Дзякуй за мірнае неба!

Напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі наведалі ўдзельнікаў вайны Зіновія Каланчука, Яўгенію Сіткевіч і Надзею Калінка
Сёння памяць аб іх, іх аповеды, успаміны, напоўненыя пякучым болем страт і гора, жывуць у сэрцах нашчадкаў. Мы помнім!
Мы ганарымся! Мы дзякуем за мірнае неба! Наш маральны доўг – перадаць гэтую памяць сваім нашчадкам, каб яна жыла ў вяках. І толькі на такім грунтоўным падмурку памяці мы і далей будзем будаваць сваю незалежную і квітнеючую дзяржаву.
Дзень Перамогі – не проста гістарычная дата, гэта подзвіг мільёнаў людзей у імя справядлівасці і мірнай будучыні. Ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны на асаблівым рахунку ў нас, прадстаўнікоў пакаленняў, якім выпаў гонар і адказнасць захоўваць памяць аб іх самаадданасці.
Іх засталося толькі трое… Зараз у Івацэвіцкім раёне пражывае толькі тры чалавекі з ліку ветэранаў і ўдзельнікаў вайны: Надзея Паўлаўна Калінка, што цяпер жыве ў дачкі ў Івацэвічах, Яўгенія Антонаўна Сіткевіч з в. Харошча і Зіновій Мікалаевіч Каланчук з Целяхан. Сёлета рашэннем раённага Савета дэпутатаў ім прысвоена званне Ганаровых грамадзян Івацэвіцкага раёна. У кожнага з іх – свой няпросты лёс, што так часта выпрабоўваў на стойкасць.
Зіновію Мікалаевічу Каланчуку ў чэрвені гэтага года споўніцца 98 гадоў. Вялікая Айчынная вайна стала для яго незабыўнай старонкай біяграфіі, дзе яму, юнаку, было ох як нясоладка. Жыццё не песціла амаль што з самага нараджэння. Калі яму было ўсяго тры гады, не стала бацькі, а следам хутка і маці, іх замяніў старэйшы брат Валодзя. Але і той памёр яшчэ ў пачатку вайны – захварэў на лёгкія. Прыглядвала за Зіновіем і яго малодшай сястрой жонка брата, аднак у большасці яны, стаўшы падлеткамі, перабіваліся тым, што маглі зарабіць самі, у асноўным пасвілі кароў.
Сірочае дзяцінства змяніла няпростае юнацтва, галодныя ваенныя гады. За ўвесь перыяд акупацыі тройчы моцна дасталася яму ад немцаў. Аднак і пасля вызвалення Беларусі жыццё не стала спакайнейшым. Летам 44-га ў Целяханах была створана спецгрупа НКУС для барацьбы з бандытызмам. Паліцаі і нацыяналісты аб’ядноўваліся ў банды і тэрарызавалі мясцовае насельніцтва, нішчылі актывістаў, рабавалі магазіны. 17-гадовага Зіновія за кароткі прамежак часу абучылі ваеннай справе, і ён у складзе спецгрупы НКУС ступіў на дарогу барацьбы, можна сказаць, вайны з бандытызмам.
І хоць з таго часу шмат вады сплыло, ды і знаходзіцца зараз Зіновій Мікалаевіч у такім шаноўным узросце, але яго памяць захавала ў падрабязнасцях дэталі тых далёкіх падзей, якімі ён з намі падзяліўся.
Так, аднойчы ішлі яны па следзе бандэраўцаў, што накіраваліся ў Бабровічы. Была позняя восень, і заінелая трава добра выдавала сляды, па іх і кіраваліся. Прыйшлі на хутар, дзе заселі бандыты, там завязалася моцная барацьба і перастрэлка – у тую ноч банда была разгромлена.
