Калі патрабавальны гарадскі пакупнік сёння разбалаваны разнастайнасцю магазінаў на любы густ, то вяскоўцам выбіраць месца для пакупак амаль што не прыходзіцца. Гандлёвая сетка ў сельскіх населеных пунктах у асноўным прадстаўлена аб’ектамі Івацэвіцкага райспажыўтаварыства.
У сераду, 9 ліпеня, карэспандэнты «ІВ» адправіліся ў рэйд, каб паглядзець, як жа выглядаюць насамрэч справы з асартыментам тавараў у сельскай мясцовасці, пабывалі ў магазінах райста ў аграгарадках Падстарынь і Гошчава, у вёсках Сенькавічы, Заполле і Бялавічы. Наш рэйд для работнікаў гандлю быў нечаканым, і гэта дазволіла аб’ектыўна ацаніць сітуацыю з забеспячэннем насельніцтва харчовымі і прамысловымі таварамі.
Першай кропкай наведвання стаў магазін Івацэвіцкага райста ў аграгарадку Падстарынь. Нягледзячы на дажджлівы ранак будзённага дня, у магазіне было некалькі пакупнікоў. У асноўным наведаліся яны сюды па хлебабулачныя вырабы, жыхары ўжо ведаюць графік прывозу, свежы хлеб, дарэчы, дастаўляюць штодзень. Магазін з панядзелка па пятніцу працуе з 10.00 да 19.00, у суботу па скарочаным графіку, з 10 да 15, а ў нядзелю ў адзінага на гандлёвую кропку прадаўца выхадны дзень, але гэта не значыць, што вяскоўцы застануцца без пакупак. У вёсцы ёсць яшчэ магазін прыватніка, дзе таксама можна купіць усё неабходнае. Прадавец Ірына Курленя вось ужо чатыры гады дабіраецца сюды на працу з Івацэвіч. На цяжкасці жанчына не скардзіцца, хіба што толькі мадэрнізацыя касавага апарата дадала работы, як адзначае яна.
– Добры ў нас магазін, і прадавец харошы! – уступае ў дыялог мясцовая жыхарка Людміла Пятроўна, пачуўшы пра мэту візіту карэспандэнтаў, і дадае з усмешкай: – Усё можна купіць, каб адно грошы былі на пакупкі!
Гэтыя словы пацвярджаюць і іншыя спажыўцы, а мы, упэўніўшыся, што падстарынцы не застаюцца без прадуктаў, рушым далей – у Сенькавічы.
Невялічкі будынак сельскага магазіна не выклікаў спадзяванняў убачыць тут шырокі асартымент прадукцыі, аднак, як высветлілася, сацыяльна неабходныя тавары тут меліся. Давялося нават чакаць хвілін 15, каб прадавец абслужыў пакупнікоў і мог адцягнуць увагу на гутарку. Магазін працуе толькі тры разы на тыдзень – у панядзелак, сераду і пятніцу з 10 да 16, у гэтыя ж дні і прывозяць у магазін свежы хлеб. Прадавец са стажам Таццяна Халімончык мясцовая, прыгадвае часы, калі жыццё ў Сенькавічах віравала, не тое, што зараз.
– Летам тут больш ажыўлена, на дзень заказваю па 14 боханаў хлеба, і ў асноўным разбіраюць. А зімой і шасці хапае. Значна апусцелі паліцы магазіна падчас свята вёскі, што было ў суботу, таму зрабіла заказ, чакаю паступлення тавараў, – тлумачыць яна.
Малы попыт, вядома, не параджае вялікія прапановы, асабліва што датычыцца скорапсавальных прадуктаў. Аднак на прылаўку, акрамя хлебабулачных вырабаў, былі малочная прадукцыя, яйкі, некалькі відаў каўбас, крупы, алей, цукар, марожанае, у невялікай колькасці замарозка курынага мяса і рыбы і іншае. Меўся і невялікі асартымент прамысловых тавараў. Пакупніца Вера Пятроўна, што сустрэлася нам, і да абслугоўвання, і да асартыменту прэтэнзій не мае:
– Асабіста мне ў магазіне ўсяго хапае. Людзей у Сенькавічах не так і многа, дык чаго хацець ад гандлю! Каму трэба больш, той у горад з’ездзіць. Я да пенсіі працавала ў гандлі Брэста, таму ведаю другі бок медаля: магазін не можа працаваць ва ўрон, таму разумею прычыны закрыцця ў малых вёсках. Але ўсё ж такі рада, што магазін у нас ёсць, тут тавары разгледзіш не спяшаючыся, а прыезд аўталаўкі трэба заўсёды пільнаваць.
