Вядуцца работы па замене сетак водазабеспячэння ў Івацэвічах

Як вядома, водазабеспячэнне іграе ключавую ролю ў нашым жыцці, а яго якасць значна ўплывае на здароўе спажыўцоў. Таму замена сетак вады – важны крок у напрамку забеспячэння камфорту і бяспекі жыхароў. Перакладка сетак – працэс планавы, бо камунікацыі ў ходзе пастаяннай эксплуатацыі зношваюцца і патрабуюць своечасовай замены.

Так, прычынай правядзення работ па замене водаправода па вул. Леніна райцэнтра стала не толькі сканчэнне тэрміну яго эксплуатацыі, але і рэканструкцыя названай вуліцы да рэспубліканскага свята – Дня беларускага пісьменства. Таму каб пасля праведзенага добраўпарадкавання не звяртацца да пытання замены водаправода праз год-другі, вырашана гэта зрабіць зараз.

Як паведаміў намеснік ды-рэктара ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Аляксандр Рабаў, гэты водаправод служыць для закальцоўкі вуліц Кветкавай, Чарткова і 60 год Кастрычніка. Работы распачаліся яшчэ ў пачатку мая з дэмантажу тратуарнай пліткі, бо водаправод праходзіць і пад тратуарам, і пад дарогай. Зараз вядзецца частковае зняцце асфальтавага пакрыцця, распрацоўка грунту траншэі і пракладка водаправода.

Заменай старых чыгунных труб на новыя поліэтыленавыя займаюцца работнікі Івацэвіцкай ЖКГ, субпадрадчыкам выступае ПМК-11. Брыгада праводзіць укладку новай сеткі, не парушаючы старую, каб жыхары горада не адчувалі нязручнасцяў з вадой. На наступным тыдні работнікі прыступяць да ўстаноўкі ліўневай каналізацыі па вул. Леніна ў раёне аўтазаправачнай станцыі. Рэканструкцыю водаправода працягласцю ў 500 метраў плануюць завершыць да канца чэрвеня. Пасля камунальнікі прыступяць да замены сетак вады па вул. Шаўчэнкі для арганізацыі і там надзейнага і якаснага водазабеспячэння.

Аксана Цярэшка.
Фота Валерыя Міскевіча.

Поделиться