Як каранавірус разлучае сем’і. Гісторыі пар, вымушаных жыць паасобку падчас пандэміі

Закрыццё граніц, адмена авіязносін і спыненне працы консульстваў – гэтыя меры, уведзеныя многімі краінамі для барацьбы з распаўсюджваннем COVID-19, разлучылі не адну сям’ю.
Хтосьці з тых, каго пандэмія заспела ў паездцы, цяпер спрабуе любымі спосабамі ўз’яднацца з блізкімі, іншыя адразу вырашылі перажываць вірус паасобку, каб не падвяргаць сябе дадатковай рызыцы, звязаных з падарожжамі. Мы пагутарылі з дзвюма жыхаркамі Івацэвіцкага раёна, якія часова апынуліся ў розных краінах са сваімі другімі палавінкамі, і высветлілі, як расстанне адбілася на іх адносінах.
Юлія родам з аг. Быцень Івацэвіцкага раёна, але апошнія гады жыла ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, дзе выйшла замуж. Яе муж родам з Сірыі, ужо больш за 10 гадоў жыве і працуе ў Эміратах. У сям’і двое дзяцей. У сувязі з іх нараджэннем Юлія вярнулася на радзіму і некаторы час знаходзілася ў Беларусі. І калі Юлія падала дакументы на візы для сябе і дзяцей, каранавірус атрымаў шырокае распаўсю-
джанне ў свеце.
– Станавілася ясна, што паездка, можа сарвацца, таму мы «прытармазілі» з усімі працэсамі і вырашылі чакаць, паглядзець, як будуць разварочвацца падзеі далей. І калі нашы візы былі гатовыя, урад Эміратаў «зачыніў» краіну, усе візы былі ануліраваны, – расказала Юлія. – Атрымалася, што каранавірус забраў шанец на ўз’яднанне нашай сям’і. Мы былі ў шоку, да апошняга не верылі, што ў сучасным свеце ўвогуле магчыма такая эпідэмія. Канешне, цяпер эмоцыі сціхлі, і мы разумеем, што эпідэмія не вечная і ўсё рана ці позна стане на свае месцы. Таму асаблівай трагедыі з гэтага не робім. Калі ёсць пачуцці, то любыя выпрабаванні можна з годнасцю прайсці. Тым больш, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць быць на сувязі 24/7. Мы выкарыстоўваем мэсэнджары для паведамленняў, дакументаў і для відэа-званкоў. Напрыклад, сын, якому больш за 3 гады, калі хоча пагаварыць з татам, тэлефануе яму ў Інстаграме. Канешне, ніякія сучасныя тэхналогіі не могуць замяніць цеплыню жывых чалавечых зносін, але мы застаёмся аптымістамі і верым, што хутка ўбачым нашага тату ўжо асабіста.
Надзея, ураджэнка г. Івацэвічы, таксама вымушана перажываць разлуку з мужам, які застаўся ў Эміратах. Надзея апошнія гады працавала ў Эміратах, а ў Беларусь у пачатку сакавіка прыехала, каб адсвяткаваць татаў 60-гадовы юбілей і вырашыць некаторыя асабістыя пытанні. Тады яшчэ ўсе межы былі адкрытыя, каранціну не было, і Надзея планавала застацца ў Беларусі на два тыдні. Але лёс распарадзіўся іначай, і яе падарожжа на Радзіму расцягнулася ўжо на тры месяцы.
– Гэта цяжка для мяне, гэта самае працяглае наша расстанне, бо ў іншы час мы заўсёды разам. Ён застаўся там адзін з катом, а я тут. У Эміратах даволі жорсткі каранцін, таму муж шмат часу право-дзіць дома, офіс таксама наведвае, але зводзіць да мінімуму час знаходжання там, – расказала Надзея. – Я думала, што гэта ўсё працягнецца тыдні два, максімум у канцы красавіка я ўжо буду ў Эміратах. Але стала зразумела, што гэта нерэальна. Сталі шукаць праграмы, якія змаглі б хоць на крышачку замяніць рэальныя стасункі, сутыкнуліся з праблемай – напрыклад, у Арабскіх Эміратах відэазванкі ў Вайбер і Вацап забаронены, прыйшлося шукаць адпаведную, са зручным функцыяналам. Па
праўдзе кажучы, не так страшна расстанне, як невядомасць таго, колькі яшчэ гэта працягнецца. Калі б мне сказалі, што 1 ліпеня межы адкрыюцца і ты зможаш паляцець да мужа, для мяне б гэта чаканне праляцела б імгненна. Маральна вымотвае невядомасць. І пакуль мы не ведалі, калі адкрыюцца Эміраты, мне прыходзіцца проста чакаць і спадзявацца.
Я нават пачала шукаць плюсы ў сітуацыі, што склалася. Ужо 5 гадоў я працую ў Эміратах, прыяз-джаю на Радзіму раз у год ненадоўга і вельмі сумую па сваіх родных і сябрах. А цяпер у мяне ёсць магчымасць пабыць разам з імі. Гэта бясцэнна! Тым больш, жыццё ў Эміратах хуткае, поўнае перажыванняў і стрэсаў. А ў гэты час я змагла запаволіцца, набрацца сіл, пабыць сам-насам з сабой і прыродай. І стала больш па-філасофску адносіцца да гэтай сітуацыі. Усё праходзіць, пройдзе і гэта…
Ганна Ільяшэвіч.