Гісторыя перахварэўшага на каранавірус жыхара г. Івацэвічы

Уладзімір М.:
– Захварэў я 7 красавіка. Вечарам пасля работы адчуў слабасць у целе. Жонка прапанавала памераць тэмпературу. Узяў градуснік – 37,8. Выпіў таблетку парацэтамола і лёг спаць. Прачнуўшыся ў сем гадзін раніцы, адчуў, што тэмпература не ўпала, памераў, не ўстаючы з ложка, – 38,2. Пазваніў кіраўніку на работу, ён параіў застацца дома і выклікаць участковага ўрача.

Участковы ўрач у масцы і пальчатках прыехала хутка, на працягу гадзіны пасля званка ў паліклініку. Памерала тэмпературу, паглядзела горла, паслухала. Акрамя павышанай тэмпературы больш ніякіх сімптомаў не было. Выпісала ліст непрацаздольнасці на шэсць дзён да панядзелка, пакінула свае каардынаты і патлумачыла: калі будзе пагаршэнне стану – званіць тэрмінова. Я піў назначаныя лекі, тэмпература стала фебрыльнай – 37,1-37,2, кашлю не з’явілася, а ў суботу ў абед тэмпература зноў падскочыла да 38,2. Жонка пазваніла на «хуткую». Прыехаў малады доктар, паслухаў, і маё дыханне яму не спадабалася. Ён першы з урачоў пачуў, што ў правым боку ёсць хрыпы. Доктар з «хуткай» на ўсялякі выпадак, каб не прапусціць чаго нядобрага, параіў паехаць да дзяжурнага доктара, каб зрабіць здымак лёгкіх. Я падумаў і вырашыў прыслухацца да парады. Сеў у сваё аўто і паехаў у паліклініку. Дзяжурны доктар паглядзеў здымак – нічога страшнага не відаць, паслухаў мяне і параіў звязацца са сваім участковым урачом. На той момант тэмпература ў мяне ўпала да 37,5, і ўчастковага доктара я не стаў непакоіць. Тым больш, што ў панядзелак, 13 красавіка, мне было да яго на прыём.

Тэмпература ў нядзелю і панядзелак прадаўжала трымацца ў межах 38 градусаў, у астатнім стан без ніякіх больш сімптомаў. Доктар падчас прыёму памяняла мне назначэнні, выпісала антыбіётыкі ва ўколах і сказала, што прадоўжым лячэнне дома.
На наступны дзень тэмпература ў мяне падскочыла да 38,8. Я пазваніў участковаму Алене Зыбайла, якая настаяла аб тэрміновай маёй шпіталізацыі, за што ёй вялікі дзякуй. У гэты момант я ўжо падазраваў, што магчыма ў мяне каранавірус, бо і ў некалькіх чалавек, з кім я кантактаваў апошнім часам, стан быў не надта здаровы.

У выніку, 14 красавіка ў 13.30 я быў шпіталізаваны ў інфекцыйнае аддзяленне нашай райбальніцы. У мяне адразу ўзялі тэст на ковід, памералі тэмпературу, праверылі сатурацыю (гэтае слова я там вывучыў) – узровень кіслароду ў крыві, узялі аналіз крыві і адразу паставілі кропельніцу. Тэмпература пайшла на спад, а за ноч зноў набягала на працягу двух дзён да 39,1. Доктар прыняла рашэнне дадаткова даследаваць мае лёгкія па камп’ютарнай тамаграфіі ў Баранавічах. КТ паказала двухбаковую пнеўманію, а тэст са станоўчым рэзультатам прыйшоў толькі ў суботу – праз пяць дзён.

