Close
Актуально Земляки Общество

«Дзверы адчыняйце, Калядку сустракайце!»

«Дзверы адчыняйце, Калядку сустракайце!»
  • Опубликовано:14 января, 2026

Так гучна віталі гаспадароў чарговага дома ў Мілейках калядоўшчыкі, ці валачобнікі, як іх яшчэ звычайна называюць. Ой, як чакаюць у Мілейках і ў навакольных вёсках шчодрыкі, або багатую Каляду! У гэтым краі жывуць традыцыі, і на Раство са з’яўленнем першай зоркі, і 13 студзеня па дамах ходзіць Каляда.

Пра гэта нам расказалі жыхары Мілеек Анатолій і Наталля Міскевічы, да іх мы завіталі разам з калядоўшчыкамі. Дом сям’я пабудавала 25 гадоў таму, на святы ў ім збіраюцца дзеці, родныя і нават сябры з Мінска.

– Шмат гадоў запар мы ды і суседзі нашы сустракаем калядоўшчыкаў, – адзначаюць Міскевічы. – Іх заўсёды здалёк чуваць, ідуць з баянам ды з бубнамі па вуліцы, спяваюць песні калядныя. А касцюмы якія, штогод нешта новае прыдумляюць! Ужо не ўяўляем сабе такі год, каб нас не павіншавалі калядоўшчыкі, мы таксама рыхтуемся, кідаем у мех каўбасы, пірагі, цукеркі – чым багатыя, як кажуць! Мы шчыра верым у тое, што разам з Калядой пускаем у свой дом шчасце, дабрабыт, багац-
це!

«…Добры вечар, шчодры вечар,
Добры вечар, шчодры вечар
Усім людзям на ўвесь вечар!..»

Зацягнулі ў той дзень песню нашы калядоўшчыкі – Дзед Мароз, Снягурка, жанчына з каляднай зоркай і абавязкова татэмная жывёла – Козачка.

Так, пасля песні ды частушак яны шчодра пасыпалі двор гаспадароў жытам – сеялі ў доме багац-
це і дабрабыт… Каляда пайшла далей, бо на чарзе былі яшчэ дзясяткі адрасоў. Вяскоўцы зараней просяць калядоўшчыкаў, каб не міналі іх хату на Шчодрыкі, трымаюць брамы адкрытымі, пякуць пірагі, сушаць каўбасы.

Вядома ж, любая традыцыя жыве дзякуючы людзям, тым, хто яе падтрымлівае. Так і ў Мілейкаўскім краі Каляды жывуць дзякуючы дзеткам, якія актыўна ходзяць па дамах, а яшчэ дзякуючы работнікам Мілейкаўскага СДК і ўдзельнікам самадзейнасці. На Шчодрыкі мы калядавалі разам з удзельнікамі вакальнай групы «Світанак», яе кіраўнік – Сяргей Клімуш. Культарганізатар і па сумяшчальніцтве калядны Дзед Мароз дорыць творчасць людзям ужо больш за 30 гадоў, а ў Мілейкаўскім СДК шчыруе пяць гадоў.

– Я родам з Косава, там таксама заўсёды калядавалі. З цягам часу мяняюцца традыцыі, але сама сутнасць – павіншаваць людзей і пажадаць ім усяго самага найлепшага ў новым годзе – застаюцца нязменнымі. Калядаваць мы ідзём пасля святочнага канцэрта, на якім таксама заўсёды мнагалюдна.

А пасля наведваем і па два-тры дзясяткі дамоў, жадаючых больш, але нам проста не хапае часу і сілы. У кожным двары і спяваем, і танцуем, і расказваем вершы! Ніколі не адмаўляем дамам, дзе ёсць дзеткі!

З самага адкрыцця СДК у Мілейках, а было тое ў 2010 годзе, дорыць людзям радасць Валянціна Калмак. Жанчына родам з Архангельскай вобласці (Расія), а сёння спявае на нашай мове без ніякіх праблем! У Беларусь яна прыехала ў 1982 годзе. А з 1991 разам з мужам пасялілася ў Мілейках. З той пары гэты куток стаў для яе другой радзімай, а Дом культуры – месцам для душы. Стараста Мілеек і Лазаўцоў расказвае:

– Я заўсёды добра спявала, але пераважна для сябе і для родных, а ў Мілейках стала дарыць творчасць людзям. Шчырую не толькі ў «Світанку», але яшчэ іграю пераважна гумарыстычныя ролі ў спектаклях. Узрост дае пра сябе ведаць, але мы трымаемся і калядаваць ходзім, а раней ездзілі і па навакольных вёсках, бо чакаюць нас і адзінокія пенсіянеры, і ў дамах з дзеткамі, як тут падвядзеш…

Пра тое, як рыхтуюцца да сустрэчы з Калядой вяскоўцы, расказала Таццяна Гардзейка:

– Мо ў горадзе частуюць цукеркамі і шакаладкамі, а на сяле – печанымі пірагамі, каўбасамі, смажаным мясам, людзі ўгаворваюць нас пачаставацца за іх сталом, збіраюць дары ў сумкі. Здаецца, людзі месяц рыхтуюцца да сустрэчы з намі!

Таццяне сам Бог наканаваў далучыцца да творчасці на сяле, бо яна суседнічае з СДК. Жанчына – бібліятэкар сельскай бібліятэкі, якая знаходзіцца з Домам культуры пад адным дахам.

Працуе ў СДК прыбіральшчыцай і наша прыгажуня-Козачка – Алена Касцюк. На пенсіі яна знайшла сабе і магчымасць падзарабіць, і справу для душы. Яна не толькі выдатна спявае, але і па-майстэрску іграе Бабу-Ягу на дзіцячых навагодніх ранішніках!

Увогуле ў мясцовым СДК кіпіць жыццё, загадчык Таццяна Лушчык адзначыла, што ў 2025 годзе ў Мілейкаўскім СДК прайшло больш за 180 мерапрыемстваў рознага кшталту. Канцэрты, дыскатэкі для дзяцей і дарослых, інфармацыйна-пазнавальныя праграмы і нават спектаклі! Мясцовыя творчыя людзі і юбіляраў па ўсім сельсавеце віншуюць, і ў раённых мерапрыемствах удзельнічаюць, і з канцэртамі ездзяць нават у суседнія раёны. Творчыя і вясёлыя людзі, якія шчыруюць у мясцовым СДК, мараць, каб і надалей жыла тут песня ды танец, і Калядкі жылі, бо інакш нельга! А ўсім нашым чытачам мілейкаўскія калядоўшчыкі жадаюць толькі шчасця, толькі дабрабыту ў гэтыя асаблівыя святочныя дні!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.