Бліжэй да вады: сплавы на байдарках па рэках Івацэвіцкага раёна

Свежае паветра, некранутая прырода, спевы птушак, духмяны пах траў і мяты, плёскат хваляў… Гэта зусім не сон, гэта рэальнасць і самы сапраўдны сплаў на байдарцы па рацэ Шчара, які арганізавала раённая спартыўна-аздараўленчая ўстанова «Вымпел».
Бясконца можна глядзець на тры рэчы: як гарыць агонь, як цячэ вада і, у нашым выпадку, як у трохмеснай байдарцы грабуць двое. І ўсе гэтыя пункты мы можам закрыць адным махам – адправіўшыся ў сплаў на байдарках па рэках нашага захапляльна прыгожага раёна.
А сплаў на байдарках – гэта якраз і ёсць незвычайнае спалучэнне пачуццяў яднання з прыродай, адпачынку ад паўсядзённых праблем і, вядома, велізарны зарад бадзёрасці. А яшчэ гэта выдатны варыянт для пачаткоўцаў у актыўным адпачынку: вам не трэба купляць усю экіпіроўку і быць у добрай спартыўнай форме. Сплаўляцца па рэках на байдарках можна з дзецьмі, сябрамі альбо аднаму.

Івацэвіцкі раён славіцца сваёй воднай сістэмай. На яго тэрыторыі размешчана восем сажалак, пяць вадасховішчаў і дзесяць азёр агульнай плошчай 4 608 га, Агінскі канал, працякае 12 сярэдніх і малых рэк, агульная даўжыня якіх у межах раёна складае больш за 248 кіламетраў.
Раённая спартыўна-аздараўленчая ўстанова «Вымпел» сумесна з Івацэвіцкім раённым цэнтрам турызму і краязнаўства прапануюць вялікую разнастайнасць маршрутаў: ад аднадзённых, з працягласцю маршрута ў сярэднім да 25 км, да чатырохдзённых, з адлегласцю да 100 км. Група воднага паходу можа складацца да дзесяці чалавек. Усё самае неабходнае вам дадуць арганізатары: байдаркі, камізэлькі, палаткі, спальнікі, дыванкі.

Што абавязкова трэба ўзяць з сабой: крэм ад загару, галаўны ўбор, пітную ваду, сродак ад насякомых, герметычныя мяшкі для каштоўных рэчаў, зменную вопратку і абутак, дажджавік, пальчаткі баваўняныя, міні-аптэчку з перавязачнымі матэрыяламі, хлоргексідзінам, прэпаратамі ад болю і алергіі.
– Важна!
На маршруце з вамі заўсёды будуць як мінімум два вопытныя супрацоўнікі ўстановы: адзін будзе сплаўляцца разам з вамі па рацэ, другі – па сушы на аўтамабілі і зможа падстрахаваць у любы момант, нават на беразе разбіць для вас лагер, паставіць палаткі і прыгатаваць гарачы суп, – адзначыў дырэктар Івацэвіцкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Міхаіл Богук.

«А раптам я патану?» – страхі першага сплаву.
– Водныя паходы па рэках падыходзяць людзям з любым узроўнем фізічнай падрыхтоўкі. Правільна падабраная амуніцыя і спланаваныя стаянкі дазваляюць атрымліваць задавальненне на працягу паходу, – расказвае інструктар-метадыст па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце ўстановы «Вымпел» Анатоль Брухавецкі. – Простыя маршруты для сплаву на байдарках не патрабуюць спецыяльных навыкаў. Асновы веславання асвойваюцца хутка, акрамя таго, ёсць прыпынкі і працяглыя стаянкі для адпачынку.
І памятайце, самае галоўнае – жаданне актыўна і з карысцю правесці час!
Усе пытанні, якія цікавяць, вы можаце задаць па тэлефоне: +375-29-170-11-89.
Больш падрабязна азнаёміцца з маршрутамі можна ў Instagram-акаўнце: turizm_ivacevichi.
Па маршруце сплаўлялася Паліна САУЦІНА.