За летні перыяд работнікі Івацэвіцкай ЖКГ плануюць замяніць каля 3 000 метраў трубаправодаў цеплавых сетак на перадызаляцыйную трубу

Гэтая работа праводзіцца штогод, на сённяшні дзень каля 86 працэнтаў трубаправодаў у нашым раёне прайшлі такую замену.
Яна завершана ў філіяле «Целяханскі» прадпрыемства і практычна ва ўсіх населеных пунктах раёна.
Асноўная работа цяпер праводзіцца ў Івацэвічах.
Як паведамляе Аляксандр Рабаў, начальнік цэха кацельнай гаспадаркі ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ», да пачатку новага ацяпляльнага сезона будуць заменены трубаправоды на вул. Чкалава, 60 год Кастрычніка, Паўночная, Дэпутацкая, Чарткова райцэнтра. Работы закрануць і трубаправоды ў Югаліне (каля 500 метраў) і Зялёным Бары (416 метраў). Але асноўны аб’ём – гэта Івацэвічы; тут, па вялікім рахунку, і працаваць цяжэй, бо прыходзіцца выкарыстоўваць трубы буйнога дыяметра і, адпаведна, прымяняць спецтэхніку. Да таго ж часта прыходзіцца перасякацца з іншымі камунікацыямі, асфальт дадайце. Як кажуць, не разгонішся, але гэтыя 3 000 метраў камунальнікі за лета заменяць.
Звычайна летам право-дзіцца значная работа і на кацельнях, у бягучым годзе гэта будзе выключна прафілактычная работа – прамыўка катлоў і цеплаабменнікаў, рамонт абсталявання. Сур’ёзных пашкоджанняў не назіраецца, дзеючыя вузлы і агрэгаты здольныя адпрацаваць як мінімум яшчэ адзін ацяпляльны сезон.
Аляксандр ГОРБАЧ,
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).