Галоўнае не хуткасць, а якасць
Вадзіцель МАЗа ААТ «Святая Воля» Віктар Капыціч, які падчас жніва становіцца камбайнерам, з умоўным намалотам зерня ў 1 530,7 т заняў трэцяе месца ў Брэсцкай вобласці сярод старшых камбайнераў і камбайнераў (у сваёй катэгорыі). Для Віктара Мікалаевіча гэта 28-е жніво, у гаспадарцы ён працуе з юнацтва і мае рэпутацыю чалавека, здольнага дагаварыцца з тэхнікай. «Хочаце, каб яна паехала, паклічце Віцю», – расказваюць калегі.
Герой публікацыі і жніва-2024 нарадзіўся ў Святой Волі. Яго бацькі таксама працавалі ў сельскай гаспадарцы: бацька быў вадзіцелем, маці – бухгалтарам. Ён меў магчымасць пераехаць у горад, аднак застаўся ў аграгарадку. Атрымаў і ўжо выкупіў у сельгаспрадпрыемства дом, разам з жонкай выхаваў трох дачок. Чаго яшчэ жадаць? Ад дабра не шукаюць дабра, кажа субяседнік. І гэта не адзіны яго жыццёвы прынцып.
Вось яшчэ адзін: галоўнае не хуткасць, а якасць. Сумленне не дазваляе падчас жніва збіраць вяршкі, хочацца, каб максімум зярнятак трапіла ў засекі, а сучасная тэхніка дазваляе сабраць ураджай і з палеглых палёў, няхай сабе і не ўвесь, можна не ленавацца, не гнацца за выгадай і падабраць і тое зерне, што засталося ў полі пасля першага праходу камбайна. Дык вось чаму Віктара Мікалаевіча не было ў ліку першых тысячнікаў…
Другі прынцып – рыхтуй тэхніку зімой. Не ў характары субяседніка пакідаць усё на апошні момант, ды і любіць ён пакруціць жалеза. Знайшоў што ўдасканаліць нават у новым камбайне КЗС-1218, калі той толькі патрапіў у яго рукі пяць гадоў таму. Уборка зерневых і зернебабовых прайшла для яго экіпажа без прыгод. Вопытны камбайнер трэці сезон працуе ў пары з памочнікам і па сумяшчальніцтве зяцем Андрэем Калтуневічам. Паразуменне знайшлі адразу – як-ніяк радня.
– Я да работы сваёй прывык, і з кожным годам мне на ёй усё больш камфортна, – расказвае Віктар Мікалаевіч.– Да тэхнікі я сапраўды нераўнадушны, работа – гэта адно, аднак і дома ў мяне і аўтамабілі – легкавы і грузавы, і трактар. Гаспадарку яшчэ трымаем з жонкай, і карова да мінулага года была, хоць для вёсак хутка гэта стане дзівам. Гэтае жніво парадавала валам – амаль 13 тыс. т на рахунку нашай гаспадаркі, ды не парадавала ўраджайнасцю. Камбайнеры не любяць дажджы падчас уборачнай, затое мы любім, калі дажджы ёй папярэднічаюць, бо тады наліваецца зерне. А так пад праменямі сёлетняга пякучага сонца перасыхалі і ламаліся слабыя каласы. Не паспяваем сабраць усё. І шчуплыя зярняткі не такія важкія, як хацелася б. Тым не менш, жывёла забяспечана фуражом, дзяржзаказ таксама выкананы. Будзем спадзявацца, у наступным годзе нам пашчасціць больш.
Камбайн, на якім курсіруе па палях наш субяседнік, яшчэ не ў гаражы – нядаўна на ім малацілі грэчку, а хутка выедуць у кукурузныя палі. У кабіне камфортна нават у спёку, бо ёсць кандыцыянер (дарэчы, у «Святой Волі» кандыцыянеры амаль ва ўсіх трактарах, не гаворачы пра камбайны). Ва-
дзіцель успамінае той час, калі падчас жніва працаваў на Доне, потым перасеў на КЗС-10, цяпер вось на КЗС-1218, і ўсякая новая тэхніка больш дасканалая і функцыянальная. Аднак якой бы ні была тэхніка, умовы і зарплата, яны не ўтрымаюць у сельскай гаспадарцы, а ўтрымае толькі раман з вёскай, любоў да зямлі і да працы на ёй. Так здарылася ў жыцці святавольца Віктара Капыціча, добра ад гэтага яму, добра і тым, хто побач, і нам з вамі. Бо будзем з хлебам!
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, Аксана Цярэшка. Фота Вольгі Шэляговіч і Валерыя МІСКЕВІЧА.





