Жыццё і працу на вёсцы выбрала для сябе аднойчы загадчык магазіна ТПП Івацэвіцкага райста ў в. Магіліцы Людміла Русак.
Вясковы магазін – асаблівае месца. Сюды жыхары прыходзяць не толькі па тавары, але і каб абмяняцца апошнімі навінамі або проста павітацца з прадаўцамі. Амаль тры дзесяцігоддзі магазінам тавараў паўсядзённага попыту ў в. Магіліцы загадвае Людміла Русак.
Дзе нарадзілася, там і згадзілася – гэтая ўсім вядомая прыказка дакладна апісвае яе біяграфію. А нарадзілася Людміла Іванаўна ў Магіліцах у простай вясковай сям’і. Скончыла школу ды падалася ў Брэст у вучылішча, там атрымала прафесію прадаўца. На пытанне, чаму выбрала для сябе такі працоўны шлях, сёння вопытны прадавец сціпла паціскае плячыма, бадай, на той час, у канцы 80-х, прафесія была папулярная сярод моладзі. Але сёння, паклаўшы руку на сэрца, Людміла Іванаўна запэўнівае: яна ніколькі не шкадуе, што звязала сваё жыццё з гандлем.
Першым месцам працы яе пасля вучобы стаў прадмаг у Брэсце, ды толькі гарадское жыццё не вабіла тады 19-гадовую дзяўчыну, захацелася назад у родныя Магіліцы. Адпрацаваўшы год у абласным цэнтры, вярнулася ў вёску, выйшла замуж за мясцовага хлопца, тут і асела на ўсё жыццё, разам з мужам выгадавалі двух сыноў. Спачатку працавала тэхработнікам у школе і ў Доме культуры, а як з’явілася вакансія ў магіліцкім магазіне, то з задавальненнем вярнулася ў прафесію, якой вучылася і якая была даспадобы.
У магазіне ТПП зараз працуе два прадаўцы, калі загадчык Людміла Русак на выхадным, то ля прылаўка шчыруе прадавец Ганна Клюева. Графік работы магазіна зручны для пакупніка: з 9.00 да 19.00 у зімовы перыяд і з 9.00 да 20.00 – у летні.
Сёння ў вясковым магазіне асартымент тавараў не горшы, чым у гарадскім. Ёсць гародніна і садавіна, мясная і малочная прадукцыя, шырока прадстаўлена лінейка прамысловых тавараў.
– Попыт на той ці іншы тавар залежыць ад сезону, – звяртае ўвагу Людміла Іванаўна. – У пост часцей купляюць рыбу, а вось перад святамі папулярныя кандытарскія вырабы, цукеркі, каўбасы, вяндліна. Летам хадавы тавар – ліманад, квас і марожанае.
Усе гэтыя нюансы загадчык магазіна ўлічвае і своечасова робіць заказ адпаведнай прадукцыі. Важна, што кожны дзень вяскоўцы маюць магчымасць купіць бохан свежага хлеба – штодзённа ў магазін прывозяць наш знакаміты «кірпічык», акрамя таго, і іншыя хлебабулачныя вырабы камбіната кааператыўнай прамысловасці Івацэвіцкага райста. Загадчык магазіна можа прыняць заяўку ад пакупніка на набыццё бытавой тэхнікі, аформіць пакупку з растэрміноўкай плацяжу. Карыстаецца попытам у насельніцтва і зерне для курачак, камбікорм для жывёлы, але ўжо далёка не так, як некалі, бо зараз многія адмаўляюцца трымаць падсобную гаспадарку, бо ўсё можна купіць, ды і клопату менш.
Як адзначае Людміла Русак, амаль за тры дзесяцігоддзі работы ў гандлі шмат вады сплыло: паменшала жыхароў у вёсцы, таму і выручкі стала менш, цяперашнія пакупнікі сталі больш патрабавальнымі, але кожнаму яна стараецца дагадзіць, дастойна абслужыць, прадаць толькі якасны тавар, а яны, у сваю чаргу, і слова добрае не забываюць сказаць у знак удзячнасці. І ў вёску, нягледзячы на яе аддаленасць ад райцэнтра, прыходзяць новыя тэхналогіі. Прывычным лічыльнікам (рус.– счетам), з якімі доўга не магла расстацца прадавец, на змену некалі прыйшлі калькулятары, а цяпер і іх замяніла аўтаматызацыя працэсу – сучасная сістэма Ф’южн, яе ў магазіне ўсталявалі ў красавіку мінулага года. Гэта, як кажа Людміла Іванаўна, значна аблягчае працу.
У будны дзень у магазіне шматлюдна. Зрабіўшы пакупкі, пенсіянеры, што маюць у сваім распараджэнні шмат вольнага часу, дахаты не спяшаюцца, перакідваюцца словамі. Завітала падчас нашага візіту ў гандлёвую кропку і госця з Мінска. Іна Петручэня прыехала на святы да родзічаў у Чамялы, аднак па пакупкі прыехала ў Магіліцы. Сталічнага пакупніка і асартымент тавараў, і абслугоўванне задаволілі.
– Да святочнага стала тут можна купіць усё неабходнае, – кажа Іна, якая прыехала па прадукты, але яшчэ вырашыла набыць і пару ручнікоў – на іх якраз была навагодняя зніжка.
Аднак хочацца адзначыць, што амаль за гадзіну, праведзеную намі ў вясковым магазіне, заўважалася самая галоўная яго асаблівасць – гэта простыя чалавечыя зносіны паміж пакупнікамі і прадаўцом, ад якіх на тварах з’яўляліся ўсмешкі. А гэтага не купіш ні за якія грошы і ні ў адным супермаркеце.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.