Close
Главная новость Новости Сельское хозяйство

Чарга царыцы палёў

Чарга царыцы палёў
  • Опубликовано:23 апреля, 2025

Чарга царыцы палёўУ ліку першых да сяўбы кукурузыпрыступілі аграрыі ААТ «Квасевічы».

Тэмпературны рэжым апошняга тыдня дазволіў аграрыям Івацэвіцкага раёна прыступіць да сяўбы такой важнай кармавой культуры, як кукуруза. Па даных райсельгасхарчу, усяго ж царыца палёў сёлета зойме 14 380 гектараў, з іх 11 610 – на зялёны корм, 2090 – на зерне і 680 – на насенне. На раніцу 22 красавіка ў раёне засеяна 1600 га.

У ААТ «Квасевічы» з сяўбой ранніх яравых зерневых і цукровых буракоў справіліся даволі аператыўна. Цяпер жа асноўная задача земляробаў – сяўба кукурузы. Пад гэтую культуру ў гаспадарцы адведзена 560 га, усю плошчу займае кукуруза на зялёны корм. Перад квасевіцкімі аграрыямі ставіцца задача па максімуме забяспечыць жывёлагадоўлю паўнацэннымі кармамі, і перш за ўсё кукурузным сіласам, а пагалоўе БРЖ у гаспадарцы немалое – 3 402 галавы, з якіх 1 296 – дойнага статка.

– Перш чым сеяць гэтую зерневую культуру, згодна тэхналогіі была праведзена падрыхтоўка глебы, – расказаў намеснік дырэктара ААТ «Квасевічы» Дзмітрый Пузыновіч. – Унеслі ўгнаенні пад ворыва, правялі перадпасяўную апрацоўку. Усе неабходныя элементы тэхналогіі сяўбы захоўваюцца ў поўнай меры. Значным плюсам да ўсяго з’яўляюцца майстэрства і вопыт механізатараў, занятых на сяўбе.

21 красавіка, у дзень візіту карэспандэнтаў раёнкі, ва ўрочышчы «Шутаў пасёлак», што месціцца за в. Скураты, на падрыхтоўцы глебы на энерганасычаным Джандзіры з АКШ працаваў Аляксандр Мяцечка, а на сяўбе на МТЗ-1221 у счэпцы з сеялкай быў задзейнічаны Сяргей Кукса. Сяргей Мікалаевіч прыпыніў хаду свайго жалезнага сябра на некалькі хвілін і, абмеркаваўшы з Дзмітрыем Анатольевічам вытворчыя пытанні, удзяліў некалькі хвілін увагі і нам. Механізатар ён даволі вопытны – у гаспадарцы працуе з 1992 года.

– Тэхніка не падводзіць, зарплата добрая – а што яшчэ трэба? – разважае Сяргей Кукса.
За дзесяцігоддзі шчырай працы вопытнаму механізатару давялося заслужыць павагу і аўтарытэт сярод калег і кіраўніцтва, а якія толькі работы ні выконваў, аднак, з любімага адзначае ўборачную кампанію.

– Прыемна бачыць рэзультат працы і разумець, што і ты да яго датычны, – дзеліцца Сяргей Кукса.
Па словах намесніка дырэктара ААТ «Квасевічы», у гаспадарцы робіцца стаўка на гібрыдныя гатункі, якія добра зарэкамендавалі сябе ў папярэднія гады. Так, ва ўрочышчы «Шутаў пасёлак» высявалася насенне кукурузы сярэдняранняга гібрыду «Катарзіс ФАО 210» з нормай высеву 84 тысячы адзінак насення на гектар. На адведзеных пад кукурузу палях гаспадаркі ў в. Ёдчыкі ў гэтыя дні шчыруе таксама працоўны тандэм Івана Бялевіча, занятага падрыхтоўкай глебы, і Барыса Шыкаўца – ён задзейнічаны на сяўбе. Механізатары, як і іх калегі, таксама працуюць на сумленне і нацэленыя на добры ўраджай. Усяго ў гаспадарцы за дзень атрымліваецца засяваць каля 50 га – тэмп работ залежыць ад контурнасці поля.

Справіцца з сяўбой гэтай стратэгічна важнай для гаспадаркі культуры плануюць у сціслыя тэрміны. Па словах аграрыяў, задача па сілах, галоўнае – каб надвор’е спрыяла. Хвалюе земляробаў адсутнасць неабходнай вільгаці ў глебе – за трактарам то і справа падымаўся густы шлейф пылу, і з надзеяй чакаюць яны міласці ад нябеснай канцылярыі. А каб не траціць часу, для працаўнікоў палёў арганізавана дастаўка гарачых абедаў.

У гарачую ва ўсіх сэнсах слова пару адны палявыя работы змяняюць іншыя. Лягуць апошнія зерні кукурузы ў глебу, але сеў яравых у ААТ «Квасевічы» на гэтым яшчэ не скончыцца, бо ў гаспадарцы адведзена 20 гектараў пад проса – культура гэтая даволі цеплалюбівая і сеецца тады, калі мінуе пагроза зваротных замаразкаў. Не за гарамі і нарыхтоўка траў першага ўкосу.

Застаецца пажадаць аграрыям Івацэвіччыны пагодных дзянькоў, якія паспрыяюць хуткаму правядзенню сельскагаспадарчых работ і шчодраму ўраджаю.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.