Далей у аб’ектыў «ІВ» трапіў адзін з магазінаў райста ў Гошчаве, іх тут, дарэчы, два, а канкурэнцыю ім стварае прыватнік, ды яшчэ раз на тыдзень аўталаўка птушкафабрыкі «Дружба» гандлюе ў аграгарадку ахалоджанай прадукцыяй. На парозе спаткалі пакупнікоў. Таццяна Васільеўна выказала пажаданне набываць малако большай тлустасці і ў пакетах, а не ў тэтрапаках, маўляў, нават яе сабака не п’е малако менш чым 2,7 працэнта. Таму мы, зайшоўшы ў магазін, адразу кіруемся да халадзільніка з малочкай – пакетаў з рознай тлустасці малаком аказалася дастаткова, магчыма, жанчына мела на ўвазе іншыя дні, калі яго выбар быў меншы. У цэлым магазін пакінуў добрыя ўражанні, як і яго прадавец Таццяна Райф, яна таксама з мясцовых, у магазіне ёсць і прыбіральшчыца. Іншыя пакупнікі, што нам сустрэліся, нараканняў не мелі, а вось Валянціна Рыгораўна выказала пажаданне набываць толькі палавінку хлеба ці батона, бо жыве адна, і цэлы бохан ёй не асіліць, а чэрствы праз пару дзён есці ўвогуле не хочацца, таму даводзіцца сушыць і аддаваць на корм падсобнай гаспадарцы, якую трымае дачка.
А вось магазін у Заполлі нават перавысіў усе нашыя чаканні. Шчыра кажучы, па асартыменце і парадку ён не саступае любому гарадскому магазіну. Светлы, прасторны, а на палічках і ў маразільных скрынях роўненькімі радочкамі тавары на любы густ. Працуе магазін з 9 да 19 без выхадных і перапынкаў на абед. Тут ёсць загадчык, прадавец і прыбіральшчыца, і ўсё ж такі заўважна, што большы чалавечы рэсурс уплывае на якасць функцыянавання гандлёвага аб’екта.
Сюды таксама наведваецца аўталаўка «Дружбы» раз у тыдзень, ды і прадукцыя гэтай птушкафабрыкі ў ахалоджаным выглядзе трапляе на прылавак магазіна райста па серадах. Аддаленыя ад магазіна вуліцы Заполля двойчы на тыдзень абслугоўвае і аўталаўка Івацэвіцкага райста. Аднак, нягледзячы на канкурэнцыю, магазін па асартыменце тавараў выглядае дастойна.
Падчас нашага візіту завітала ў магазін пакупніца Валянціна Яўгенаўна. У размове жанчына расказала, што жыве ў Косаве, а зараз прыехала на лецішча ў Заполле і завітала ў магазін прыкупіць таго-сяго. Яна адзначыла, што, адпраўляючыся сюды, ніколі не робіць загадзя пакупкі ў горадзе, бо ўсё, што патрэбна, можна набыць і ў запалянскім магазіне.
Апошнім на маршруце карэспандэнтаў «ІВ» аказаўся магазін райста ў Бялавічах. Свежы хлеб, малочная прадукцыя, мясныя далікатэсы, бакалейныя тавары і многае іншае – асартымент даволі разнастайны.
– Мы свайго спажыўца ў крыўду не даём! – кажа прадавец Наталля Мажэйка, якая ўжо 25 гадоў нязменна працуе тут.
Не баяцца разнастайнасці тавару – такім галоўным прынцыпам у рабоце кіруецца яна, і гэта пацвярджалі акуратныя і запоўненыя прылавак, паліцы і халадзільнікі магазіна.
– Зараз у вёсцы амаль ніхто не трымае падсобную гаспадарку, таму па заяўках насельніцтва кожны тыдзень раблю заказ на ахалоджаную свініну, якую тут жа разбіраюць. Наогул хачу сказаць, што сельскае насельніцтва стала намнога лепш жыць, я, пачынаючы з ранняй вясны, за месяц па 25-30 кілаграмаў памідораў прадаю! – дзеліцца Наталля Рыгораўна.
У панядзелак у прадаўца выхадны, адпаведна, і магазін зачынены, аднак да графіку работы вяскоўцы прывыклі, таму робяць пакупкі загадзя ў нядзелю. Пра бялавіцкі магазін і абслугоўванне некалькі мясцовых жыхароў, якія зайшлі па прадукты, пакінулі добры водгук, і гэты факт, безумоўна, не можа не радаваць.
У цэлым наш рэйд па магазінах пакінуў добрыя пачуцці ад убачанага. І няхай сабе на вёсках магазіны не ззяюць агнямі рэкламы і яркімі вітрынамі, не здзіўляюць ізыскамі, тут няма шумных чэргаў і мітусні, попыт спажыўца ўсё ж задавальняецца. Затое падчас абслугоўвання пакупнікоў заўважалася асаблівая атмасфера прыязных чалавечых зносін, якой, шчыра кажучы, часам так не хапае ў горадзе.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.

















