Жыхар Косава збіў сужыцельку…вядром

У 2020 годзе ў нашым раёне ўзбуджаны дзве крымінальныя справы за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў
Супрацоўнікамі Івацэвіцкага РАУС праводзіцца праверка па факту бытавой бойкі, якая адбылася ў Косаве. Там паміж сужыцелямі – 42-гадовым мужчынам і 41-гадовай жанчынай – узнік канфлікт. Сварка перарасла ў бойку, у ходзе якой мужчына схапіў ацынкованае вядро і нанёс ім моцны ўдар па галаве сваёй сужыцельцы.
Здаецца, вядро не самы небяспечны прадмет, але калі на месца бойкі прыехалі міліцыянеры і медыкі, то ўпэўніліся ў адваротным: жанчына страціла многа крыві, якая чырванела на многіх прадметах у пакоі. Пацярпелая трапіла на бальнічны ложак, не выключана ўзбуджэнне крымінальнай справы ў адносінах да сужыцеля. Дарэчы, у бягучым годзе ў нашым раёне ўзбуджаны дзве крымінальныя справы за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў у сямейна-бытавой сферы. На жаль, у многіх сем’ях пануе не любоў, а нянавісць, і калі пры гэтым спажываецца спіртное, то чакаць бяды доўга не прыходзіцца.

Яўген МІХНЮК,
начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС.