Close
Главная новость Новости Сельское хозяйство

Да маленькіх цялят – з вялікай адказнасцю

Да маленькіх цялят – з вялікай адказнасцю
  • Опубликовано:30 марта, 2025

Аператары жывёлагадоўчай фермы па вырошчванні цялят з ААТ «Целяханы-агра» – у пераможцах абласнога спаборніцтва па выніках работы за мінулы год.

Жывёлагадоўля – адна з працаёмкіх і адказных відаў дзейнасці ў сельскай гаспадарцы. Не кожны зможа праводзіць шмат часу на ферме, вытрымліваць працоўны графік з раннімі пад’ёмамі і самааддана даглядаць жывёлу. Як правіла, касцяк працоўнага калектыву жывёлагадоўчых ферм складаюць людзі вопытныя і правераныя часам, такія працуюць і ў ААТ «Целяханы-агра».

За апошні час справы ААТ «Целяханы-агра» прыкметна пайшлі ўгору – сельгаспрадпрыемства ўпэўнена трымаецца сярод лепшых не толькі ў Івацэвіцкім раёне, але і на ўзроўні вобласці. Так, па выніках штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі МТФ «Целяханы-1100» у ліку лепшых сярод МТК (ферм) сельскагаспадарчых і іншых арганізацый (іх філіялаў) з прадукцыйнасцю дойнага статку па ферме ад 7001 до 8000 кілаграмаў малака ўключна і колькасцю малочных кароў не менш за 400 галоў па вытворчасці і рэалізацыі малака за папярэдні год. Нагадаем, што ў гаспадарцы ў канцы 2023 года ўкаранілі праграму кіравання стадам, якая дапамагае арганізаваць рабочыя працэсы, і гэта дало свой плён.

Акрамя таго, і аператары жывёлагадоўчай фермы па вырошчванні цялят Алена Крыўко, Святлана Лагойда і Святлана Рымер, што працуюць у гэтым сельгаспрадпрыемстве, таксама сярод лепшых у вышэйназваным спаборніцтве. Па звычцы і па-простаму людзей такой нялёгкай прафесіі прынята называць цялятніцамі. Працавітым жанчынам даверылі догляд за цялятамі ад нараджэння і да трох месяцаў – а гэта вельмі важны і адказны перыяд, бо на гэтым этапе закладваецца здароўе жывёлы, і ад выканання ўсіх патрабаванняў да ўтрымання маладняку залежыць прадукцыйнасць буйной рагатай жывёлы ў будучым.

Бліжэй пазнаёміцца з нашымі пераможцамі мы вырашылі на іх працоўным месцы. На малочнатаварнай ферме паспяхова функцыянуе два прафілакторыі, дзе гадуюцца іх падапечныя, а гэта ні многа ні мала – амаль 400 цялят. І кожнаму, нібы дзіцяці, патрэбна ўвага, клопат, каб былі чыстымі, накормленымі і здаровымі.

Прасторныя прафілакторыі ўтрымліваюцца ў чысціні і парадку. Адзін з іх, лічы, новы, пабудаваны напярэдадні абласных Дажынак, што праходзілі ў Целяханах у 2022 годзе. У прафілакторыях у кожнага цяляці – свой невялікі загон, у якім жывёле цёпла і ўтульна. На кожным загоне – адпаведны нумар і карта яго «пастаяльца», у ёй пазначана дата нараджэння, пол, вага, а таксама распісаны рацыён – аб гэтым паклапаціўся заатэхнік. Так, гэтай інфармацыяй і кіруюцца аператары па вырошчванні цялят пры кармленні.

Алена Крыўко і Святлана Лагойда працуюць цялятніцамі па 10 гадоў, Святлана Рымер у гаспадарцы ўжо больш 20, з іх 18 гадоў аддала працы даяркай. Жанчыны адзначаюць, што з будаўніцтвам новага прафілакторыя значна палепшыліся ўмовы ўтрымання жывёлы, а для іх, адпаведна, умовы працы.

– Раней цялят размяшчалі ў індывідуальных пластыкавых доміках на вуліцы, і ажыццяўляць догляд даводзілася пад акрытым небам у любое надвор’е. Ды і перабоі былі з камбікормам і малаком парой, – расказвае Святлана Рымер, праводзячы паралель, якім было жыццё на ферме раней і як яно змянілася з прыходам дырэктара Дзяніса Вішнеўскага.

З’явіўся ў нашых цялятніц і добры тэхнічны памочнік – пастэрызатар, прызначаны для цеплавой апрацоўкі малака, якая спрыяе знішчэнню хваробатворных мікраарганізмаў і захаванню карысных уласцівасцяў прадукту. За некалькі гадзін пастэрызатар разагравае малако да зададзенай тэмпературы, вытрымлівае неабходны час, а затым астуджвае яго да тэмпературы выпайкі – да 37 градусаў. Менавіта такой тэмпературы малако ў вымі каровы.

Дарэчы, пастэрызатар яшчэ называюць малочным таксі. Яно ўяўляе сабой платформу на колах і мае абсталяванне для раздачы малака. Таксі падвозяць да загончыкаў і разліваюць пастэрызаванае малако парцыённа ў посуд для выпайкі. Раней жа даводзілася развозіць малако ў бідонах, што патрабавала значных фізічных сіл. Малочнае таксі хоць і палегчыла работу мясцовых жывёлаводаў, для рук усё роўна нямала спраў застаецца, удакладняюць жанчыны. Тым больш што цялят не толькі пояць малаком. Трэба своечасова і камбікорм раздаць згодна норме, і сачыць, каб пастаянна была вада. А яшчэ клеткі пачысціць, калі трэба, прадэзынфіцыраваць, подсціл змяніць, паілкі вымыць. Дарэчы, з мыццём посуду таксама дапамагае тэхніка – мыечная машына, раней жа даводзілася гэта рабіць уручную.

– Важна, каб у першыя дзве гадзіны з моманту нараджэння цяля атрымала першую порцыю малодзіва – не менш за 10 працэнтаў ад сваёй вагі. Дарэчы, першая і другая выпайка малодзівам ажыццяўляецца з дапамогай зонда – так ёсць гарантыя, што гэтае карыснае пойла не расплешчацца і ў адпаведнай норме будзе выпіта жывёлай, – падхоплівае размову Святлана Лагойда.

Галоўным вытворчым паказчыкам прафесійнай паспяховасці нашых перадавых аператараў па вырошчванні цялят з’яўляюцца сярэднясутачныя прывагі і захаванасць маладняку, яны і дапамаглі ім выйсці ў лідары на абласным спаборніцтве. Так, дагледжаныя іх клапатлівымі рукамі цяляткі ў мінулым годзе ў сярэднім прыбаўлялі па 850 грамаў за суткі, ды і захаванасць удалося атрымаць амаль стопрацэнтную.

– Цялят трэба любіць, яны, нібы дзеці, адчуваюць ласку і ўвагу. Стараемся рабіць усё зладжана і своечасова, бо толькі ад добрых рэзультатаў залежыць наша заработная плата і дабрабыт гаспадаркі ў цэлым, – кажа Алена Крыўко.

Ну а калі людзі любяць тое, што яны робяць, то і рэзультат, несумненна, будзе дастойны.

Аксана Цярэшка, фота аўтара.