Паэтка з Івацэвіч Алена Наскова выдала першы зборнік паэзіі «Дай мне крылы».

Алена Наскова, вядомая ў нашым раёне (і за яго межамі) паэтка, медыцынскі работнік нашай Івацэвіцкай ЦРБ, выдала першы зборнік паэзіі «Дай мне крылы».

Не ведаю, як хто, а я веру ў сімвалічнасць. І тут бачу яе: у часы неверагоднага напружання ў рабоце ўсяго медыцынскага персаналу раённай бальніцы, у час трывогі і няўпэўненасці той самы медработнік прапануе нам сваю першую кнігу. Вершы.
Мы часта паўтараем, што лечаць не толькі лякарства, але і слова, і тым больш слова ўрача, медыцынскай сястры, санітаркі. Мы не проста верым, але ведаем, што ўсё мінаецца, і ўсякая навала рана ці позна закончыцца, і будзе зноў час, калі мы зможам сабрацца разам – цяпер на прэзентацыю першай кнігі паэткі.
Ведаю, што ў творчасці Алены Насковай шмат прыхільнікаў. Бо вершы яе – сама жаночая шчырасць. Вось што піша ў прадмове да зборніка Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі:
«У вершах Алены Насковай асаблівую ўвагу прыцягваюць светлае стаўленне да жыцця, шчырыя інтанацыі, жаданне сказаць пра самае патаемнае проста і яскрава. І там, дзе ёсць горыч, абавязкова больш любові. У клопатах пра родных і блізкіх крылатая душа чэрпае сілы, мацнее, становіцца больш упэўненай і паднімаецца ўвысь, каб сагрэць сваім цяплом гэты свет – такі далікатны, празрысты і бязмежна Велічны.
Алена Наскова нанова і абвострана ўспамінае сваё дзяцінства: знаёмыя пахі, гукі, сходжаныя сцежкі, маляўнічыя мястэчкі, утульнасць бацькоўскага дома. Радкі поўняцца любоўю да роднай зямлі. Мілы сэрцу край, любоў да дзяцей, блізкіх становяцца паняццямі непадзельнымі, і здабыццё ісціны ў вершах не раптоўнае. На звышадкрыцці Алена не прэтэндуе, ясна паказваючы, што шлях да гармоніі даўно вядомы, галоўнае – быць верным сваім пачуццям і памкненням.
Васільковы позірк,
шчырая ўсмешка.
І бяжыць дзяўчынка
па знаёмай сцежцы.
Асалодай вабяць
спелыя суніцы,
У азёрных хвалях
сонейка іскрыцца.
І бліжэй да сэрца мне
мая Радзіма.
І квітнее край мой
пад крылом бусліным!
Пераклічка з Яўгеніяй Янішчыц «Ты пакліч мяне…» – непераадольнае жаданне выратаваць жаночае шчасце ад знешняга драматызму, не страціць каханне ў хітраспляценнях лёсу, і выстаяць, і перамагчы, не паддаўшыся адчаю, болю, падману».
Практычна ўсе вершы зборніка друкаваліся на старонках нашай раённай газеты. Нам прыемна і гэта, і тое, што мы непасрэдна спрычыніліся да выдання гэтай кнігі. Дзякуем і Брэсцкаму аддзяленню Саюза пісьменнікаў за дапамогу.
«Усё будзе добра – толькі не аднімай крылы» – скразіць думка ў вершах. І мы разумеем пад крыламі веру і на-дзею, мары і ўпэўненасць у тым, што светлае ў жыцці пераможа.
Віншуем Алену! І хай будуць з ёй яе крылы, што змогуць узняць над трывогамі і адчаем не адну душу.
Валерый Гапееў, фота аўтара.