне апошнія школьныя званкі пройдуць без агульных лінеек
Навучальны год набліжаецца да завяршэння. Не за гарамі выніковая атэстацыя, выпускныя экзамены, цэнтралізаванае тэсціраванне і дарослае самастойнае жыццё.
– Навучальны год завяршыцца ва ўстаноўлены тэрмін – 30 мая, – паведамляе намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Патоцкая. – Экзамены для выпускнікоў адбудуцца з 1 да 9 чэрвеня, падчас правядзення якіх будуць прыняты неабходныя санітарна-проціэпідэміялагічныя меры ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя.
Сёлета ў нашым раёне апошні школьны званок прагучыць для 557 дзевяцікласнікаў і 349 выпускнікоў 11-х класаў.
Свята “Апошні школьны званок”, прысвечанае заканчэнню навучальнага года, пройдзе ва ўстановах адукацыі раёна 30 мая па класах, без правядзення агульных лінеек, паведамляюць у аддзеле па адукацыі райвыканкама.
Выпускныя вечары з уручэннем атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі пройдуць у школах раёна 11 чэрвеня ва ўрачыстай абстаноўцы, але з абавязковым захаваннем мер сацыяльнага дыстанцыравання і норм проціэпідэміялагічнай бяспекі.
Валянціна БОБРЫК.