А пазней, у адным з такіх падобных баёў, Зіновій Мікалаевіч атрымаў цяжкае раненне – у нагу трапіла разрыўная куля. Каля чатырох месяцаў ён праходзіў лячэнне ў Целяханскай бальніцы, а пасля яго прызвалі на тэрміновую службу ў армію. Быў артылерыстам, спачатку служыў у Брэсце, затым у Пермі.
Пасля службы пачалося яго мірнае жыццё і доўгі працоўны шлях. Працаваў у крухмальным цэху арцелі, а потым электрыкам на камбінаце (потым – лыжная фабрыка) і нават пяць гадоў пасля дасягнення пенсійнага ўзросту.
Ажаніўся ён на мясцовай дзяўчыне Таісіі, разам пражылі яны 65 гадоў, дастойна выхавалі траіх дзяцей. Таісіі Аляксандраўны, як і старэйшай дачкі, на жаль, ужо не стала. Аднойчы паважанага дзядулю забрала жыць да сябе ўнучка ў Мінск. Тры дні жыцця «на паверхах» вытрымаў Зіновій Мікалаевіч ды папрасіўся назад у Целяханы, у сваю хату, на родную зямлю. Зараз амаль пастаянна з ім пражывае сын Аляксандр.
Надзвычай радуецца былы ўдзельнік вайны сустрэчам з дзецьмі, унукамі і праўнукамі, а яго ўспаміны – бясцэннае жывое сведчанне таго няпростага часу для новых пакаленняў. Ён, як і яго родныя, ведае цану памяці, беражліва захоўваючы факсімільнае выданне газеты «Чырвоная звязда» ад 10 мая 1945 года, час ад часу дастае яго з шафы і перачытвае артыкул аб падпісанні мірнага дагавора і аб сканчэнні вайны.
У надыходзячы юбілей Перамогі наш паважаны ветэран прымае шчырыя віншаванні ад шматлікіх гасцей.
– Расказвайце ў газеце больш аб вайне, каб моладзь памятала, каб не паўтаралі памылак мінулага, – такую просьбу выказаў Зіновій Каланчук карэспандэнтам раёнкі, праводзячы нас да веснічак, і яго вочы напоўніліся слязьмі.
І мы абавязкова не раз раскажам, мы будзем памятаць, паважаны Зіновій Мікалаевіч!
Чымсьці падобны лёс выпаў і харашчанцы Яўгеніі Антонаўне Сіткевіч. Яна з’яўляецца равесніцай Зіновія Каланчука – таксама ў чэрвені адзначыць сваё 98-годдзе. І ёй гэтаксама не хочацца пакідаць родныя сцены – дапамагаюць дзеці і сацыяльны работнік. У трохгадовым узросце і яна засталася без маці, а бацька ажаніўся ў другі раз, і яе, а яшчэ дваіх дзяцей, гадавала мачыха, з якой жыць было вельмі нялёгка.
Бацьку расстралялі ў 1942 годзе за сувязь з партызанамі, а іх хату спалілі. Яўгенія ж ледзь не трапіла ў Германію, таму вымушана была хавацца ў лесе.
З той пары і пачалося яе супрацоўніцтва з партызанамі. Не раз яна хадзіла на баявыя заданні, а яшчэ даглядала хворых і раненых у медсанчасці.
Сярод партызанаў яна сустрэла сваё першае каханне – Івана Сіткевіча, аднак той падчас вайны загінуў.
Толькі пасля вызвалення раёна Яўгенія Антонаўна вярнулася ў родную Харошчу, а куды падацца – было невядома, бо мачыха да сябе не прыняла. Дзякаваць богу, знайшоўся ў вёсцы добры чалавек – цётка Каця, яна да сябе дзяўчыну і прытуліла.
У канцы 1945 года з фронту вярнуўся аднавясковец Валодзя Сіткевіч, пасля цяжкага ранення ў нагу ён стаў інвалідам. За яго замуж і пайшла Яўгенія. І ўжо разам Сіткевічы будавалі сваю хату ды нажывалі дабро.
