На базе сярэдняй школы №4 г. Івацэвічы дзейнічае аздараўленчы лагер “Жамчужынка”

Пасля напружанага навучальнага года дзеці атрымаюць тут добры зарад бадзёрасці, цудоўны настрой і мноства станоўчых эмоцый. Пачалася  чарговая змена пад назвай «18 ключоў ад лабірынта Жамчужнай краіны» ў рамках рэалізацыі рэспубліканскай акцыі «Лета на здароўе» працягласцю ў  18 дзён, напоўненая звонкімі дзіцячымі галасамі і безліччу карысных спраў. Летнік магнітам прыцягвае школьнікаў, бо тут ведаюць іх самыя патаемныя жаданні. «Жамчужнае» жыццё цалкам падпарадкавана інтарэсам дзяцей, іх зручнасці і бяспецы. З выхаванцамі штодзень – таленавітыя і апантаныя сваёй справай педагогі, якія вядуць хлопчыкаў і дзяўчынак сцяжынкамі дабрыні, запальваюць у іх агеньчык цікаўнасці і веры ў сябе. Дзякуючы іх задумкам, арганізатарскім здольнасцям, ініцыятыве, індывідуальнаму падыходу да кожнага выхаванца, рабяты з інтарэсам удзельнічаюць у разнастайных конкурсах і спаборніцтвах. Новыя знаёмствы, чарговыя прыгоды, мноства і толькі прыемных сюрпрызаў, віктарыны, гульні, падарожжы, дыскатэкі, інтэлектуальныя марафоны  і шмат чаго іншага пазнавальнага і забаўляльнага – такой абяцае быць  гэта змена.

Кожны дзень у лагеры тэматычны – кропка на карце лабірынту: «Лабірынт Дабраты», «Лабірынт Бяспекі», «Лабірынт Малой Радзімы», «Лабірынт Мужнасці» і іншыя. Кожны дзень у лагеры пачынаецца з атрымання згубленага ключа ад дакладнай якасці чалавека, каб выйсці з лабірынту. А для гэтага трэба здзейсніць як мага болей добрых спраў. Арганізатары адпачынку настолькі дасканала і крэатыўна прадумалі план работы, што кожны дзень для рабят праходзіць насычана, а таму і цікава. Важна, што пакуль бацькі на рабоце, яны могуць быць спакойнымі і ўпэўненымі – іх дзеці пад надзейнай аховай і клопатам, заняты і накормлены. Пра ўмацаванне здароўя дзяцей клапоціцца медсястра Аксана Анатольеўна Ткач. Трохразовае харчаванне адпачываючым забяспечваюць работнікі сталовай.

Падрабязнасці чытайце ў бліжэйшым нумары “ІВ”.