Цэнтральная раённая бібліятэка ім. П. Пестрака ў Івацэвічах прапаноўвае зручную паслугу – дастаўку кніг на дом

Як паведамілі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы ім. П. Пестрака, усё большую папулярнасць сярод чытачоў набірае зручная паслуга – дастаўка кніг на дом. Для таго, каб замовіць кнігу, трэба патэлефанаваць у бібліятэку і паведаміць, які аўтар ці твор вам патрэбны.
– Дастаўляем як кнігі для дарослых, так і для дзяцей. Паслуга платная – 15 кап. Бясплатна абслугоўваюцца ветэраны ВАВ, грамадзяне, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, інваліды 1, 2, 3 груп, нашы ганаровыя чытачы (з’яўляюцца чытачамі бібліятэкі 25-30 гадоў). Дарэчы, усе кнігі, якія вяртаюцца да нас пасля карыстання чытачамі, мы адпраўляем на «каранцін» – не менш за чатыры дні яны ляжаць, і мы іх не выдаем іншым чытачам. Пра навінкі, якія паступаюць у наш фонд, можна даведацца на нашым сайце, там жа ў электронным каталозе можна знайсці патрэбнага аўтара і твор. Калі яго няма ў наяўнасці ў нашай бібліятэцы, але кніга ёсць у іншай бібліятэцы ў раёне – яе перададуць, – расказала намеснік дырэктара ДУК «Івацэвіцкая бібліятэчная сетка» Аксана Місейка. – Мы рады кожнаму, хто, нягледзячы на эпідэміялагічную абстаноўку, працягвае наведваць бібліятэку, але просім нашых чытачоў карыстацца маскамі. У нас выконваюцца ўсе правілы прафілактыкі: у кожнай зале маецца антысептык, больш за трох наведвальнікаў у зале не знаходзіцца, каб выконваць меры сацыяльнага дыстанцыравання, у чытальных залах мы расса-
джваем наведвальнікаў на 1,5-2 метры. Усе нашыя супрацоўнікі носяць маскі. З усімі неабходным мерамі засцярогі працуе і бібліятэкар бібліябуса.
Як расказала бібліятэкар Антаніна Саявец, сітуацыя з COVID-19 не паўплывала на колькасць чытачоў, людзі па-ранейшаму прыходзяць па кнігі, але выконваюць простыя правілы прафілактыкі. Асноўныя наведвальнікі – пенсіянеры, але моладзь таксама заглядвае сюды, бацькі прыходзяць самі і прыводзяць дзяцей.
– Для кожнага мы знаходзім сваю кнігу, ужо ведаем, які жанр выбіраюць нашы чытачы. Попытам карыстаюцца Барыс Акунін, Стывен Кінг, Людміла Уліцкая, Дзіна Рубіна. Пасля таго, як выйшаў серыял «Зулейха адкрывае вочы», сталі браць Гузель Яхіну. З беларускіх аўтараў – Людміла Рублеўская, Святлана Алексіевіч, Васіль Быкаў. Вялікай папулярнасцю карыстаецца мясцовы аўтар Валеры Гапееў. Яго «Праклён» вандруе з рук у рукі, «Пазл» таксама, некаторыя чакаюць чаргу, каб прачытаць, – расказала Антаніна Саявец.
Як бачна, нягледзячы на няпростую эпідэміялагічную абстаноўку, бібліятэкі працягваюць сваю работу, паспяхова вядуць дыялог са сваімі чытачамі і выходзяць у анлайн-прастору.
Ганна Ільяшэвіч.