Дастойныя поспехі — вынік плённай працы: УА «Івацэвіцкі дзяржаўны аграрны каледж» адзначае 45-годдзе
45 гадоў для навучальнай установы – гэта цэлае жыццё і шлях, пройдзены ад прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча да каледжа. Чарговая дата дае магчымасць азірнуцца назад, падвесці вынікі і будаваць новыя планы. Сёння каледж – гэта шматпрофільная навучальная ўстанова, асноўная місія якой – падрыхтоўка рабочых кадраў для сельскай гаспадаркі, будаўнічай галіны, прамысловасці і сферы абслугоўвання.
Аб справах бягучых і перспектывах пагутарылі з дырэктарам Івацэвіцкага аграрнага каледжа Міхаілам Яўгенавічам Дымовічам, для якога навучальная ўстанова стала адзіным працоўным месцам у жыцці на цэлых чатыры дзесяцігоддзі, тры з якіх – на пасадзе кіраўніка.
– Міхаіл Яўгенавіч, раскажыце, што стаіць за лічбай 45?
– Установа адукацыі за гэты адрэзак часу прайшла шлях ад вучылішча да каледжа. Сваіх першых навучэнцаў прафесійна-тэхнічнае вучылішча прыняло ў кастрычніку 1978 года. З цягам часу мяняліся назвы ўстановы адукацыі: хтосьці з’яўляецца выпускніком СПТВ-59, іншыя заканчвалі ўжо ПТВ № 162, потым установа адукацыі была перайменаваная ў прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, а ў 2022 годзе мы сталі аграрным каледжам. Мяняліся не толькі назвы, мянялася і сама ўстанова адукацыі, бо жыццё не стаіць на месцы і патрэбы часу дыктуюць свае ўмовы па падрыхтоўцы кадраў. За гэты час ўстанова адукацыі выпусціла
15 556 кваліфікаваных рабочых.
– Што ўяўляе сабой каледж сёння?
– На сённяшні дзень гэта адна з буйных устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Брэсцкай вобласці. У гэтым навучальным годзе вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў на аснове базавай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі па 18 кваліфікацыях. Падчас вучобы рабяты атрымліваюць па дзве, а то і тры прафесіі. У сценах каледжа навучаецца 370 навучэнцаў, 96 навучэнцаў – у структурным падраздзяленні, якое знаходзіцца на тэрыторыі папраўчай установы № 22 крымінальна-выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. У гэтым годзе ў ПК № 5 навучанне не праводзім у сувязі з яе рэарганізацыяй, але ў далейшым навучальны працэс будзе прадоўжаны і ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, які будзе функцыянаваць на месцы ПК № 5.
Структурным падраздзяленнем установы адукацыі з’яўляецца таксама Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і інвалідаў, дзейнічае ён з 2008 года. Для такіх асаблівых падлеткаў тут створаны ўмовы для атрымання адукацыі і кваліфікацыі, сацыяльнай адаптацыі зыходзячы з іх магчымасцей і стану здароўя, каб у далейшым яны мелі магчымасць працаўладкавацца. За два гады такія навучэнцы атрымліваюць па дзве прафесіі, напрыклад, агароднік і тынкоўшчык, аператар машыннага даення і швачка, слесар па рамонце сельгасмашын і абліцоўшчык-плітачнік.
За ўсімі поспехамі каледжа стаіць яго калектыў – гэта 160 адказных за сваю справу работнікаў, у ліку іх – 84 педагагічныя работнікі. Штат каледжа ўкамплектаваны за выключэннем некалькіх вакансій майстроў вытворчага навучання.
У 2022 годзе сярод устаноў адукацыі сельскагаспадарчага профілю вобласці Івацэвіцкі аграрны каледж у лідарах, а па рэйтынгу ўсіх навучальных устаноў вобласці – трэці, за высокія паказчыкі ў развіцці адукацыі па выніках работы за мінулы год узнагароджаны Дыпломам ІІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. А на ўзроўні рэспублікі каледж цвёрда трымаецца ў пяцёрцы лепшых.
