Старыя рэчы могуць знайсці новага гаспадара. Куды падзець тое, што ўжо не носіцца?

…Неяк накіравалася ў госці ў шматпавярхоўку, іду і здалёк бачу – дворнік падмятае смеццевую пляцоўку вакол скрынь. На адной зачыненай скрыні стаялі цацкі: лялечная каляска і некалькі лялек. Хоць і не новых, але ў добрым стане. Міжволі ўспамінаю, што ў сваім дзяцінстве аб такіх ляльках толькі марылася. Хто мог развітацца з такім скарбам? Мо, тая дзяўчынка і не хацела выкідваць свае лялькі, а мама ўгаварыла, што іх забяруць дзеткам са шматдзетнай сям’і, што ім яны больш трэба… Але ў гэты момант дворнік з мятлой схапіла тыя лялькі і кінула іх у скрыню са смеццем. У мяне сціснулася сэрца – нядобра дабро выкідаць, неяк не па-людску. Відаць,  былыя гаспадары разлічвалі на тое, што хтосьці іх забярэ, бо не ўкінулі іх самі, а акуратна паставілі, падсцяліўшы пакет, каб не забрудзіліся… А сапраўды, што рабіць з дабром, з якога выраслі дзеці, ці якое стала непатрэбным дарослым, а выкінуць шкада?

ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН»

Івацэвіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва мае салон «Міласэрнасць», у якім на стэлажах і вешалках раскладзены і развешаны рэчы з гуманітарнай дапамогі, якая паступае з-за мяжы. Ёсць нават прымерачная.

– Па дапамогу да нас звяртаюцца сацыяльна неабароненыя катэгорыі грамадзян. Гэта інваліды першай і другой групы, шматдзетныя і няпоўныя сем’і, калі іх даходы не перавышаюць бюджэту пражытачнага мінімуму на чалавека, сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане, тыя, хто вярнуўся з месцаў зняволення… Яны маюць права атрымаць гуманітарную дапамогу адзін раз у паўгоддзе, – тлумачыць Анастасія Струнеўская, спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН».

– Анастасія Сяргееўна, скажыце, многія звяртаюцца і ў якім аб’ёме атрымліваюць дапамогу?

– За мінулы год было 248 зваротаў, сёлета звярнулася 50 чалавек. Дапамога аказваецца ў разліку 10 кілаграмаў на чалавека, калі сям’я шматдзетная, то 10 кілаграмаў на кожнага члена сям’і. Гэта могуць быць рэчы з адзення, абутку, цацкі, пасцельныя прыналежнасці…

– Жыхарам райцэнтра ці раёна можна аддаць у гэты салон паношаныя, але ў добрым стане рэчы?

– Жыхары раёна часта звяртаюцца да нас, каб аддаць рэчы, у тым ліку дзіцячыя. І хачу абнадзеіць жадаючых – у  нас дзейнічае пастаянная акцыя «З рук у рукі». Сама назва акцыі гаворыць аб тым, што такія рэчы ў нас не захоўваюцца. Мы выступаем у ролі пасрэднікаў. Калі чалавек прыносіць рэчы, то мы складаем акт прыёмкі і актам здачы перадаём іх таму, хто звяртаецца па дапамогу.

– Ёсць патрабаванні да рэчаў, якія хочуць аддаць?

– Каб былі цэлыя, чыстыя, мелі дагледжаны выгляд. Найбольшы наплыў жадаючых пазбавіцца ад старых рэчаў пад Вялікдзень. Прывозяць і прыносяць пакетамі, каробкамі.

– І ўсё забіраюць?

– Інтарэсы не заўсёды супадаюць, нават калі па памеры рэчы адпавядаюць. Сёння складана дагадзіць людзям. Іншы раз выказваюць незадаволенасць, але ж вельмі складана, каб усё зышлося, як у аптэцы. Мы і самі вельмі радуемся, калі атрымліваецца дапамагчы, калі забіраюць рэчы і застаюцца імі задаволеныя.

– Якія рэчы найбольш запатрабаваны?

