Пачаўся капітальны рамонт трох шматпавярховак у Івацэвічах

У бягучым 2020 годзе камунальнікі плануюць здзейсніць капітальны рамонт сямі дамоў у Івацэвіцкім раёне – у райцэнтры, а таксама ў Косаве, Целяханах, Вульцы-Аброўскай і п. Зялёны Бор.

Ужо дачакаліся сваёй чаргі тры будынкі ў Івацэвічах: два трохпавярховыя дамы па вул. Механізатараў, 9 і Дэпутацкая, 40/5, а таксама двухпавярховы дом па вул. Клютко, 47. Апошні пачалі рамантаваць 1 чэрвеня, а вось у першых дамах з гэтага спіса ўжо выканана частка работ. А што прадугледжвае сёння капрамонт, на што разлічваць жыльцам? Спыталі ў галоўнага інжынера ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Міхаіла Балбуцкага. 
Калі размова ідзе пра капітальны рамонт будынка, жыльцы могуць, як мінімум, разлічваць на тое, што будзе адрамантаваны дах, заменяць вокны і дзверы ў месцах агульнага карыстання, а таксама інжынерныя сеткі (водаправод, каналізацыя), электрыку. Калі патрэбна, то рамантуюцца і апорныя канструкцыі. Ва ўсіх дамах у раёне, дзе зробяць капрамонт у 2020 годзе, будуць праведзены менавіта гэтыя віды работ. Сёлетні капрамонт сціплы – камунальнікі не пафарбуюць фасады і не зоймуцца балконамі, лоджыямі, хоць пры дастатковым фінансаванні ў некаторых дамах падчас капрамонту раней рабілі і гэта. На капітальны рамонт на 2020 год з рэспубліканскага бюджэту камунальнікам пакуль што выдзелена каля 583 тыс. бел. руб. За гэтыя сродкі трэба адрамантаваць 7 900 кв. м жылля, і для такога аб’ёму работ гэта недастатковая сума, таму спатрэбяцца дадатковыя фінансавыя паступленні.
Па плане ў мінулым годзе капрамонт здзейснілі на 3000 кв. м жылля, усе адрамантаваныя дамы знаходзяцца ў Івацэвічах. Гэта значыць, што сёлета планы куды больш грандыёзныя – сем дамоў замест трох леташніх.
– Некаторыя жыльцы лічаць, што капрамонт мае на ўвазе і пэўны рамонт у іх кватэрах – гэта не так, – падкрэслівае Міхаіл Балбуцкі. – Мы наводзім парадак толькі ў месцах агульнага карыстання. Акрамя таго, трэба разумець, што капрамонт праводзяць не для паляпшэння функцыянальнасці будынка, а для падтрымання яго ў нармальным стане.
Усяго ў раёне ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» абслугоўвае 226 дамоў, у тым ліку толькі ў Івацэвічах – 110 шматпавярховак. Многім дамам дастаткова доўга прыходзіцца чакаць капітальнага рамонту – і гэта не навіна. Па нарматывах, калі будынак эксплуатуецца больш за 25 гадоў, тэарэтычна яму ўжо патрабуецца капрамонт. Толькі гэта не таннае задавальненне, сродкаў не хапае. Пры выбары дома, які возьмуць на капрамонт у бліжэйшы час, арыентуюцца і на яго
ўзрост, і на агульны стан. Тэхнічны стан ацэнь-
ваюць спецыялісты, праводзіцца экспертыза, пасля чаго выносіцца вердыкт – дому неадкладна патрэбны капрамонт. І тады камунальнікі бяруцца за справу.
У розных дамах – розныя праблемы. Калі казаць пра 18-кватэрны дом №9 па вул. Механізатараў у Івацэвічах, якому, дарэчы, 36 гадоў, то, па словах Міхаіла Балбуцкага, праблем з дахам у яго няма, затое з усім астатнім іх хапае. Тым не менш, там зробяць і дах, заменяць інжынерныя сеткі, на лесвічных пралётах паставяць новыя электрашчыткі і г. д. Другі івацэвіцкі дом, на Дэпутацкай, наадварот, мае праблемы з дахам – ён працякае. А што не так з тым домам, што па вул. Клютко? Галоўны інжынер кажа коратка: ён стары, дому 43 гады. А калі стары, значыць, процьма пытанняў. Трэба сказаць, што многа пытанняў камунальнікі стараюцца закрываць падчас бягучых рамонтаў. Дамы не маладзеюць, і клопату з кожным годам усё больш…
Жыццё не стаіць на месцы, удасканальваюцца тэхналогіі, з’яўляюцца новыя будаўнічыя матэрыялы – больш даўгавечныя, эфектыўныя. Ці выкарыстоўваюцца яны падчас капітальных рамонтаў, каб працягнуць час службы тых жа інжынерных сетак і іншага? Металічная труба ці поліпрапілен, чыгунныя ці стальныя батарэі? чаму аддаецца перавага, спыталі ў Міхаіла Балбуцкага.
– Поліпрапілен для водаправода – і ўжо некалькі гадоў, – адказаў ён. – Батарэі не мяняем, бо яны ў кватэрах, а кватэры – прыватная маёмасць. Вокны ў месцах агульнага карыстання ставім пластыкавыя, а не драўляныя, як раней. Для плоскага даху выкарыстоўваецца «поликров» замест руберойду, і робім так даўным-даўно…
А што наконт энергаэфектыўных тэхналогій? Вось тут цікава. Уцяпленне дамоў за кошт рэспубліканскага бюджэту падчас капітальных рамонтаў ужо не праводзіцца, але Указам Прэзідэн-
та Рэспублікі Беларусь №327 «Аб паляпшэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў», які быў падпісаны ў 2019 годзе, уласнікі сумесных домаўладанняў могуць прыняць долевы ўдзел у фінансаванні мерапрыемстваў па зніжэнні спажывання цеплавой энергіі ў іх доме. Іншымі словамі, яны могуць атрымаць пазыку ад дзяржавы на ўцяпленне іх агульнага дома. А потым, калі яго энергаэфектыўнасць павысіцца (напрыклад, калі дом, умоўна кажучы, спажываў 30 Гкал, а стаў спажываць 20 Гкал), частку пазычаных сродкаў спішуць, а астатнія жыльцы выплацяць у растэрміноўку, растлумачыў Міхаіл Балбуцкі. Калі вы жадаеце ўцяпліць свой дом, звярніце ўвагу на гэтую магчымасць.
Мы назвалі адрасы трох дамоў у Івацэвічах, дзе ўжо вядзецца капітальны рамонт. А вось інфармацыя па астатніх населеных пунктах. У Косаве капітальны рамонт плануецца ў доме па вул. Я. Купалы, 7/2, у Целяханах – па вул. 17 Верасня, 33Б, у Вульцы-Аброўскай – па вул. Савецкая, 9 і ў п. Зялёны Бор – па вул. Цэнтральная, 8.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ,
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).