Close
Актуально Новости Общество

Дзве вёскі – адна ініцыятыва

Дзве вёскі – адна ініцыятыва
  • Опубликовано:31 октября, 2024

Актыўнасць і нераўнадушнасць дапамагаюць спраўляцца з абавязкамі старасты Аляксею Палячку з в. Краі і Таццяне Казлоўскай з Гуткі.

Вёскі Краі і Гутка, што ў Рэчкаўскім сельсавеце, – аддаленыя ад райцэнтра населеныя пункты, але ў іх маецца патэнцыял для развіцця. Прырода тут на рэдкасць жывапісная: лес, багаты дарамі прыроды, дастаткова ўрадлівыя землі, каб займацца фермерствам, Гуткаўскае возера…

Ды і назва вёскі Краі апраўдвае сябе – гэта крайняя кропка Івацэвіцкага раёна, а за ёй толькі лясы ды балоты, аж да суседняга Ганцавіцкага раёна. Чаму размова ідзе адразу пра два населеныя пункты? Дык можна смела сказаць, што Краі і Гутка жывуць адным жыццём, аднымі клопатамі і турботамі. Бадай, нідзе не сустрэнеш такога цеснага суседства паміж вёскамі: калі вы трапіце на вуліцу Пясчаную ў Гутцы, то праз пару крокаў можаце апынуцца ўжо ў Краях. Вельмі незвычайным падаецца той факт, што жыхары дома № 50 па згаданай вуліцы жывуць у Гутцы, а іх суседзі з дома № 51 – ужо ў Краях.

Абедзве вёсачкі не могуць пахваліцца развітой інфраструктурай, ды ўсё ж сацыяльныя стандарты тут выконваюцца. У Краях маецца вопытна-вытворчае лясніцтва, ФАП, два магазіны – райста і прыватніка, аддзяленне пошты, Гутку і часткова Краі двойчы ў тыдзень наведвае аўталаўка, мотапошта, а вось школу з-за малой колькасці вучняў зачынілі ў 2021 годзе, таму штодня школьнікаў і выхаванцаў садка ў Рэчкі і назад дастаўляе аўтобус.

– Да 2018 года нават стараста быў адзін на дзве вёскі. А на чарговым вясковым свяце разам з жыхарамі вырашылі: няхай у кожнай будзе свой, – расказвае старшыня Рэчкаўскага сельвыканкама Ганна Латышэвіч.

Ужо 10 гадоў, як у Краях абавязкі старасты выконвае Аляксей Палячок, і такі немалы тэрмін красамоўна гаворыць, што спраўляецца ён з грамадскай пасадай добра. Аляксей Іванавіч працуе ляснічым у Крайскім вопытным лясніцтве, ён шматдзетны бацька, добры сем’янін і прыклад для вяскоўцаў у справе добраўпарадкавання сваёй сядзібы. У Краях сёння пастаянна пражывае 332 чалавекі, з іх 30 дзяцей, 210 чалавек працаздольнага ўзросту і 92 – пенсіянеры. І кожнага крайскі стараста ведае асабіста, бо ён мясцовы, як кажуць, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. У будзень застаём яго на працоўным месцы – у адміністрацыйным памяшканні лясніцтва, куды парой завітваюць і вяскоўцы, каб вырашыць нейкія надзённыя турботы.

– З якімі пытаннямі да старасты найчасцей звяртаюцца вяскоўцы? – у ходзе нашай размовы пытаюся ў Аляксея Іванавіча.

І ў топе пытанняў ён вызначае добраўпарадкаванне дарог, асвятленне вуліц і нават канфлікты паміж вяскоўцамі, якія стараецца згладзіць, каб нікога не пакрыўдзіць, скажам так, быць у нейкай ступені і псіхолагам, і суддзёй для іх. Турбуе крайскіх жыхароў стан былой школы, якую выкупіў прыватнік, але пакуль што бяздзейнічае, і памяшканне прыходзіць у занядбаны стан, аднак, як запэўніла Ганна Латышэвіч, гэтае пытанне застаецца на кантролі кіраўніцтва раёна і ў хуткім часе будзе вырашана.

– За апошнія гады і з добраўпарадкаваннем дарог амаль усё вырашана. Падсыпаны гравіем вуліцы Кастрычніцкая, Кветкавая, Пясчаная, Перамогі. Па Савецкай у мінулым годзе наогул пакладзена новае асфальтавае пакрыццё, праведзены ямачны рамонт яшчэ некаторых асфальтаваных вуліц. Засталася толькі грунтавая дарога па вуліцы 8 Сакавіка, думаю, і там пытанне з падсыпкай пры садзейнічанні сельвыканкама ўдасца закрыць. З асвятленнем вуліц на сённяшні дзень таксама ўсё ў парадку, – расказвае Аляксей Палячок.

Стараста адзначае неабыякавасць мясцовага насельніцтва, якое з ахвотаю адклікаецца на ініцыятывы і прымае ўдзел у суботніках. Сёлета вясной добра папрацавалі на могілках талакой, навялі парадак, аднак гэтая справа патрабуе пастаяннай увагі, таму вырашана наступны арганізаваць зноў вясной.

