Close
Главная новость Новости Сельское хозяйство

Будзем з «другім хлебам»!

Будзем з «другім хлебам»!
  • Опубликовано:13 сентября, 2025

У ААТ «Святая Воля» ідзе ўборка бульбы.

Пасля некаторых складанасцей з беларускай бульбай на ўнутраным рынку ў мінулым сезоне цяпер да гэтай культуры асаблівая ўвага з боку дзяржавы. У Івацэвіцкім раёне спецыялізуюцца на вырошчванні «другога хлеба» ААТ «Святая Воля» і «Перамога».

Пазаўчора наведаліся на палеткі «Святой Волі» – асноўнага вытворцы бульбы, які забяспечвае патрэбы стабілізацыйнага фонду раёна на міжсезонны перыяд. Да ўборкі культуры тут прыступілі з 4 верасня. На 12 верасня ўбрана больш за чвэрць ад плану – 25 гектараў з 90 запланаваных, ужо сабрана амаль тысяча тон караняплодаў.

– У параўнанні з мінулым годам плошчы пад бульбу павялічылі больш чым у два разы – улічылі сітуацыю, якая склалася, і даручэнні кіраўніка дзяржавы на гэты конт, – расказвае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Яўгеній Зышчык.

У гаспадарцы некалькі гадоў запар аддаюць перавагу гатунку нямецкай селекцыі гала, штогод набываюць элітнае насенне ў ТАА «НПП Ніка» (Гродзенская вобласць). Зараз у гаспадарцы атрымліваюць ураджайнасць у 397 ц/га. І для гарантаванага рэзультату аграрыі прыклалі нямала намаганняў.

Сёлета папярэднікам для бульбы стаў азімы рапс. Згодна з тэхналогіяй з дапамогай сучаснай бульбасаджалкі за адзін праход выконвалася адразу тры аперацыі: унясенне фосфарных угнаенняў, пратручванне клубняў ад каларадскага жука і драцяніка і непасрэдна пасадка з нормай высадкі каля 58-60 тысяч клубняў на гектар. За летні перыяд праведзены своечасовыя праполкі і апрацоўкі ад фітафтарозу.

У «Святой Волі» караняплоды на полі ўбірае нямецкі бульбаўборачны камбайн Grimme SE160, за рулём якога шчыруе вопытны механізатар Аляксандр Пушыла. Паміма ўборкі бульбы яму і іншыя віды палявых работ па плячы, у тым ліку і жніво.

– Сам саджаў, сам і ўбіраю! Прыемна бачыць рэзультат, да якога і ты маеш дачыненне, – падзяліўся аграрый, дэманструючы нам ладныя гладкія клубні новага ўраджаю.

Пад яго кіраўніцтвам бульбаўборачны камбайн з бакавым падкопам грэбняў за адзін праход выкопвае два рады. Па транспарцёры сабраны ўраджай плаўна паступае ў бункер аб’ёмам сем тон, клубні аўтаматычна ачышчаюцца ад глебы і ад бацвіння, пры гэтым не траўміруюцца. У тандэме з Аляксандрам Пушылам працуе Мікалай Цімашэвіч, рабочае месца якога знаходзіцца непасрэдна на бульбаўборачным камбайне, дзе размешчаны пульт кіравання. Аграрый пільна сочыць за працэсамі і пры неабходнасці папярэджвае механізатара ў выпадку няштатных сітуацый. На адвозцы бульбы ў дзень нашага візіту на трактары МТЗ працаваў Віктар Джэжора, які дастаўляў сабраны ўраджай з поля на бульбасховішча, што месціцца ў в. Вялікая Гаць.

Важна не толькі прыбраць ураджай у аптымальныя тэрміны, але і якасна яго захаваць. На бульбасховішчы, што разлічана на захоўванне 3000 тон, у гэтыя дні таксама ва ўсю кіпіць работа па сарціроўцы і дапрацоўцы сабраных караняплодаў, тут шчыруе 11 чалавек, у асноўным гэта паляводы. Бульба падаецца па транспарцёры і аўтаматычна раздзяляецца па фракцыях – буйная, насенне і дробная, пры гэтым дадаткова ачышчаецца ад зямлі. Задача работнікаў – прыбраць з транспарцёра парэзаную, падгніўшую ці пазелянелую.

Дробная бульба адправіцца на крухмальны завод, а таварная – на выкананне дзяржзаказу (500 тон) і на рэалізацыю. Пакуль жа яна будзе чакаць пакупніка ў засеках з сістэмай вентылявання.

Аптымальная для захоўвання буйной бульбы тэмпература 4–6 градусаў і 2–4 градусы – для насення. Яна дасягаецца прадзіманнем сховішча праз выпускныя, упускныя і рэцыркуляцыйныя клапаны паветрам з вуліцы.

Акрамя бульбы, ААТ «Святая Воля» прастаіць яшчэ ўбраць 1740 га кукурузы на сілас, 600 га кукурузы на зерне, 20 га соі, а таксама закласці асновы ўраджаю-2026 – азімы клін гаспадаркі складае 1900 га.
Як бачна, работ у аграрыяў менш не становіцца. А дзякуючы нашым рупліўцам будзе бульба, хлеб і да хлеба!

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.