Перш, чым тэлефанаваць на 102…

…Нярэдка нашы грамадзяне тэлефануюць у міліцыю, не разумеючы, што сігнал пасля можа мець не самыя прыемныя наступствы для іх саміх.
Да прыкладу, жонка выклікае на нецвярозага мужа міліцыю, дапусцім, у пятніцу. Яго забіраюць «на суткі», пасля ў панядзелак накіроўваюць у суд, але тут ужо жонка прыбягае ў суд Івацэвіцкага раёна і просіць суддзю, маўляў, адпусціце, бо муж павінен быць на рабоце. Ды і памірыліся мы. А адсутнасць мужа на працоўным месцы можа кепска адбіцца на яго зарплаце ці, увогуле, на працоўнай біяграфіі.
Прабачце, а вы для чаго міліцыю выклікалі?
Нярэдка таксама здараецца, што гаспадары прыязджаюць у свой дом, на свой участак – і не знаходзяць там некаторых бытавых рэчаў. То ванны чыгунныя прапалі, то веласіпед. Выклікаюць міліцыю, узбуджаюцца крымінальныя справы… Пасля высвятляецца, што веласіпед узяў пляменнік, а ванную для карыстання – стрыечны брат. Пацярпелыя хочуць «забраць» крымінальную справу, але яе так проста не спыніць; людзі аказваюцца ў судзе, нясуць адказнасць. Дык можа варта перш моцна падумаць, паспрабаваць разабрацца, а ўжо пасля тэлефанаваць на нумар 102?
Задумайцеся!
Арцём ПАДАЛЯНЕЦ,
суддзя суда Івацэвіцкага раёна.