Фельчар Выганашчанскага ФАПа Любоў Алёх – пра тое, што яе натхняе, выратоўвае, турбуе

Яе завуць Любоў – і гэта той выпадак, калі жанчыне надта пасуе імя. Хуткая, гаваркая, не скупая на ўсмешкі, здаецца, для кожнага ў яе знойдзецца добрае слова і падыход. Яна кажа пра сябе – багатая, бо маю тры сям’і – акрамя сваёй, яшчэ Выганашчы і Бабровічы, а гэта ні многа ні мала – каля 500 чалавек.

Між тым сама яна сірата з 13 гадоў – у такім узросце страціла маму. І ў медыцыну прыйшла, каб выканаць яе апошнюю волю: маці казала, вось вывучышся на доктара і мяне выратуеш… Толькі ва ўніверсітэт Люба, ураджэнка вёскі Гарадная Столінскага раёна, вырашыла не паступаць, хоць і школу скончыла з медалём. Ведала: няма каму яе вучыць шэсць гадоў, і так даводзілася няпроста: гаспадарка, двое малодшых братоў – і ўсё на яе рукі. У Пінскім медвучылішчы вывучылася на фельчара і прыехала працаваць у Выганашчы, было тое ў 2002 годзе. Заставацца тут не планавала – неяк не верылася, што яна са сваёй шпаркасцю зможа прыкіпець да аднаго месца. Але тут сустрэўся ёй добры хлопец, Павел, які пасля стаў для яе мужам, бацькам дваіх яе цудоўных дзяцей – дачкі Ксеніі і сына Германа. Разам яны перабудавалі старую хатку ў годны дом і слывуць гаспадарамі на ўсю вёску. Дом, агарод, лазня – усё будавалі разам, «ні адзін цвік не забіты без майго ўдзелу», кажа гаспадыня. Іх падвор’е двойчы адзначалася як лепшае ў раёне па навагоднім афармленні. «Агеньчыкі… Здаецца, гэта для дзяцей. Але ж мы таксама дзеці, і ствараем свята для сябе і для іншых», – кажа Любоў Рыгораўна, якая, дарэчы, стварае свята для вяскоўцаў і тады, калі вядзе канцэрты ці спявае на іх разам з дачкой.

Фельчар- энерджайзер
Пра дзяцінства сваё яна расказваць не любіць – сумны перыяд жыцця. А смутак – гэта не пра яе. «Трэба, каб чалавек ад тваіх слоў усміхнуўся, а не заплакаў», – так яна разважае. І дзякуючы свайму прыроднаму аптымізму, яна фельчар з вялікай літары, бо лечыць не толькі лекамі, але і словам. І псіхолаг яна неблагі. І чалавек з добрым пачуццём гумару. І такі энерджайзер (ёсць такая батарэйка) – яе перапаўняе энергія.
Дзень яе пачынаецца з кавы – нізкі ціск. А далей – ці на працу ў фельчарска-акушэрскі пункт (да 2014 года ён месціўся ў асобным будынку, цяпер – у будынку былога сельвыканкама), ці ў Целяханскую бальніцу, дзе ў аўторак і чацвер падпрацоўвае яшчэ і медсястрой на прыёме ва ўрача агульнай практыкі – прыйшла на выручку калегам. У ФАПе яна штодзень выконвае работу, даведзеную за 18 гадоў да аўтаматызму, – ад вымярэння ціску да працэдур. Пад рукой заўсёды чорны маркер, якім піша дазіроўку на кожнай упакоўцы перад тым, як прадаць лекі (а іх, дарэчы, тут поўная шафа). Крыху крыўдуе медработнік на асобных людзей, якія назначэнні ўрача перайначваць на свой лад і прымаюць таблеткі, як ім уздумаецца – і ад лячэння няма жаданага эфекту. А за эфект Любоў Рыгораўна надта перажывае. І так яна сябе паставіла, што ў Выганашчах ведаюць: не абавязкова ехаць да доктара, бо наша Люба таксама многае можа. Пажылыя людзі з хранічнымі хваробамі надта ўдзячныя фельчару, што тая выпісвае ім лекі ва ўрачоў, ім не трэба ехаць у Целяханы. Не тая абстаноўка цяпер, каб саста-рэлым гойсаць па бальніцах. А Люба і выпіша прэпараты, і купіць па рэцэпце, і дахаты прывязе – так кажуць. Ёй давяраюць. І дзякуюць праз газету. І мне не аднойчы казалі: напішыце пра нашу Любу.
А фельчар аддзякуе людзям павагай і ўвагай, хоць і прызнаецца: працаваць цяжка. На сувязі імкнецца быць заўсёды, рабочы дзень да 16.30, а дома ў лепшым выпадку ў сем вечара, і дзеці матулю мала бачаць. Бывае, нехта і крыўдуе – маўляў, трубку не адразу ўзяла ці яшчэ што. Але фельчар хоць і перажывае ў такім моманты, але ставіцца да іх па-філасофску: «Я – звычайны чалавек, такі ж, як і ўсе, не лепшы, не горшы. І крылаў за спінай не маю. Раблю, што магу. Хочаш, а не прыгнеш вышэй за галаву». І дадае: «Але ж я люблю гэтых людзей. Еду ў Бабровічы з дзвюма торбамі – і з хаты ў хату, з хаты ў хату да дзевяці вечара. Яны ж чакаюць сустрэчы, і кожнаму ёсць чым падзяліцца…»
Велізарны ўчастак работы – выезды па выкліках, і ў любога вопытнага фельчара набярэцца з дзясятак гісторый, якія запомніліся і добра ілюструюць гэтую прафесію. З усіх тых, што згадаліся, я выбрала тры.

