Брава, «Авацыя»!

Народны тэатр Івацэвіцкага РДК раздзяліў I месца ў фестывалі «Тэатральнае Палессе-2024» з тэатрам «Дом Дыягена» з Ляхаўшчыны.
З 25 па 27 кастрычніка Івацэвічы прымалі абласны фестываль аматарскай тэатральнай творчасці, і на тры дні наш горад стаў, па сутнасці, тэатральнай сталіцай Брэстчыны. Для ўдзелу ў III заключным туры форума прыехалі дзесяць творчых калектываў, гэта больш за дзве сотні артыстаў разам з кіраўнікамі – рэжысёрамі, касцюмерамі, харэографамі… Другі тур, завочны, завяршыўся ў пачатку восені, тады журы адбірала лепшыя пастаноўкі з дасланых відэа.
Так, «Тэатральнае Палессе» смела можна назваць тэатральным «оскарам» брэстчыны, бо яно мае доўгую гісторыю – праводзіцца з 1996 года, усе гады патрабаванні журы растуць, расце і ўзровень пастановак. Да своеасаблівага творчага экзамену, што праводзіцца раз у тры гады, рэжысёры і артысты рыхтуюцца не адзін месяц…
У складзе журы – гуру тэатра: старшыня журы, галоўны рэжысёр Палескага драматычнага тэатра Павел Марыніч, галоўны мастак Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы і музыкі Мікалай Палтарака, старшыня цыклавой камісіі СКДД і рэжысуры Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Алена Якубчык, дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Наталля Вальшынец і загадчык аддзела аматарскай творчасці цэнтра Наталля Бернат, а таксама вядучы метадыст цэнтра Галіна Гурынчук.
З 2008 года форум прапісаўся на Івацэвіччыне, і гэта вялікае прызнанне. Мы прымаем «Тэатральнае Палессе» на правах аднаго з самых тэатральных раёнаў рэгіёна. У нас дзейнічаюць адразу два народныя тэатры: у Целяханах і ў Івацэвічах. Легендарны першы рэжысёр Юрый Кулецкі некалі зарабіў «Авацыі» імя, Валянціна Кулецкая падхапіла і годна працягвае справу мужа.
У першы дзень, 25 кастрычніка, свае пастаноўкі прадставілі ўдзельнікі ва ўзроставай катэгорыі «Дзеці». Шматлікіх юных гледачоў у фае Івацэвіцкага РДК сустракалі мультгероі – Малышарык і Нюшачка. А пасля адкрываліся кулісы і пачыналася дзея… Казку «Маленькі прынц» прадставіў узорны тэатр «Папугай» (рэж. Аліна Марзан) ДУК «Іванаўскі раённы ЦКіНТ», казку «Маленькая ведзьма» – узорная студыя «Рытм» (рэж. Таццяна Дрык) ДУ «Кобрынскі Палац культуры» і пластычны спектакль «Асліныя вушы» – узорная тэатральная студыя «Чарадзейны ліхтар» (рэж. Наталля Мацэвіла) ДУ «Брэсцкі гарадскі цэнтр культуры».
Маленькага гледача падмануць немагчыма – з гэтага пачала цырымонію ўзнагароджання пераможцаў Наталля Вальшынец:
– На працягу гадзіны ўтрымліваць увагу 5-7-годак складана, а вам дзеці паверылі. Нават пластычны спектакль без слоў «Асліныя вушы» зал успрыняў на ўра. Перш чым пераможцы атрымаюць Дыпломы, хачу падзякаваць усім акцёрам, а яшчэ рэжысёрам і ўсёй дарослай творчай камандзе, якая ўмее зацікавіць сучасную моладзь творчым працэсам і росціць юных акцёраў. Кім бы вы ні сталі па жыцці, творчы талент абавязкова некалі вам спатрэбіцца, не сумнявайцеся ў гэтым!

Журы вызвалі на сцэну пераможцаў у васьмі індывідуальных намінацыях, а пасля ўручылі Дыпломы I ступені адразу двум калектывам – брэсцкаму «Чарадзейнаму ліхтару» і кобрынскаму «Рытму».
У другі дзень фестывалю на сцэну выходзілі дарослыя акцёры. Мясцоваму гледачу пашчасціла ўбачыць яшчэ чатыры прэм’еры: трагікамедыю «Так я і зрабіў» народнага драматычнага тэатра «Мы» (рэж. Ірына Гурская) ГДК ДУК «Ганцавіцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма», ваенную драму «Анёлы вайны» народнага тэатра лялек «Метамарфоза» (рэж. Міхаіл Стрыжоў) ГДК ДУК «Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма», трагікамедыю «Жаночы вулей» народнага драматычнага тэатра «Паланіца» (рэж. Ала Шаматульская) Вялікакруговіцкага сельскага клуба ДУК «Ганцавіцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма».