– Было страшна?
– Не баюся прызнацца, што пачуццё страху прысутнічала – пужае невядомасць, нявывучаная хвароба. Адзначу, дарэчы, страх – гэта нармальнае пачуццё. Калі яго чалавек не адчувае ў такія моманты, то, пэўна, яму трэба лячыцца па другім профілі. Але! Заспакойвала і надавала ўпэўненасці ў гэты момант, пры тым, што я не разбалаваны ўвагай урачоў – апошні раз быў у бальніцы гадоў з дзясятак, а то і больш назад, адточаныя і рашучыя дзеянні загадчыцы інфекцыйнага аддзялення райбальніцы Юліі Уладзіміраўны Савік. Нягледзячы на тое, што яна дастаткова малады спецыяліст, я ёй паверыў, што ўсё будзе добра. За гэта ёй хочацца ад душы падзякаваць. І ёй і медыцынскім сёстрам: Таццяне Сцяпанаўне Боўкун, Ірыне Васільеўне Мізгір, Людміле Паўлаўне Папко, Наталлі Уладзіміраўне Сачышынай. Экіпіраваныя, што не бачна хто, толькі вочы, але настолькі шчырыя, адданыя рабоце гэтыя дзяўчаты. Падтрымлівалі словам, дрэнныя думкі ператваралі ў жарты – вельмі цёплыя адносіны да хворых. Лякарстваў таксама хапае, не трэба было сваякам непакоіцца. Малодшы медыцынскі персанал таксама выконвае ўсю работу ў цяперашніх умовах дасканала і строга па графіку. Словам, хочацца адзначыць, што лячэнне ў стацыянары ў нас – на вышыні.
– Ні заўваг, ні пажаданняў?
– Адзінае, хацелася б, каб рэзультат тэстаў прыходзіў хутчэй. Згадзіцеся, пяць дзён многа. Дарэчы, медсёстры разумеюць, што хворыя перажываюць, то, як толькі атрымліваюць рэзультат, у любы час дня ці ночы спяшаюцца пазваніць і паведаміць аб ім. І другое. Мо, гэта і суб’ектыўная мая думка, але сітуацыя паказвае, што Івацэвіцкую ЦРБ трэба было б умацаваць сваім камп’ютарным тамографам. Гэта было б вельмі цудоўна, каб нашы ўрачы маг-
лі мець магчымасць праверыць стан усіх хворых тут, у Івацэвічах, і не адпраўляць іх у Баранавічы, дзе і так вялікая нагрузка.
– Лячыліся ў ізаляванай палаце?
– Так, спачатку ляжаў адзін у палаце, а калі тэст на каранавірус пацвердзіўся, з маёй згоды мяне паклалі да ковіднага хворага, у якога каранавірус працякаў у больш лёгкай форме. З 14 да 28 красавіка лячэнне праходзіла ў стацыянары. Перад выпіскай два апошнія дні бралі зноў мазкі на каранавірус. Першы рэзультат прыйшоў з адмовай – некарэктна ўзяты, а другі быў з адмоўным рэзультатам. 6 мая мне прапанавалі зрабіць яшчэ адзін кантрольны тэст. 11 мая ў 22 гадзіны мне пазванілі, што рэзультат адмоўны і 12 мая мне можна закрыць лісток непрацаздольнасці.
– Якія ўрокі вынеслі для сябе пасля хваробы?
– Першае, што я зрабіў, калі выпісаўся з бальніцы – насмажыў сала – адзначыў сваё выздараўленне. Дзесьці ў падсвядомасці я ведаў, што захварэю, бо сфера маёй дзейнасці такая – мне даводзіцца кантактаваць з вялікай колькасцю людзей. А калі перахварэў, то быў рады, што аказаўся ў першым дзясятку хворых, смялей магу знаходзіцца ў соцыуме. Падчас хваробы многія людзі мяне падтрымлівалі. Гэта і сваякі, і калегі па рабоце, і суседзі, і сябры. Пасля выпіскі стала заўважна, што цяпер мяне многія людзі староняцца. Я іх не асуджаю, але і не праяўляю ініцыятывы, каб з імі гутарыць. Адно адзначу, што ад хваробы, як і ад сумы і турмы, – не заракайся. Ці стаў больш цаніць жыццё? Вядома, крыўдна было б так рана паміраць…
Валянціна БОБРЫК.