Жыхар аг. Быцень украў веласіпед з… двума дзясяткамі яек

Жыхарка Быцені прыехала на веласіпедзе да магазіна «Чабарок», што знаходзіцца на вуліцы Кастрычніцкай гэтага населенага пункта. Свой транспартны сродак з рэчамі пакінула каля гандлёвай кропкі, прышпільваць не стала. Гэтым скарыстаўся злодзей, які хуценька «асядлаў» веласіпед і з’ехаў. На рулі веласіпеда знаходзілася сумка, а ў ёй два дзясяткі яек, камплект бялізны, жаночы халат, цюль…
Злодзей – ім аказаўся мясцовы мужчына – устаноўлены і затрыманы.
Мне застаецца дадаць, што ў бягучым годзе вышэйзгаданы выпадак крадзяжу веласіпеда – восьмы па ліку. Зноў завастру ўвагу: ужо некалькі гадоў запар не рэгіструюцца выпадкі крадзяжоў прышпіленых веласіпедаў, крадуць выключна тыя, якія «ў свабодным доступе». Ці не прыйшоў час з гэтага ўсяго зрабіць належны вывад? Дарэчы, супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС на днях правялі рэйд-праверку шматпавярховак у Івацэвічах – на вул. Леніна, Шаўчэнкі, Савецкай… Зафіксавана 15 выпадкаў захоўвання веласіпедаў і дзіцячых калясак (яны таксама ў апошнія гады «зацікавілі» злодзея) на лесвічных пляцоўках, дзе іх пакідаць забаронена. Не выключана, што ў адносінах да гаспадароў будуць складзены пратаколы. Таму прашу з разуменнем ставіцца да захоўвання веласіпедаў і дзіцячых калясак, тым болей, далёка не заўсёды раскрываюцца такія злачынствы.
Яўген МІХНЮК, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС.