Пенсіянер з Івацэвічаў сарваў стоп-кран у электрацягніку і быў пакараны. Чаму?

Пенсіянер з Івацэвічаў некалькі тыдняў таму ў дзённы час прыйшоў на чыгуначны вакзал у нашым райцэнтры. Якраз у гэты час тут разыходзяцца два электрацягнікі: адзін накіроўваецца ў Баранавічы, другі – у Брэст. Мужчыне трэба было ехаць у баранавіцкім кірунку, але ён пераблытаў і сеў не ў тую электрычку, якая, набіраючы хуткасць, паімчалася ў процілеглы бок. У роспачы мужчына бегаў па вагоне, не ведаючы што рабіць. Пасля ён сарваў стоп-кран. Электрацягнік рэзка затармазіў, спыніўся, але дзверы не адчыніліся. Да мужчыны падышлі машыніст, іншыя прадстаўнікі брыгады цягніка… У выніку быў складзены адміністрацыйны пратакол, наш зямляк атрымаў штраф за тое, што спыніў рух электрычкі. Узнікае рэзоннае пытанне: а для чаго тады ў цягніках размяшчаюць стоп-краны, калі спроба імі скарыстацца можа прывесці і да рэзкага спынення цягніка, і да непазбежнага штрафу.

Сітуацыю тлумачыць Віталь Высоцкі, начальнік лінейнага пункта міліцыі на станцыі Івацэвічы: – Стоп-кран тармажэння прызначаны для прывядзення ў дзеянне тармазоў цягніка ў выпадку экстраннай неабходнасці. Паўтаруся, у выпадку экстраннай неабходнасці. Спыніць цягнік пасажыр можа толькі тады, калі неабходна папярэдзіць крушэнне, аварыю, чалавечыя ахвяры… Калі пачаўся пажар у вагоне або калі, да прыкладу, вы бачыце, што звонку вагона, трымаючыся за поручні, вісіць чалавек, якога прыціснулі дзверы і які можа загінуць ці быць траўміраваны, то зробіце правільна, калі ў такой крытычнай сітуацыі сарвяце стоп-кран. У той жа час прычынамі для зрыву стоп-крана не можа быць спазненне пасажыра, неабходнасць пакінуць цягнік на ўчастку, дзе не прадугледжана яго спыненне, тлумачэнне пасажыра, што ён сеў не ў той цягнік, перадумаў ехаць або штосьці забыў. За гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф да 3-х базавых велічынь. Наш зямляк, пенсіянер, сарваўшы стоп-кран па прычыне таго, што пераблытаў электрычкі, парушыў закон. І быў аштрафаваны.

Віталь Высоцкі падкрэслівае, што такая «самадзейнасць» можа прывесці і да крымінальнай адказнасці, калі ў выпадку рэзкага тармажэння атрымаюць цялесныя пашкоджанні іншыя пасажыры.

Але ці часта хапаюцца за стоп-кран нашы землякі? Вось два выпадкі. У першым з іх малады мужчына, які ехаў з Брэста да Івацэвічаў, заснуў, а прачнуўся тады, калі электрацягнік накіраваўся да наступнай станцыі Боркі. Ён сарваў стоп-кран, быў аштрафаваны. Другі выпадак асабліва абуральны: малады чалавек ехаў у хуткаснай электрычцы ў бок Баранавічаў, прыпынку на станцыі Даманава няма. Праязджаючы міма Даманава, ён сарваў стоп-кран, электрацягнік рэзка затармазіў. Гэты пасажыр разумеў, што яго чакае пакаранне, таму адкрыў верхнюю фрамугу акна, выкінуў рэчы, саскочыў уніз сам, схапіў рэчы і кінуўся наўцёкі. На жаль, гэтага «каскадзёра» затрымаць не ўдалося, ён уцёк.

Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.