Хуткая – авангард усёй медыцыны

Ва ўмовах пандэміі хуткая працуе ў больш напружаным рытме, не ўяўлялася, як мы зможам пагутарыць. Але загадчык аддзялення хуткай дапамогі Івацэвіцкай ЦРБ Аляксандр Гуліс з парога ўпэўніваў, што хуткая ва ўсе часы працуе аднолькава. «Незалежна ад таго, ідзе чума, ковід, халера, сібірская язва, мы працуем заўсёды аднолькава ў любой сітуацыі», – казаў Аляксандр Васільевіч.
Але хацелася дадаць: і заўсёды, як на перадавой.

– Небяспецы мы падвяргаемся некалькі разоў у дзень, – працягнуў Аляксандр Васільевіч. – Практычна, на ўсе выклікі едзем апранутыя ў ахоўныя касцюмы. Не ведаеш, што цябе чакае. І хоць дыспетчар распытвае ў кожнага пра сімптомы, пра кантакты і паездкі, усё роўна мы едзем
у невядомасць. Таму што па тэлефоне нельга дакладна паставіць дыягназ. Было такое: крывацёк стараўніка і ковід, грыжа і ковід, ціск і ковід… Таму нам трэба перастрахоўвацца ў разы больш, чым дактарам стацыянарных аддзяленняў.
Так, хуткая – сапраўды авангард усёй медыцыны, яна падвержана найбольшай небяспецы. Таму кантроль за сродкамі індывідуальнай абароны ў аддзяленні сур’ёзны.
– Думаю, што наша аддзяленне апранаецца лепш, чым усе ўзятыя аддзяленні райбальніцы разам, – казаў Аляксандр Васільевіч. – У нас для гэтага ёсць абсалютна ўсё. Любыя касцюмы, самыя дарагія і эфектыўныя маскі.
Словы падзякі гучалі з вуснаў загадчыка аддзялення і ў адрас шматлікіх спонсараў: раённай арганізацыі БСЖ, прафсаюзаў, прадстаўнікоў прыватнага бізнесу.
– Касцюмы, ваду перадаюць, малайцы. Іван Ладыга, дырэктар прыватнай фірмы (яго жонка працавала ў нас урачом), колькі нам камбінезонаў, бахіл заказаў, на пачатку барацьбы з ковідам прывёз нам 15 рэспіратараў з высокай ступенню абароны. Чалавек заслугоўвае падзякі…
Аддзяленне хуткай дапамогі – гэта 76 чалавек. У раёне налічваецца пяць кругласутачных пастоў хуткай дапамогі: два працуе ў Івацэвічах, паўтара паста – у Целяханах, адзін – у Быцені і палова паста – у Косаве (дзяжурства наладжана толькі ў начную змену). У штат уваходзяць санітаркі, сёстры-гаспадыні, вадзіцелі, фельчары, урачы. У сувязі з тым, што аддзяленне крыху неўкамплектавана, на хуткай падпрацоўваюць фельчары і дактары з паліклінікі, з папраўчых устаноў, інтэрны.
На сённяшні дзень з трох штатных урачоў застаўся толькі загадчык аддзялення Аляксандр Гуліс. Адна доктар захварэла на ковід, другая пайшла ў дэкрэтны адпачынак, але загадчык спадзяецца, што ў жніўні палягчэе – прыедзе на работу малады спецыяліст, які праходзіць інтэрнатуру ў Пінску. Аляксандр Васільевіч – самы вопытны доктар у аддзяленні. 13 гадоў ён адпрацаваў у рэанімацыі, 10 – на хуткай і лічыць, што тут складаней.
– Мы ж усюды ездзім: на аварыі, на панажоўшчыну, дзе невядома што робіцца, на цяжкія выпадкі… – кажа доктар.
– Калі пачалася пандэмія, ніхто з работнікаў аддзялення не адмовіўся працаваць? – цікаўлюся.
– Асцярога спачатку была. Гэта нармальна, калі ў чалавека з цвярозым розумам ёсць асцярогі. Але не адмовіўся ніхто. Баішся, але справу сваю робіш. Крыху былі праблемы напачатку з ахоўным
адзеннем, але адміністрацыя райбальніцы ўсё нам тут жа наладзіла, паставіла, і людзі супакоіліся. А потым выйшаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №131, згодна з якім нам ідуць даплаты, і гэта яшчэ больш супакоіла людзей. У адпачынак адпускаем па меры магчымасці, але з адной умовай – калі спатрэбішся, ты выйдзеш зноў. Усе разумеюць.
– Паспяваеце на ўсе выклікі?
– Мы павінны гэта рабіць. Больш інтэнсіўна выклікі на хуткую паступаюць днём. Людзі прачынаюцца, ім дзесьці штосьці баліць і дзесьці з сямі раніцы пачынаюцца выклікі. Пры паліклініцы ў нас ёсць неадкладная дапамога з машынай, з доктарам. Яны едуць на ціск, галавакружэнне, тэмпературу… Складаныя выклікі – мы ўжо едзем больш самі. У амбулаторыях нам дапамагаюць. Калі і вялікая бяда, ім бліжэй, і іх спачатку адпраўляем. Пакуль мы даедзем, то яны паспяваюць штосьці зрабіць. Сувязь у нас выдатная. І так пабудавана штодзённая работа.
– Пэўна, людзі сёння шмат нервуюцца, баяцца, і выклікаў ад гэтага больш?
– Людзі баяцца сапраўды, і ў нейкай ступені інфармацыйны голад сее страх. Ён гоніць ноччу ехаць ці ісці ў бальніцу з тэмпературай 37 маладых людзей. Раней чакалі да ранку і маглі наогул да ўрача не ісці, выпівалі таблетку ад тэмпературы, калі яна была вышэй 38. А сёння… Няхай старыя, а то маладыя. Развейце гэты страх. Скажыце, што ковід – гэта не прысуд. Хварэюць многа і будзем яшчэ хварэць. Але ў значнай большасці каранавірус працякае ў лёгкай форме, бывае і бессімптомна. Панікаваць не трэба, таму што мы захлынёмся ў такіх пацыентах.
Дарэчы, адзін выезд хуткай абыходзіцца дзяржаве ў 70 рублёў. За год хуткая па раёне выязджае на 16 тысяч з лішкам выклікаў. Сёлета будзе больш, пры тым, што адменена планавая шпіталізацыя.
– Які дзень медыка сёлета будзе ў Вас па ліку?
– Прыехаў сюды пасля заканчэння Гродзен-скага медінстытута ў 1997 годзе. Памятны дзень медыка, калі забралі з канцэрта на выклік у Целяханы. Людзі адпачывалі, а мяне за руку прама з канцэрта вывелі і сказалі: «Паедзеш ты».
– Як здымаеце стрэс, напружанне?
– Учора была ноч, сёння з ночы… Мне б па-спаць…
Пасля гэтых слоў пытанні сталі не да месца. Мы выйшлі на вуліцу, пад’ехала да парога новенькая хуткая, і Аляксандр Васільевіч звярнуў увагу: «За кошт сродкаў раённага бюджэту. На днях атрымалі».
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.