Усё жыццё Яўгеніі Антонаўны прайшло ў цяжкай працы: шчыравала паляводам, на свінаферме і апошнія 20 гадоў да пенсіі ў школе тэхнічкаю.
Разам з мужам выгадавалі дваіх дзяцей. Мужа не стала ў 1998 годзе, пайшлі з жыцця і двое яе дзяцей.
Падводзіць ужо здароўе, ды і слых жанчына мае слабы з-за кантузіі на вайне, праз гэта яна атрымала інваліднасць.
Віншаванні з нагоды юбілею Вялікай Перамогі Яўгенія Антонаўна прымала ад кіраўніцтва раёна, «пераможнага дэсанту» і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый у панядзелак, 5 мая. Надта расчулілі жанчыну ўвага, юбілейны медаль «80 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», падарункі і кветкі. А са слязьмі на вачах, нягледзячы на дрэнны слых, яна ўсё ж падпявала легендарную «Кацюшу».
Яе родным хочацца як мага далей прадоўжыць «восень» жыцця сваёй мамы, бабулі і прабабулі, для іх, як і для ўсіх нас, яна – прыклад стойкасці і самаадданасці.
Не назавеш лёгкім і лёс 100-гадовай Надзеі Паўлаўны Калінкі – надта глыбокія адмеціны на сэрцы пакінула Вялікая Айчынная вайна. Вялікі артыкул аб гэтай паважанай жанчыне быў надрукаваны 11 студзеня бягучага года з нагоды яе юбілею. Сёння мы зноў нагадаем чытачам аб няпростай жыццёвай дарозе ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны.
Родам яна з Бялавіч. Пачатак вайны застала 16-гадовай дзяўчынай, спазнала голад, холад, дні і ночы, праведзеныя ў лесе. А ў 1944-м пачаўся баявы шлях Надзеі. Адна справа, калі на фронт забіраюць мужчыну, зусім іншае – даведацца дзяўчыне аб тым, што ёй прадстаіць ваяваць.
Яна прайшла кароткі курс навучання ваенна-паветранай абароне і трапіла ў 282 асобны зенітна-артылерыйскі дывізіён. Удзельнічала ў многіх кровапралітных баях. Адказнай задачай, якая клалася на яе кволыя плечы і плечы такіх жа маладых дзесяці дзяўчат, была работа з прыборам упраўлення зенітным артылерыйскім агнём, яна выяўляла і перадавала ў штаб каардынаты варожых самалётаў.
На Радзіму вярнулася Надзея Паўлаўна толькі восенню 1945 года. У 1947-м выйшла замуж за аднавяскоўца Мікалая. Працавала сакратаром Бялавіцкага сельсавета, на вузлах сувязі ў Ляхавічах і Ганцавічах, а потым да самай пенсіі ўзначальвала Івацэвіцкае гарадское аддзяленне сувязі.
За праяўленую мужнасць Надзея Паўлаўна ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 2 ступені, медалём «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», а таксама шматлікімі юбілейнымі ўзнагародамі, якія сёння беражліва захоўвае яе сям’я.
Сёння былая франтавічка ахутана клопатам і ўвагай сваёй сям’і, да сябе ў Івацэвічы яе забрала дачка Ніна Мікалаеўна. У гэтыя перадсвяточныя дні ў іх хаце пануе асаблівая атмасфера, а дзверы амаль не зачыняюцца – паважаную ўдзельніцу вайны спяшаюць павіншаваць шматлікія госці, сярод іх – як дарослыя, так і дзеці, якім важна яшчэ і яшчэ раз сказаць шчыры дзякуй за мірнае неба, за шчаслівае жыццё, за свабоду і незалежнасць.
Нізкі паклон вам, паважаныя ветэраны, ад удзячных нашчадкаў!
Аксана ЦЯРЭШКА. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА і Сяргея МАЧАЛАВА.