Праехаўшы вясковымі вуліцамі, заўважылі яшчэ адну адметнасць гэтага населенага пункта – тут шмат паклонных Крыжоў, налічылі пяць. Кожнае знакавае месца добраўпарадкавана, аздоблена, і ў гэтым, адзначае стараста, таксама трэба аддаць належнае неабыякавым жыхарам, якія праявілі клопат, дапамаглі ўстанавіць, а калі трэба, і пафарбуюць Крыжы, і ўпрыгожаць да свята.

Амаль такімі ж клопатамі жыве і невялічкая вёсачка Гутка, у якой сёння 49 пастаянных жыхароў, аднак крыху больш за палову – 26 чалавек – працаздольнага ўзросту, і гэтае дае аптымістычныя падставы не заносіць яе ў разрад выміраючых. Усяго трое школьнікаў штодня адпраўляюцца з Гуткі ў Рэчкаўскую школу, двое з іх – дзеці мясцовай старасты Таццяны Казлоўскай.

Таццяна Юр’еўна родам з Гродзеншчыны, у 2007 годзе прыехала сюды жыць. Прызнаецца, што да Гуткі за столькі гадоў прыкіпела душой і іншага месца для жыцця яна і яе сям’я шукаць не збіраюцца. З мужам амаль што не расстаюцца, бо і працуюць разам у Целяханскім Цэнтры дзіцячай творчасці, яна – дырэктарам, а ён – рабочым па комплексным абслугоўванні памяшканняў і збудаванняў.

Мінула шэсць гадоў, як на Таццяну Юр’еўну ўсклалі абавязкі старасты вёскі. Актыўная жанчына паспявае быць і кіраўніком на рабоце, і клапатлівай гаспадыняй у хаце, пры гэтым трымаць вялікую падсобную гаспадарку – свіней, курэй, дзве каровы, і, як адзначае яна, грамадская нагрузка ёй ніколькі не ў цяжар.

У мінулым годзе ў Гутцы прайшла рэканструкцыя электрасетак, цяпер у вяскоўцаў ёсць магчымасць падключыць электраацяпленне, і гэтай магчымасцю некаторыя ўжо пачалі карыстацца, у працэсе афармлення неабходных дакументаў на цяпло ад электрычнасці і Казлоўскія.

Абодва старасты для старшыні Рэчкаўскага сельвыканкама Ганны Латышэвіч з’яўляюцца правай рукой у справе добраўпарадкавання і ініцыятыўнасці. Разам з жыхарамі абедзвюх вёсак на сходзе яны прыйшлі да высновы, што кавалак зямлі каля магазіна ў Краях даўно просіцца, каб яго акультурылі. Вырашана зрабіць гэтае месца знакавым і памятным, ушанаваўшы памяць аб выхадцах з абедзвюх вёсак – ахвярах Вялікай Айчыннай вайны і тых, хто прайшоў праз пекла афганскай вайны.

Трэба адзначыць, што такой ідэі папярэднічала вялікая пошукавая работа па ўстанаўленні звестак аб тых, хто ваяваў у Афганістане.

– У Краях пахаваны загінуўшыя на афганскай вайне Сяргей Дзягцярык і Віктар Канановіч, да іх магіл ніколі не зарастае сцежка ў памятныя дні і не толькі. Мной, настаўнікамі Крайскай школы, былым старастам Уладзімірам Рэдзька праведзена работа па пошуку звестак аб усіх выхадцах, якія прайшлі праз выпрабаванні вайны, у выніку ўстаноўлена 32 чалавекі, з іх 13 ураджэнцаў вёскі Краі, шэсць – Гуткі, пяць – Рэчак і восем – Рудні. Да таго ж мы працягваем работу па ўстанаўленні імён і прозвішчаў нашых землякоў, якія з’яўляюцца ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны. А партрэты загінуўшых на вайне ўжо размешчаны на алеі Памяці ў Івацэвічах, – расказала Ганна Латышэвіч.

Таму на сходзе грамадзян вырашана, што ў Краях з’явіцца памятная пліта ў знак памяці і пашаны жыхароў Краёў і Гуткі, а таксама валун са звесткамі аб першым упамінанні населенага пункта.
– Дарэчы, у наступным годзе Гутка адсвяткуе сваё 160-годдзе і адзначыць 90 гадоў з дня нараджэння нашага знакамітага ўраджэнца – пісьменніка Сцяпана Крываля, – падзялілася Таццяна Казлоўская, – таму і ў Гутцы з’явіцца памятнае месца.

Як паведамілі вясковыя актывісты, работа ў гэтым напрамку ўжо вядзецца. Гэта падрыхтоўка і адпаведнай дакументацыі, і вызначанай пляцоўкі. Два тыдні таму на ёй шчыравалі і мае субяседнікі, і іх аднавяскоўцы. Так, на расчышчанай ад старых дрэў і кустоўя зямлі хутка з’явіцца памятная алея: Крайскае вопытнае лясніцтва выдзеліць для гэтага саджанцы дубоў і елачак, а Целяханскі ЦДТ – маньчжурскага арэха і туй.

Што ж, будзем сачыць за навінамі з Краёў і Гуткі і абавязкова раскажам на старонках газеты, што атрымаецца ў гэтых неабыякавых вяскоўцаў, якія жывуць у цесным суседстве і маюць агульны клопат пра сваю малую радзіму.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.