Close
Главная новость

Гаспадыня сельмага

Гаспадыня сельмага
  • Опубликовано:16 февраля, 2025

Гаспадыня сельмага Загадчык магазіна «Родны кут № 38» у Хадаках Святлана Міраноўская ў гэтым годзе адзначыць двайны юбілей – асабісты і працоўны.

Пра ўзрост у жанчын не пытаюць, але наша гераіня з вялікай павагай ставіцца да сваіх гадоў, яны для яе насамрэч – багацце. 19 лютага Святлана Мікалаеўна адзначыць 60-гадовы юбілей, а яшчэ будзе 35 гадоў, як яна ўпершыню стала за прылавак сельскага магазіна.

Скажам без перабольшвання, што магазін на сяле – гэта цэнтр усяго. Тут кіпіць жыццё, гэта месца не толькі для пакупак, але і для шчырых размоў, абмену навін.

Як і сваіх пакупнікоў, нас у магазіне юбілярка сустрэла шчырай усмешкай і цёплым прывітаннем, цяпер разумееш сакрэт яе плённай шматгадовай працы ў такім людным месцы! Святлана Міраноўская нарадзілася і вырасла ў Хадаках у вялікай сям’і – іх у бацькоў было чацвёра. Хадзіла ў мясцовую школу, часта дапамагала маці-даярцы. Праца даяркі тады была выключна ручная і такая цяжкая, таму калі прыйшоў час выбіраць прафесію, юная Света сказала як адрэзала: куды заўгодна, толькі не па матуліных кроках!

Учарашняя школьніца, якая заўсёды была з лічбамі на «ты», пайшла ў школу «Магазін» у Івацэвічах, тут навучалі будучых прадаўцоў для магазінаў райспажыўтаварыства. Святлана паспяхова яе скончыла ў 1983 годзе, але пасля практыкі ў воленскім магазіне спужалася адказнасці. Выйшла замуж і працавала некаторы час у гаспадарцы.

– І ўсё ж лёс прывёў мяне за прылавак крыху пазней, у 1990-м, – кажа Святлана Мікалаеўна. – Памятаю, як захварэў былы загадчык магазіна, і мы з маладой практыканткай, абедзве яшчэ зялёныя, прымалі магазін. Справіліся і працавалі без выхадных, бо вёска тады жыла, гудзела. Якія чэргі стаялі ў 90-я тут, каб вы бачылі! Усіх трэба было прыняць, ні на капейку не падмануць з драўляным лічыльнікам і механічнымі шалямі на ўзбраенні!

Прадавец успамінае, як з ночы людзі займалі чэргі і чакалі машыну з таварам з Баранавіч, як за паўгадзіны яны прадавалі па пяць скрыняў каўбасы… Да 2000-х у магазіне з’явілася каса і калькулятары, рабіць стала прасцей, а тавараў наколькі больш з’явілася на паліцах! Было што прапанаваць і ў самім магазіне, і на выездзе. Калектыў, а працавалі тады ў магазіне разам з загадчыкам яшчэ два прадаўцы, адпраўлялі гандляваць на Хаваншчыну, на кірмашы ў райцэнтр і нават у Брэст! Усюды дзяўчаты працавалі з настроем, адусюль ехалі амаль без тавару – усё прадавалася! 15 гадоў таму Святлана Міраноўская пераняла кіраўніцтва ў Марыі Жабінскай і стала загадчыкам, таксама амаль тры дзясяткі гадоў поплеч з нашай юбіляршай працуе і прадавец 6-га разраду Валянціна Ефімовіч. Зараз тут шчыруюць два прадаўцы і прыбіральшчыца. Магазін вялікі, прыгожы, утульны, на паліцах усё – ад хлеба і малака да морапрадуктаў і экзатычных фруктаў, адна бяда – пакупнікоў сёння на вёсцы значна менш…

– Раней ідзеш наведаць маці праз усю вёску, разоў 30 павітаешся з суседзямі, якія сядзелі на лаўках, дахаты вяртаешся – зноў з імі ж вітаешся, так у нас было прынята, – дзеліцца Святлана Міраноўская. – Сёння можаш нікога не сустрэць на гэтым шляху. Людзі едуць у горад, няма ўжо і школы, і садка, весялей у магазіне летам, калі тут дзеці ды ўнукі нашых пажылых. А нам на сэрцы цяплей, калі гандаль шпаркі. Для людзей стараемся! Прымаем заказы на любую прадукцыю, харчовую і нехарчовую, каб не было лішняй патрэбы ехаць у горад закупляцца. Магазін на вёсцы патрэбны, стараемся не саступаць гораду, хутка будзем з маёй калегай асвойваць новы апарат – сканер штрых-кода, будзем яшчэ хутчэй людзей разлічваць!

Так, было некалі ў Хадаках больш магазінаў, сёння адзін, але і ў 90-я, і зараз ён прыцягвае людзей магнітам яшчэ і таму, што пакупнікам тут заўсёды рады. Мая суразмоўца за гады чатыры разы была адзначана ўзнагародамі ад кіраўніцтва райспажыўтаварыства за плённую працу, ды і сама яна прызнаецца: не шкадуе аб некалішнім рашэнні і работу сваю любіць. Хоць бацька ёй раіў некалі кінуць гандаль, лічыў гэтую работу вельмі няўдзячнай. А яна засталася вернай свайму рашэнню.

Зараз Святлана Міраноўская рыхтуецца да святкавання юбілею, чакае гасцей. Прыедуць дзеці, унукі, пляменнікі, сябры, яшчэ жывая, на шчасце, маці Марыя Сцяпанаўна.

Дарэчы, у Святланы няпросты жаночы лес. Маладой яна засталася ўдавой, 23 гады таму пайшла замуж другі раз за аднавяскоўца Аляксандра. Мужчына застаўся адзін з трыма дзецьмі пасля трагічнай гібелі жонкі. Святлана Мікалаеўна стала для іх другой маці. Жанчына па-
дзялілася: сёння, ужо з узростам, муж усё часцей дзякуе жонцы за дапамогу ў выхаванні дзяцей, за яе шчырую любоў да шматлікіх унукаў.

Хутка ўсе яны збяруцца за вялікім сталом, без сумнення, павіншуюць Святлану Мікалаеўну і на любімай рабоце. Ці гэта не шчасце?.. Віншуем Святлану Мікалаеўну і мы з надыходзячым юбілеем, жадаем і надалей жыць шчасліва і ў згодзе з людзьмі, якія для яе, канечне, ужо больш, чым пакупнікі, – сябры!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.