«Чысціў» толькі «Востраў чысціні»

Супрацоўнікамі Івацэвіцкага РАУС затрыманы 36-гадовы жыхар Баранавічаў, які наведаўся ў нашы Івацэвічы і здзейсніў два крадзяжы – абодва з двух магазінаў «Востраў чысціні».
У першым, што знаходзіцца на вул. Дэпутацкая, ён украў гарэлачныя вырабы, у другім (завулак Паштовы) – касметыку.
У абодвух выпадках злодзей непрыкметна пакідаў гандлёвую залу, але прадаўцы пасля прагляду сістэм відэаназірання ўпэўніваліся ў крадзяжы і выклікалі міліцыю. Гэта здаецца неверагодным, але папярэдні такі ж дробны крадзеж гэты мужчына здзейсніў у Баранавічах – з магазіна… «Востраў чысціні». Чаму яго «замкнула» толькі на гэтых магазінах – незразумела. Хаця, трэба адзначыць, што ў поле зроку праваахоўных органаў ён раней трапляў неаднаразова, а цяпер у адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа.