Год беларускай жанчыны: што ён нам падорыць?
Абвешчаны Год беларускай жанчыны ўскалыхнуў грамадскасць: нехта абрадаваўся, нехта здзівіўся, нехта адразу зацікавіўся: якім будзе гэты год, якія мерапрыемствы, падзеі ён нам падорыць?.. Акурат напярэдадні выхаду чарговага нумара «ІВ» у краіне прэзентавалі лагатып Года беларускай жанчыны. Ён ужо размешчаны на нашай першай старонцы, аўтарам лаканічнага і прыгожага лагатыпа стала фатограф з Ваўкавыска Яўгенія Пагранічная.
Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўпершыню ў Беларусі абралі не проста тэму года, а яго сімвал. Кіраўнік дзяржавы даручыў распрацаваць план па правядзенні Года беларускай жанчыны. А чаго чакаюць ад 2026 года нашы землякі?

Вадзім Штагрын, намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце вайсковай часці 7404, сакратар маладзёжнага Савета пры Івацэвіцкім раённым Савеце дэпутатаў:
– Згодна з Указам Прэзідэнта нашай краіны, Галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь, 2026 год пройдзе пад знакам, які датычыцца кожнага з нас, без выключэння. Гэта – Год беларускай жанчыны. Значымасць такога года для ваеннаслужачых распасціраецца далёка за сцены казарм і штабаў. Яна жыве ў нашых сем’ях, нашых дамах, сэрцах. Для ваеннаслужачых гэта год найвышэйшай павагі да жанчын, бязмернай падзякі жанчыне-захавальніцы ачага.
Для мяне Год беларускай жанчыны – гэта яшчэ і год мужчынскага доўгу. Мы абавязаны памятаць, цаніць і абараняць прадстаўніц прыгожай паловы. Абараняць не толькі са зброяй у руках на рубяжах Радзімы, але і бараніць іх спакой, жаночае права на шчаслівае жыццё. А наша служба – гэта і ёсць надзейная гарантыя спакою. Абвяшчэнне Года беларускай жанчыны – нагода для кожнага з нас яшчэ раз падзякаваць нашай матулі – за жыццё і выхаванне, жонцы – за цярпенне і вернасць, дачцэ – за веру ў нас, калезе па службе – за надзейнае плячо!

Святлана Шупенік, маці-выхавацель дзіцячага дома сямейнага тыпу:
– Пра абвяшчэнне Года беларускай жанчыны мы даведаліся падчас навагодняга віншавання Прэзідэнта краіны. 2026 год мы сустракалі ўсёй сям’ёй за вялікім сталом. Разам з мужам Дзмітрыем пад дахам вялікага дома мы выхоўваем семярых дзетак, яшчэ двое знаходзяцца на патранатным выхаванні. Усяго ж за тры гады нашага жыцця ў доме сямейнага тыпу праз нашы рукі і сэрцы прайшлі 17 дзетак. Я пажартавала пры сваім Дзмітрыі, маўляў, у Год беларускай жанчыны ўся ўвага будзе нададзена мне, і мой каханы не адмовіўся ад такой перспектывы! Лічу, што жанчыну можна параўнаць з многафункцыянальнай машынай, бо яна і маці, і жонка, і дачка, і работнік, і гаспадыня, яшчэ многа такіх «і» можна пералічыць. Канечне, мы заслугоўваем увагі і падзякі. Няхай кожная жанчына ў гэтым асаблівым годзе напаткае сваё шчасце, якое можа заключацца ў самых розных іпастасях, маё ж – у дзецях!

Алёна Ткачук, загадчык жаночай кансультацыі УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ», урач акушэр-гінеколаг:
– Як чалавек, які з 2010 года працуе ў медыцыне, спадзяюся, што 2026-ы будзе яшчэ і годам жаночага здароўя. Няхай год падорыць нам мерапрыемствы, акцыі, накіраваныя на захаванне здароўя. Няхай і самі жанчыны звернуць на гэтыя пытанні больш увагі. Некалі па парадзе сваёй матулі я абрала менавіта акушэрства, ніводнага разу не пашкадавала аб гэтым. Сёння пад апекай і доглядам урачоў кансультацыі больш за 20 тысяч жанчын. Адзін з найважнейшых напрамкаў нашай работы – рэпрадуктыўнае здароўе жанчын. На ўліку па цяжарнасці ў кансультацыі стаіць 151 жанчына, у 2025 годзе працэдуру ЭКА правялі 13-ці пацыенткам, шэсць з іх – за бюджэтныя сродкі дзякуючы адпаведнаму Указу Прэзідэнта. Багатым на радзіны быў першы месяц новага года, 13 нашых зямлячак сталі матулямі. Прыемна будзе адчуваць асаблівую ўвагу да нас, жанчын, на працягу ўсяго года. Але я прапаную ўсім прадстаўніцам прыгожай паловы пачаць тэматычны год з клопату пра сябе!

Сяргей Вабішчэвіч, старшыня праўлення Івацэвіцкага райспажыўтаварыства:
– Такая навіна, абвешчаная амаль што пад бой курантаў, парадавала мужчынскую палову. Нашы беларускія жанчыны заслугоўваюць асаблівай павагі і ўвагі не толькі ў 2026 годзе, а заўсёды! З нядаўняга часу я ўзначальваю вялікі калектыў, і з 814 чалавек у ім 599 – гэта жанчыны, нямала іх і сярод ветэранаў галіны. Жаночымі рукамі ў нашым раёне пячэцца хлеб, робяцца каўбасы і прыправы, саленні, пераважна жанчыны стаяць за прылаўкамі магазінаў і вітаюць пакупнікоў… Ды што тут скажаш, менавіта жанчыны кіруюць некаторымі філіяламі, сярод маіх намеснікаў – прадстаўніцы прыгожай паловы, а да мяне таварыствам удала кіравалі Тамара Варабей і Алена Куратнік. Я заўсёды шчыра здзіўляюся моцы нашых жанчын, іх выключнаму розуму, таленту паспяваць усё і пры гэтым заставацца заўсёды прыгожымі і ветлівымі. У нашым калектыве шчыруюць 34 шматдзетныя матулі, 32 жанчыны выхоўваюць дзетак да трох гадоў, і гэта наш «залаты» запас. Як і раней, мы будзем падтрымліваць шматдзетных матуль, ушаноўваць лепшых работніц. Упэўнены, гэта будзе цікавы год!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.