Аднак самай чаканай для івацэвіцкага гледача была пастаноўка народнага тэатра «Авацыя». «Палачанку» чакалі, на «Палачанку» актыўна набывалі білеты. На гэты раз адзін з самых моцных аматарскіх тэатраў вобласці са шматлікай трупай у 40 чалавек замахнуўся на гістарычную пастаноўку з няпростым сюжэтам, трагічным каханнем княжны Рагнеды і князя Уладзіміра, ды на беларускай мове. Каб і на гэты раз заставіць гледача паверыць і суперажываць, рэжысёр Валянціна Кулецкая разам з акцёрамі паўгода рэпеціравала амаль штодзень, работа над словамі, рухамі, музычным афармленнем, касцюмамі, якіх было пашыта спецыяльна для спектакля больш за тры дзясяткі.
Нагадаем, на сцэну выходзілі аматары – настаўнікі, вадзіцелі, ваенныя, прадпрымальнікі, банкаўскія работнікі ў звычайным жыцці. Убачыць у вобразах калег, сяброў, суседзяў, землякоў прыйшлі паўтысячы чалавек. Такая ўмяшчальнасць залы Івацэвіцкага РДК… Адбыўся чарговы спектакль, і гучалі чарговыя крыкі «брава» ў зале…
Апошні дзень фестывалю падарыў нам яшчэ тры спектаклі, драму «Гэта, дзяўчыны, вайна» народнага драматычнага калектыва ДУК «Бярозаўскі раённы Палац культуры» (рэж. Ганна Барушка), казку для дарослых «Два білеты на траіх» (рэж. Таццяна Ляшчук) народнага эксперыментальнага тэатра-студыі «Пілігрым» УА «Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў» і драму абсурду «Пікнік» народнага тэатра «Дом Дыягена» (рэж. Арцём Бодак) ДУК «Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма».
Яшчэ адна важная частка форуму – майстар-класы, усе тры дні іх праводзілі педагогі, атрымаць парады і нават патрэніраваць акцёрскае майстэрства маглі спачатку юныя акцёры, у суботу займаліся дарослыя акцёры-аматары, а ў фінальны дзень фестывалю каштоўныя лайфхакі, як сёння кажуць, атрымалі рэжысёры тэатраў, бо падыходы да творчага працэсу мяняюцца так хутка, як і наша з вамі жыццё.
Нягледзячы на цудоўную атмасферу гэтых трох дзён, усе чакалі вынікаў, і вось журы на сцэне, ізноў гучаць падзякі калектывам за грунтоўную падрыхтоўку і цікаўнасць да творчасці. Асобная па-
дзяка ад Наталлі Вальшынец арганізатарам – кіраўніцтву і работнікам культуры Івацэвіччыны. Дарэчы, за высокі ўзровень арганізацыі і правядзення фестываля Граматы атрымалі работнікі Івацэвіцкага РДК і Дзіцячай школы мастацтваў г. Івацэвічы.
І вось яна інтрыга – на сцэну запрашаюць уладальніка Дыплома III ступені і спецыяльнага прыза «За лепшы спектакль сярод драматычных тэатраў» народны драматычны тэатр «Паланіца» Вялікакруговіцкага сельскага клуба ДУК «Ганцавіцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма», Дыплом II ступені ў народнага эксперыментальнага тэатра-студыі «Пілігрым» УА «Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў». Лепшымі на гэтым фестывалі сталі адразу два калектывы: Дыпломы I ступені ў народнага тэатра «Авацыя» Івацэвіцкага РДК і народнага тэатра «Дом Дыягена» Ляхавіцкага ГДК.
Але гэта не ўсё, у «Авацыі» на гэтым «Тэатральным Палессі» цэлы россып узнагарод, яшчэ дзевяць Дыпломаў у асабістых намінацыях! У нас Дыплом у намінацыі «За лепшае сцэнічнае ўвасабленне твораў нацыянальнай драматургіі», Валянціна Кулецкая атрымала
ўзнагароду «За вернасць і адданасць тэатральнаму мастацтву», яшчэ ў акцёраў Дыпломы ў намінацыях «За лепшае пластычнае рашэнне», узнагарода за «Лепшую мужчынскую ролю» ў Паўла Лушча (князь Уладзімір), за «Лепшую жаночую» – у Наталлі Куратнік (князёўна Рагнеда), «Лепшая мужчынская роля другога плана» ў Дзмітрыя Грынчыка (Дабрыня) і ў Антона Макарава за ролю Блуда. Нона Чырко за ролю Мамулькі атрымала Дыплом за «Лепшую жаночую ролю другога плана». У Івацэвіцкіх артыстаў яшчэ і «Лепшы акцёрскі дуэт» – журы і гледачоў пакарылі Аляксандр Молаш і Мікалай Дылько за ролі Селяніна і Палясоўшчыка.

Асаблівы рэспект ад прыезджых артыстаў у наш бок – за поўныя залы на кожным спектаклі. Артысты працавалі на поўную залу, а гэта найлепшы падарунак для творчых людзей. Фінальная песня і заслона на сцэне ў чарговы раз закрылася, але для таго, каб адкрыцца зноў праз тры гады.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара і Аксаны ЦЯРЭШКА.