Галоўныя памочнікі і дарадцы

Галоўныя памочнікі і дарадцыУ мінулы аўторак на сцэне Косаўскага Дома культуры ўшаноўвалістараст сельскіх населеных пунктаў раёна.
У такім фармаце мерапрыемства праходзіла ўпершыню. І, забягаючы наперад, скажам, што так па ініцыятыве раённага Савета дэпутатаў зарадзілася новая традыцыя, бо мерапрыемства ўдалося на славу. Падвядзенне вынікаў і абмеркаванне эфектыўнасці работы органаў самакіравання праходзіла кожны год, але ў гэты раз мерапрыемства атрымалася святочным, урачыстым і прытым душэўным, як у цэлым і самі яго віноўнікі – сельскія старасты.
Для многіх сельскіх стараст, а іх 90 у нашым раёне, – гэта не проста дадатковая грамадская нагрузка, гэта вобраз жыцця іх – нераўнадушных, ініцыятыўных, адказных людзей. Стараста вёскі – гэта і першы памочнік мясцовай улады, і галоўны дарадца, часам настаўнік для сваіх землякоў. Людзі добра адчуваюць, хто да іх ставіцца з адкрытай душой, а хто імкнецца схлусіць, крывіць душой. Таму званне «стараста вёскі» атрымоўвае самы паважаны і аўтарытэтны жыхар, той, каму давяраюць усе.
Урачыстае мерапрыемства адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Бялоў. У сваім прывітальным слове кіраўнік раёна падкрэсліў, што старасты як ніхто іншы ведаюць пра ўнікальнасць і самабытнасць сваіх населеных пунктаў, як і пра тыя праблемы, якія часам там узнікаюць. Уладзімір Уладзіміравіч падзякаваў старастам за плённае супрацоўніцтва з мясцовай уладай у 2024 годзе і выказаў надзею, што такім яно будзе і ў 2025-ым. Падзякі райвыканкама з рук кіраўніка раёна атрымалі стараста аг. Быцень Валянціна Новік, стараста в. Вялікая Гаць Аляксей Кудравец, стараста в. Стайкі Анатоль Трафімчык, стараста в. Няхачава Валянціна Мінюк і стараста в. Выганашчы Ніна Барышчук.
Са словамі ўдзячнасці да галоўных памочнікаў і дарадцаў для старшынь сельскіх і гарадскога Саветаў звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Краўчук:
– Сёння свята ў гонар вас, паважаныя старасты. Хочацца, каб вы паглядзелі на сваю работу і сваіх калег пад іншым ракурсам, бо ў кожнага з вас ёсць якасці, якімі павінен валодаць сапраўдны сельскі стараста. Гэта і нераўнадушша да патрэб вяскоўцаў, і ўменне своечасова дапамагчы, і натхніць асабістым прыкладам. Дзякуй вам за адданую працу. Разам мы зможам вырашыць любыя задачы.
Падзякамі раённага Савета дэпутатаў былі адзначаны старасты вёсак Сярадава, Волька, Краі, Лазаўцы, аг. Мілейкі, Любішчыцы і адначасова дзвюх вёсак Ёдчыкі і Ятвезь: Тамара Міхінкевіч, Марына Хоміч, Аляксей Палячок, Валянціна Колмак, Вячаслаў Белавус і Святлана Шчурко адпаведна (на фота).
У Івацэвіцкім раёне 10 сельсаветаў і адзін гарадскі Савет дэпутатаў, у кожным з іх працуюць старасты, якія з павагай адносяцца да людзей, да сваёй малой радзімы, да зямлі. Пра кожны сельсавет гучалі цёплыя і шчырыя словы са сцэны, як і пра самых актыўных стараст. Яны галоўныя памочнікі сельвыканкамаў у вырашэнні надзённых пытанняў: у навядзенні парадку ў месцах грамадскага карыстання, выяўленні гаспадароў пустуючых дамоў, кантролі за сем’ямі ў складанай сітуацыі, прафілактыцы з парушальнікамі грамадскага парадку. Прычым старасты – гэта і ўплывовая самастойная адзінка, якая здольная вырашаць многія праблемы.
На ўрачыстасці прысутнічалі кіраўнікі арганізацый, якія непасрэдна звязаны з вырашэннем пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва і стварэння максімальна камфортных умоў для жыцця на сяле.Гэта Алена Куратнік, старшыня Івацэвіцкага райспажыўтаварыства, Людміла Ільянкова, дырэктар ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ», Таццяна Кульгавеня, дырэктар ЦБП № 111 ААТ «АСБ Беларусбанк», Ніна Каральчук, дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Івацэвіцкім раёне, Мікалай Дашэвіч, намеснік галоўнага ўрача Івацэвіцкай ЦРБ. Кожны з іх таксама адзначыў лепшых стараст, хто ўдала сумяшчае ці сумяшчаў раней працоўныя абавязкі ў іх сферы і так званую грамадскую пасаду. Гэта старасты Жытліна, Аброва, Вулькі-Целяханскай, Магіліц, Амяльной, Размерак – Валянціна Клютко, Дзмітрый Макаранка, Лідзія Юркевіч, Святлана Горбач, Зоя Кармановіч, Жанна Куцко.
Святочны і прыўзняты настрой у той дзень дапамагалі ствараць салісты і калектывы Івацэвіцкага раённага Дома культуры. Як было не падхапіць словы з вядомых песень «Сланечнік», «Чорная парэчка», «Няхай збываецца», «Родны мой горад». Бо як гучыць у аднайменнай песні родны горад, пасёлак ці вёсачка – гэта любоў на ўсё жыццё. Таму і хочацца сапраўдным патрыётам, якімі, безумоўна, з’яўляюцца старасты, каб яны раслі, квітнелі і развіваліся. І ў Год добраўпарадкавання, упэўнены, кожны з іх разам з жыхарамі будзе імкнуцца зрабіць жыццё на вёсцы яшчэ больш камфортным. Няхай усё збудзецца!
Канцэртам святочная праграма не скончылася, у той дзень для стараст была арганізавана экскурсія па Косаўскім палацы.
Юлія Кавалёва. Фота Валерыя Міскевіча.