Пачаўся рамонт участка аўтадарогі Краглевічы-Коланск

Неўзабаве тут з’явіцца асфальт.

Участак аўтадарогі паміж Краглевічамі і Коланскам даўно чакаў асфальтавання – і амаль дачакаўся: плануецца, што ўдасканаленае пакрыццё замест старога, жвіровага, з’явіцца тут у жніўні, але бягучы рамонт ужо распачаты. За выключэннем гэтага ўчастка даўжынёю 2 км 750 м, дарога Святая Воля – Амяльная – Краглевічы цалкам асфальтаваная. Наспела неабходнасць навесці тут поўны парадак, і робіцца гэта Івацэвіцкім ДРБУ-178, падрадчыкам аб’екта.

Рамонт распачалі ў маі. Зараз ідуць падрыхтоўчыя работы, робіцца падсыпка землянога палатна. Адзін за адным сюды пад’язджаюць МАЗы, каб высыпаць чарговую партыю пяску, раўняе пясок грэйдар, а дарожны каток укатвае яго. Дажджы, якія ішлі апошнім часам, надакучылі нам, але саслужылі добрую службу дарожнікам – дапамаглі ўшчыльніць земпалатно. Наступны этап рамонту – будаўніцтва аснавання дарогі з прымяненнем шчэбню і жвіровых сумесей, і нарэшце – устройства асфальтабетоннага пакрыцця. Тут будзе выкарыстаны не прывычны «гарачы» асфальт, а халодныя сумесі, якія вырабляе само прадпрыемства-падрадчык з дапамогай спецыяльнай устаноўкі. Такі асфальт больш танны – эканомія складае 5-10 працэнтаў.
Тэхналогія прымяняецца з 2006 года і за гэты час даказала сваю эфектыўнасць і шэраг пераваг. Халодны асфальт – па сутнасці, гэта звычайная асфальтабетонная сумесь, злучальны элемент у якой – не бітум, а эмульсія. Такія сумесі можна вазіць на вялікія адлегласці, у той час, як гарачы асфальт не павінен астыць да моманту кладкі, далёка яго не павязеш.
– Кошт рамонту гэтага аб’екта – 821 тыс. руб., – расказвае начальнік філіяла «Івацэвіцкае ДРБУ-178» Мікалай Лакішык. – І ён мог бы быць больш значны, калі б каштарыс рабілі не самі, як цяпер нам дазволена, а заказвалі б праект. А так рамонт аб’екта патаннеў на 200-250 тыс. руб. Два з паловай кіламетры – гэта толькі для абывацеля малая адлегласць, для дарожнікаў гэта вялікі ўчастак работ. За год, як правіла, мы ўдасканальваем пакрыццё на 1,5-2,5 км дарог – пераводзім яго са жвіровага ў асфальтабетоннае. Гэта дарагое задавальненне. Стары асфальт разбураецца, і для нас больш важна адрамантаваць яго.
Тым не менш, нягледзячы на значныя затраты і ў такі няпросты год, дарога робіцца, і гэта будзе добрая дарога.
Усяго ж ДРБУ-178 абслугоўвае 444 км дарог мясцовага значэння і 257 км вуліц у межах раёна. Сёлета на бягучы рамон прадпрыемству выдзелена 5 млн руб. Планы былі грандыёзныя, і размова ішла пра больш значныя сумы, заказы, але цяпер трэба жыць з папраўкай на пандэмію – фінансаванне ўразаецца. Таму сказаць дакладна, якія іменна работы будуць зроблены
ДРБУ-178 у раёне да канца 2020 года, пакуль цяжка. Адназначна будзе рабіцца павярхоўная апрацоўка і рамонт пакрыццяў аўтадарог, будзе ўмацоўвацца асфальт. Але калектыў ДРБУ-178 упэўнены, што сітуацыя стабілізуецца, і разлічвае на выкананне першапачатковых планаў.


Вольга ШЭЛЯГОВІЧ,
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).