– Больш за ўсё людзі пытаюць пасцельную бялізну. Яна заўсёды запатрабавана, калі ў сям’і ёсць ляжачы хворы.  Для мужчын часта пытаюць спартыўныя касцюмы, майкі, але такога асартыменту рэчаў прапануюць няшмат. У асноўным людзі хочуць аддаць калі мужчынскае, то касцюмы, пінжакі, гальштукі, рубашкі, шмат прапануюць святочнага, выйшаўшага з моды жаночага адзення, дзіцячага, але найбольш для самых маленькіх. Людзям больш трэба практычнага адзення, паўсядзённага.

– А бываюць выпадкі, калі людзі звяртаюцца да вас па адрасы шматдзетных сем’яў, ці тых, хто аказваецца ў сацыяльна небяспечным стане, каб напрамую аказаць дапамогу?

Мы не маем права даваць прыватным асобам адрасы. Калі ведаеце такую сям’ю, можаце звярнуцца асабіста без нашага ўдзелу. Гэтага ніхто не забараняе. Быў у нас выпадак перад 1 верасня, калі царква «Благадаць» хацела аказаць дапамогу шматдзетным, каб самім яе развезці. Яны звярнуліся афіцыйна і развезлі дапамогу па хатах.

 

Раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа

– Пастаянна звяртаюцца да нас як тыя, хто хоча аддаць, так і тыя, хто мае патрэбу ў рэчах: маламаёмасныя, шматдзетныя, інваліды, тыя, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі. І рэчы ў нас не залежваюцца, бо аддаюць часта новае, або вельмі дабротнае. Перадаюць канцтавары, цацкі, прадметы гігіены, прадукты, дэзсродкі. Бывае, аддаюць дзіцячыя каляскі, дзіцячыя ложкі, посуд… – расказвае старшыня раённай арганізацыі  Жанна Каспяровіч. – Многія, скажам так, нашы  пастаянныя спонсары. Усе рэчы, якія паступаюць, запісваюцца ў журнал. Іншы раз, калі мяне няма на месцы, пакідаюць рэчы на стале перад дзвярыма. Летась ахвяравалі новыя рэчы, і мы іх перадалі дзецям у Целяханскую школу-інтэрнат. Перадаём і ў дамы-інтэрнаты для састарэлых.

– Многа чалавек звяртаецца па дапамогу?

– Летась звярнулася 174 чалавекі, сёлета 50. З красавіка ў сувязі з каранавірусам работа прыпынена, але адзначу, што патрэба ў рэчах ёсць. Сацыяльныя педагогі школ з намі цесна працуюць, то дзецям з праблемных сем’яў аказваем дапамогу. Некаторыя маламаёмасныя, шматдзетныя ці інваліды звяртаюцца па дапамогу штогод, і я іх ведаю ўжо ў твар. Гуманітарную дапамогу можам аказваць раз у год і да 10 кілаграмаў. Усё, што паступае, праходзіць праз мае рукі. Пераглядваю, адбракоўваю. Але заўважу, што рэчы людзі прыносяць у значнай большасці добрыя, упакаваныя.

 

Храм іконы Божай Маці «Дзяржаўная»

– Перад Вялікаднем людзі часта прыносяць адзенне ў царкву. Іншы раз нічога не кажучы пакідаюць пакеты з рэчамі  ля дзвярэй. Прыносяць, каб мы аддалі адзінокім, маламаёмасным ці прыхаджанам, у якіх многа дзяцей, унукаў. Як правіла, гэта адзенне для бабуль, але бывае і посуд, хусткі, абутак, дзіцячае адзенне… Стараемся прынесенае аддаваць адразу, многа раздаём, але іншы раз застаецца.  Калі жадаючых не знаходзіцца, то выкарыстоўваем, штосьці на рабочае адзенне, калі трэба даць што чалавеку накінуць, калі ён прыйшоў папрацаваць для царквы. Хусткі перамываем і складваем у каробку – хто ў храм прыйшоў без хусткі ці забыў узяць на час наведавання, то можа ўзяць накінуць на галаву, а потым пакласці на месца. Калі адрэзы тканіны прыносяць, то шыем спадніцы-фартухі, каб таксама жанчыны маглі накінуць, калі хочацца зайсці ў храм, а на ёй штаны,– расказвае Вольга Якубеня, якая з’яўляецца старшай паслушніцай пры храме. – Але ўсялякія сітуацыі бываюць у жыцці. Іншы раз і пагарэльцы, цыганы  звяртаюцца. Дапамагаем.

Валянціна БОБРЫК.