Безумоўна, адукацыйны працэс немагчымы без яго структурнага падраздзялення – вучэбнай гаспадаркі, якая месціцца ў Сярадаве. Тут навучэнцы адточваюць свае веды на практыцы разам з майстрамі вытворчага навучання, удзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства. У склад гаспадаркі ўваходзіць больш за 400 гектараў зямлі, займаемся вырошчваннем зерневых і бульбы. Маецца малочнатаварная ферма і ферма па дарошчванні буйной рагатай жывёлы, агульнае пагалоўе якіх складае больш за 300 галоў. Прадукцыю раслінаводства і жывёлагадоўлі рэалізуем дзяржаве.
– Якія рабочыя прафесіі ў нашай моладзі сёння ў топе?
– Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца прафесіі трактарыста, вадзіцеля і зваршчыка. Прычым за тры гады адзін навучэнец атрымлівае тры кваліфікацыі. У мінулым навучальным годзе адбыўся першы выпуск абіўшчыкаў мэблі. Намі заключаны дагавор аб узаемадзеянні з ТАА «Поліполь Мэбля Бел» для падрыхтоўкі абіўшчыкаў мэблі, да таго ж прадпрыемства прадстаўляе месца для праходжання вытворчай практыкі. А вось, напрыклад, Косаўскі палаца-паркавы комплекс актыўна просіць у нас афіцыянтаў, Івацэвіцкае райста і індывідуальныя прадпрымальнікі зацікаўленыя ў поварах і прадаўцах. Праблем з працаўладкаваннем выпускнікоў не ўзнікае.
– Шмат увагі надзяляецца і выхаваўчай рабоце…
– У аграрным каледжы не толькі навучаюць прафесіі, тут фарміруюць асобу. Жыццё навучэнцаў разнастайнае: яны ўцягнуты ў грамадскую работу, мастацкую самадзейнасць, прымаюць удзел у рознага роду конкурсах. Ва ўстанове дзейнічае 24 аб’яднанні па інтарэсах, ахоп навучэнцаў у іх складае 90 %. Як для навучання, так і для выхавання падрастаючага пакалення маем дастатковую матэрыяльна-тэхнічную базу. У рамках месячнікаў па збору макулатуры выканаўшых лепшыя паказчыкі заахвочваем экскурсіямі, робячы ўхіл на грамадзянска-патрыятычнае і ідэалагічнае выхаванне: у Брэсцкую крэпасць, музей Вялікай Айчыннай вайны, у мемарыяльны комплекс «Хаваншчына» і іншыя знакавыя месцы. Цесна супрацоўнічаем і з Беларускай Праваслаўнай царквой, у прыватнасці, дапамагаюць нам у выхаванні рабят Яглевіцкая і Воленская цэрквы. Настаяцелі храмаў Ігар Шаламіцкі і Віталій Кот наведваюць нас у сценах каледжа, праводзяць заняткі з навучэнцамі, прычым, добра ладзіцца работа менавіта ў групах па 8-10 чалавек. А рабяты ў сваю чаргу дапамагаюць у добраўпарадкаванні на тэрыторыях цэркваў, праводзяць там суботнікі. Важным інструментам для выхавання з’яўляецца музей, які функцыянуе пры каледжы. І тут нельга не адзначыць работу намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Ігара Васільевіча Скарыны, які збіраў яго па крупінах і працягвае гэта рабіць далей. У папаўненні фондаў музея ўдзельнічае і калектыў каледжа, і яго навучэнцы. І праз гэтую работу мы разам фарміруем гістарычную свядомасць у рабят, пераемнасць пакаленняў і імкненне да прадаўжэння традыцый.
– Якія перспектывы ў аграрнага каледжа, што ў калектыва і ў Вас як у кіраўніка ў планах?
– Сёння каледж дае выпускніку прафесійна-тэхнічную адукацыю. У нашых планах атрымаць сертыфікацыю на права рэалізацыі праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, каб нашы выпускнікі мелі магчымасць атрымаць яе і нікуды не з’язджалі. Ну і, безумоўна, наш калектыў не перастае дынамічна развівацца, каб ісці ў нагу з часам. Ідэй і планаў у нас шмат, дык няхай яны ўсе здзейсняцца!
Гонар каледжа — яго выпускнікі
Пасеяныя зярняты ведаў далі свае ўсходы. Мноства выпускнікоў УА «Івацэвіцкі дзяржаўны аграрны каледж» шчыруе на прадпрыемствах АПК, у сферы абслугоўвання, на будаўніцтве і ў іншых галінах. Яны з гонарам і ўдзячнасцю ўспамінаюць сваю альма-матар.

