Close
80 лет Великой Победе Главная новость Общество

Брыльянтавае вяселле – у Дзень Перамогі

Брыльянтавае вяселле – у Дзень Перамогі
  • Опубликовано:10 мая, 2025

Кожны год 9 мая для Надзеі Антонаўны і Івана Іванавіча Сідаровічаў з в. Боркі не толькі Дзень Перамогі, але і чарговая гадавіна сумеснага жыцця. А сёлета дата асаблівая, бо разам з 80-годдзем Вялікай Перамогі яны адсвяткуюць сваё брыльянтавае вяселле.

60 гадоў Надзея Антонаўна і Іван Івана віч крочаць па жыцці разам, аднак сёння сцвярджаюць, што адлік сумесна пражытым гадам даўно не вядуць, бо куды важней для іх узаемападтрымка і клопат аб здароўі адзін аднаго.

Івану Іванавічу 88 гадоў, нарадзіўся і вырас ён у Любішчыцах.

– Чацвёра нас у бацькоў было, я – па ліку другі, – расказвае Іван Іванавіч. – Маці, лічы, адна нас гадавала. Памятаю толькі, як бацька, адпраўляючыся на фронт, узяў мяне на рукі на развітанне. Ён на вайне прапаў вез вестак, куды толькі мы ні пісалі потым, але ніякай інфармацыі пра яго так і не знайшлі. Вучыўся ў школе ў Любішчыцах, сем класаў скончыў. Памятаю, як няпроста было вучыцца. А па суботах нас заўсёды строем вадзілі ў царкву…

Дзяцінства Надзеі Антонаўны, як і яе мужа, таксама прыпала на страшнае ваеннае ліхалецце, пасляваенныя гады разрухі і аднаўлення. На пытанне, дзе ж яна нарадзілася, жанчына з усмешкай адказала: у лесе! Надзея Антонаўна адна з тых нямногіх людзей, якія яшчэ ў даваенныя гады жылі на хутарах за Боркамі.

Пачуццё страху ад гучных выбухаў і жаданне схавацца за спіну маці – гэта тыя ўрыўкі, што пранесла яе падсвядомасць праз гады, бо па прычыне свайго малога ўзросту, а нарадзілася яна ў 1940 годзе, падзей вайны не памятае. Аднак Вялікая Айчынная вайна пакінула значымы след у яе сям’і. Бацька, Антон Антонавіч, быў партызанскім сувязным, а дзве маміныя сястры, Яўгенія і Зінаіда, – партызанкамі.

Дзеля вучобы ў школе яна вымушана была пакінуць сям’ю і жыць некаторы час у бабулі па лініі маці ў Падстарыні. Потым тата пабудаваў дом у Борках, і апошні, сёмы год, яна давучвалася ўжо ў Боркаўскай школе.

Сёння жывуць Сідаровічы ў хаце, што дасталася Івану Іванавічу ў спадчыну ад яго бабулі. Між іншым, гэтая хата адна з уцалеўшых у вёсцы падчас вялікага па жару, які ўчынілі нямецкія карнікі ў 1942 годзе. Згарэлі гаспадарчыя пабудовы, конь і карова ў іх, а дом уцалеў, відаць, таму, што дах у ім быў зроблены з чарапіцы. У гэтай хаце і гулялі яны вяселле ў Дзень Перамогі ў далёкім 1965 годзе.

– Ведалі мы адзін аднаго з дзяцінства, я нават за адной партай сядзела ў школе з сястрой Івана, – працягвае размову Надзея Антонаўна. – Вядома ж, як і ўся моладзь, бавілі час на танцах у мясцовым клубе, вось там і пазнаёміліся бліжэй.

Дату вяселля мэтанакіравана маладыя тады не выбіралі, прызнаюцца, што так супала – гэта была нядзеля. Дарэчы, менавіта з таго самага 1965 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 9 мая аб’яўлены выхадным днём.

– Ды што расказваць пра тое вяселле! Сталы стаялі ў хаце, гармонік граў! – усміхаецца Надзея Антонаўна і дадае ўжо з сур’ёзнасцю ў голасе: – Але ж і Дзень Перамогі быў не менш важным святам у той дзень, быў жывы бацька, цёткі…

Успамінаюць юбіляры, як на наступны дзень пасля вяселля з самага ранку паехалі грабці сена. Наогул усё іх жыццё прайшло ў працы і вясковых клопатах. Яшчэ да жаніцьбы Іван Іванавіч калясіў па Савецкім Саюзе, па камсамольскіх пуцёўках працаваў на розных будоўлях. Прыехаў неяк з Качканарскага горна-абагачальнага камбіната на радзіму ў водпуск ды так ужо дома і застаўся, бо захварэла маці.

Потым была праца на торфабрыкетным прадпрыемстве ў Няхачаве зваршчыкам, трактарыстам у калгасе імя Шчорса, а пасля аб’яднання гаспадарак да пенсіі шчыраваў у «Бальшавіку».

Быў перыяд, калі Надзея Антонаўна жыла і працавала ў Оршы вагаўшчыцай, прымала таварныя вагоны на чыгуначнай станцыі. І больш за 20 гадоў яна аддала рабоце на свінагадоўчым комплексе ў Борках.

– У пяць ранку патрэбна было ўжо на працы быць. Мех мукі на плечы ўскінеш і нясеш свіней карміць! Потым перапынак, дык бяжыш буракі калгасныя палоць, каб лішнюю капейку зарабіць, а з праполкі зноў на комплекс… – уздыхае субяседніца.

І зараз у хаце і двары Сідаровічаў адчуваецца рука гаспадароў, нават нягледзячы на іх шаноўны ўзрост і тое, што ўжо час ад часу падводзіць здароўе.

На дастойным прыкладзе выраслі іх трое дзяцей – дзве дачкі і сын: Ірына – спецыяліст аддзялення паштовай сувязі № 5 г. Івацэвічы, жыве таксама ў Борках, Сяргей працуе на ААТ «Брэстгазаапарат» і Валянціна – на «Санта-Брэмар». Ганарацца Сідаровічы трыма ўнукамі і рады, што прычакалі ўжо праўнука.

А пачынаючы з гэтага года, у іх сям’і 9 мая яшчэ на адно значымае свята стане больш, бо ў гэты дзень уступіць у шлюб іх унучка Аляксандра. Мудрыя бабуля і дзядуля, безумоўна, падзеляцца з малада жонамі сваім сакрэтам такога сямейнага даўгалецця, а ён у іх надзвычай просты: паважаць і падтрымліваць адзін аднаго.

Аксана ЦЯРЭШКА. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.