Гісторыя павучальная
Было тое на досвітку яе працоўнага шляху, на другі ці трэці дзень пасля ўладкавання на работу. Прыйшла яна па выкліку – а ў хаце чалавек, проста сядзіць, рукі раскінуў у бакі. Падобна на інсульт. Што магла, зрабіла і пабегла выклікаць хуткую ў бліжэйшую хату з тэлефонам. А тэлефонаў тады было ці не з дзясятак на ўсю вёску. І вось запомнілася ёй, як яна бегла і пыталася ў людзей у чужой яшчэ вёсцы, а ёй усякі раз казалі «туды бяжы, туды бяжы»… І яна бегла, і бегла, і бегла… І думала, ці правільна яна аказала першую дапамогу, ці інсульт гэта ўвогуле.
Хуткая мужчыну забрала, сапраўды інсульт. Лёгка было на сэрцы ад таго, што дзейнічала правільна. Тады прыйшло ўсведамленне, што тэарэтычна, па кнігах, ратаваць чалавека проста, а ў жыцці ўсё па-іншаму. І ўзялася перачытваць канспекты, ужо разумеючы, што галоўнаму ўсё ж такі будзе вучыцца на практыцы.

Гісторыя загадкавая
Зазваніў у Любові Рыгораўны тэлефон, чуе, нехта крычыць у трубку: «Паміраю!». І гудкі. Па голасе пазнала, хто гэта, паляцела. Прыехала і бачыць: жанчыне сапраўды дрэнна, крычыць, учапілася рукамі сабе ў валасы. Памералі ціск – той пад 200, і пульс 120. Рука фельчара пацягнулася за ўколам, але нешта стрымала яе. Стала фельчар гладзіць жанчыну па руцэ, па галаве, супакойваць. І на табе – і пульс прыйшоў у норму, амаль нармалізаваўся ціск. І што гэта было з пацыенткай – не зразумела. А калі б Любоў Рыгораўна адразу кінулася ў бой з ціскам, паспяшыла, магла б жанчыне нашкодзіць.

Гісторыя гумарыстычная
Неяк сацработнік выклікала фельчара да аднаго дзядулі – падняўся ціск.
– Што здарылася, дзядуля? Галава баліць? – спытала Любоў Рыгораўна, зайшоўшы ў хату.
– Дык перхоць у мяне, дачушка. Я ўжо яе і шоулдэрсам, і па-ўсякаму… Замучыла. А галава заўжды баліць.
Збілі дзядулі ціск, і фельчар пытаецца, як самаадчуванне.
– Ды нічога, добра мне, але ж перхоць… Пройдзе?
– Ох, дзядуля, няхай у вашым жыцці не будзе большай праблемы, чым тая перхаць, а з гэтай разбяромся, – смеючыся, адказала фельчар.
Так яна і па жыцці ідзе – смеючыся. Смех з дзяцінства стаў яе абароннай рэакцыяй, ён яе выратоўваў. І калі хочаш, каб цябе не накрылі хваробы, найперш нельга паддавацца роспачы, тым больш без прычыны, кажа наша Любоў.

Быць неабыякавай  і трымаць тэмп
Розныя ёсць выпадкі, розная работа. Ёсць на вёсцы тыя, хто выпівае – тое не сакрэт. Імі трэба займацца – і фельчар займаецца з настойлівасцю, неабыякавая яна да чужой бяды. Ды і ўвогуле людзі хварэюць, у вёсках усё больш састарэлых, а дзе старасць, там і хваробы. Патрабуецца сёння ад фельчара і хуткасць (шмат выклікаў на дом), і ва ўсе часы – упэўненасць у сваіх дзеяннях. Тэмп Любоў Рыгораўна вытрымлівае. Некалькі гадоў таму пачала вадзіць аўто – і гэта значна палегчыла жыццё. Хоць былі часы, калі на выклікі круціла на ровары з торбамі, а то і з дзецьмі на багажніку. Але хоць і цяжка, хоць і прафесію гэтую сабе ў юнацтве ўяўляла па-іншаму, пра выбар свой у жыцці не шкадуе.
І так кажа: «Да гэтай пары кожны дзень перад сном пракручваю ў галаве кожны выклік і аналізую, ці ўсё я правільна зрабіла. Я ж разумею, што адказваю за жыццё, многае ад мяне залежыць, і памылка можа быць непапраўнай. Радасна, калі чалавеку дапамог, калі той выздаравеў. Тады іду па вёсцы і аж ззяю».
Любоў любіць актыўны і пазнавальны адпачынак, яна з сям’ёй шмат вандруе па Беларусі, бо хоча, каб дзеці ўбачылі розныя мясціны, прыслухаліся да сваіх адчуванняў, вызначыліся з тым, што ім цікава і дзе ім лепш – і выбралі сабе дарогу ў жыцці. І каб у іх таксама была падстава, каб ісці па вуліцы і ззяць ад адчування, што яны прыносяць карысць людзям сваёй справай, і каб знаходзіліся там, дзе павінны быць, – на сваім месцы.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ,
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).