Close

24 студзеня, зімовым цудоўным днём, сустракаў Дабромысленскі край гасцей валейбольнага турніру імя Уладзіміра Высоцкага. Трыццаць трэці раз дзверы спартыўнай залы ДУА «Дабромысленская сярэдняя школа» адкрыліся для валейбалістаў, гледачоў, а таксама для ўсіх зацікаўленых.

У валейбольным турніры сёлета прынялі ўдзел шэсць каманд: в. Дабромысль, філіяла «Дабромысль» ДП «Брэст-травы», «Сакалоўка» г. Івацэвічы, аг. «Святая Воля», аг. Жамчужны Баранавіцкага раёна, г. Баранавічы.

Спартыўнае свята суправаджалі песні Уладзіміра Высоцкага, а таксама фотавыстаўка самых цікавых момантаў валейбольнага турніру мінулых гадоў.

Пасля знаёмства з праграмай і першай гульні адбылося ўрачыстае адкрыццё турніру. З прывітальнымі словамі і пажаданнямі да ўдзельнікаў турніру і балельшчыкаў звярнуліся старшыня Волькаўскага сельсавета Ігар Карповіч, першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Дзмітрый Токар, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА «Дабромысленская сярэдняя школа» Святлана Канявега, ветэраны турніру Васіль Бахур і Мікалай Хвясько.

Вельмі напружаныя хвіліны ў гульні былі тады, калі вызначаліся пераможцы. Барацьбу за трэцяе месца вялі каманды аг. Жамчужны Баранавіцкага раёна і аг. Святая Воля. Перамогу атрымала каманда аг. Жамчужны. За першае месца змагаліся каманды в. Дабромысль і «Сакалоўка» г. Івацэвічы. Перамогу атрымала каманда з Дабромысля. Як гаворыцца, «дома і сцены дапамагаюць», а таксама падтрымка балельшчыкаў вельмі натхняе!

Пераможцы і прызёры турніру былі ўзнагароджаны кубкамі, медалямі і граматамі, а ад райкама ГА «БРСМ» усе каманды-прызёры атрымалі духмяныя пірагі. За актыўны ўдзел у турніры каманда філіяла «Дабромысль» ДП «Брэст-травы» атрымала ў падарунак валейбольны мяч ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. Прызамі былі ўзнагароджаны ветэраны турніру Васіль Бахур і Юрый Філіпеня. Прыз самага актыўнага балельшчыка атрымаў Мікалай Хвясько.

Асаблівую падзяку хочацца выказаць Васілю Бахуру – галоўнаму суддзі, а таксама Вераніцы Шайковай, неаднаразовай удзельніцы турніру, якая на гэты раз была ў ролі балельшчыка.

Таксама былі вызначаны лепшыя ігракі ў намінацыях: «Лепшы нападаючы» – Аляксандр Каліноўскі, «Лепшы блакіруючы» – Максім Малевіч, «Лепшы разыгрываючы» – Алена Новік, «Лепшы лібера» – Арцём Мядзведзь, «Ветэран турніру» – Юрый Філіпеня, «Юны ігрок» – Іван Папко. Усе яны былі ўзнагароджаны граматамі і прызамі з рук дырэктара раённай спартыўнай аздараўленчай установы «Вымпел» Ірыны Салаўёвай.

Адначасова з валейбольным турнірам праходзіў турнір па настольным тэнісе пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры і здароўя Аляксея Суржыка. Сярод мужчын першае месца заняў Сяргей Казанцаў з в. Дабромысль, другое – Аляксандр Кацаўман з в. Дабромысль, трэцяе – Віктар Вабішчэвіч з аг. Святая Воля. У жанчын перамогу атрымала Юля Бондар, другое месца заняла Аляксандра Петрушэвіч, трэцяе месца ў Сафіі Бабылёвай. Усе яны жыхаркі в. Дабромысль. Прымалі ўдзел і самыя юныя тэнісісты. Першым стаў Максім Сялейка з в. Дабромысль, другое месца ў Арцёма Берднікава з в. Дабромысль, трэцяе месца заняў Раман Салаўёў з г. Івацэвічы. Усе пераможцы і прызёры турніру па настольным тэнісе таксама былі ўзнагароджаны медалямі, граматамі і каштоўнымі прызамі.

Падчас турніру нашы выдатныя гаспадыні Святлана Скрабец, Таццяна Сцепанчук і Алена Сялейка частавалі гасцей гарбатай, кандытарскімі прысмакамі, а таксама дабромысленскай юшкай.
Спонсарскую дапамогу ў правядзенні турніру аказалі раённая спартыўна-аздараўленчая ўстанова «Вымпел», райкам ГА «БРСМ», філіял «Дабромысль» ДП «Брэст-травы», райкам прафсаюза работнікаў АПК, прадпрымальнікі Дзяніс Банкалюк і Мікалай Шаўчук.

Вялікая справа зацікавіць усіх на многія гады, і гэта менавіта чарговы валейбольны турнір у дабромысленскім краі. І ёсць той чалавек, без якога турнір не існаваў бы. Гэта ветэран педагагічнай працы, настаўнік фізічнай культуры і здароўя, Ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна – Аляксандр Сплендзер. Сваімі энергіяй, задорам і прыкладам ён зараджае людзей спортам.

Сцяпан Куніцкі, Таццяна Голік, в. Дабромысль.