Алена Цыбульская, загадчык аўтаклуба ДУК «Івацэвіцкая раённая клубная сетка»:
– Івацэвіцкае СПТВ-162 я скончыла ў 1986 годзе з адзнакай, атрымаўшы прафесію кінамеханіка першай катэгорыі. На той час гэтая прафесія была вельмі прэстыжная, маладым спецыялістам я атрымлівала зарплату большую, чым мае бацькі. Ведамі і навыкамі, атрыманымі ў вучылішчы, карыстаюся на працягу ўсёй сваёй працоўнай дзейнасці: зараз падключыць музычную апаратуру магу з закрытымі вачамі. У студэнцкія гады часта выступала ў ролі вядучай розных мерапрыемстваў, што працягваю і зараз па роду дзейнасці. А яшчэ вучылішча выхавала ў нас пачуццё калектывізму, гэта таксама немалаважна. Дзякую ўсім сваім выкладчыкам за добрыя веды і выхаванне, я гэта вельмі цаню.

Юрый Зыбайла, дырэктар ДУА «Яглевіцкая сярэдняя школа»:
– У 1982 годзе, пасля сканчэння 8 класа СШ № 2 г. Івацэвічы, паступіў у СПТВ-162, вучыўся тры гады і атрымаў тры кваліфікацыі: «механізацыя сельскай гаспадаркі», «трактарыст-машыніст» і «вадзіцель катэгорыі С». Вучоба ў вучылішчы дала мне добрую практычную базу і штуршок для атрымання адукацыі ў далейшым, бо пасля я прадоўжыў вучыцца ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме, а таксама скончыў і Мазырскі педагагічны ўніверсітэт. Урэзалася ў памяць, як на базе вучылішча праходзілі абласныя спаборніцтвы па ворыве і я таксама ў іх удзельнічаў, а падчас вучобы ў Пінскім тэхнікуме ўжо прыязджаў на іх у якасці журы. Дзякую вучылішчу за веды і вопыт!

Уладзімір Рэбкавец, вадзіцель ААТ «Новыя Стайкі»:
– У Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці я паступіў у 2014 годзе, адвучыўся 10 месяцаў, атрымаў дзве прафесіі: электраманцёр 3 разраду і вадзіцель. Усіх выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання ўспамінаю з удзячнасцю, асабліва хочацца адзначыць Ганну Грыгор’еўну Кучук, яна выкладала ПДР, вельмі патрабавальны выкладчык, аднак гэта нам, навучэнцам, пайшло на карысць, бо Правілы дарожнага руху ўсе ведалі на зубок і лёгка здавалі экзамены. Вельмі падабаліся практычныя заняткі па ваджэнні аўтамабіля. А навыкі электрыка спатрэбіліся і ў паўсядзённым жыцці. Быць у лідарах сярод вадзіцеляў-тысячнікаў па перавозцы зерня падчас уборачных кампаній вельмі ганарова для мяне, і ў гэтым вялікая заслуга прафліцэя.

Віталій Высоцкі, пенсіянер АУС:
– Мая вучоба ў СПТВ-162 прыпала на 1993-1994 гады, тут я атрымаў кваліфікацыю «трактарыст-машыніст» і «вадзіцель катэгорыі С». Ужо на той час вучылішча мела добрую матэрыяльна-тэхнічную базу, добра быў аснашчаны машынна-трактарны парк. І тэорыя, і практыка даваліся лёгка, бо выкладчыкі і майстры вытворчага навучання вельмі стараліся і даступна даводзілі да нас інфармацыю, з усімі складваліся добрыя ўзаемаадносіны. З самых яркіх успамінаў, бадай, першы самастойны выезд на вучэбным КАМАЗе ў Пінск. Вучылішча выхавала ўва мне мэтанакіраванасць, таму пасля яго сканчэння я прадоўжыў вучобу ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
З 45-годдзем, каледж! Моцнага здароўя, творчых поспехаў і новых дасягненняў усім, хто звязаны з табой лёсам. Няхай яшчэ многія і многія пакаленні ўдзячных выпускнікоў працягваюць славутую гісторыю кузні кваліфікаваных кадраў.
Аксана ЦЯРЭШКА. Фота Таццяны ДЫЛЮК і Валерыя МІСКЕВІЧА.





