Гран-пры і першае месца

І зноў калектывы Івацэвіцкай ДШМ заваявалі самыя высокія ўзнагароды на свяце-конкурсе інструментальнай музыкі.
Ужо больш за два гады міжрэгіянальны конкурс інструментальнай музыкі «Музычны калейдаскоп» не праводзіўся ў г. Пружаны з-за пандэміі, і ўдзельнікі засумавалі па жывой музыцы, па канцэртным прыўзнятым настроі, па непаўторных перажываннях на сцэне. 26 сакавіка былі падведзены вынікі конкурсу: Дыпломам першай ступені ўзнагароджаны ўзорны інструментальны ансамбль «Забавушка» (кіраўнік Алег Зыбайла) і самую высокую ўзнагароду – Гран-пры – атрымаў народны інструментальны ансамбль «Аnima» (кіраўнік Людміла Зыбайла) Івацэвіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Ансамбль «Забавушка» падрыхтаваў на конкурс праграму з твораў беларускіх кампазітараў: «Дзявочы карагод» Леаніда Маліноўскага і «У Харкаве ідзе дождж» Сяргея Стэльмаха.
Мяккае і лірычнае гучанне домраў і баянаў, баса і клавішных інструментаў так спадабаліся журы, што «Забавушцы» было прысуджана першае месца. Як радаваліся дзеці – удзельнікі калектыву! Гэта былі непаўторныя імгненні. Такія выступленні яднаюць, выхоўваюць калектыўнае пачуццё таварыства і сяброўства. Больш старэйшыя школьнікі – Андрэй Струнеўскі, Яраслаў Лындоў, Дзмітрый Трафімовіч, Вольга Мінюк і Вераніка Філюціч апякалі і падтрымлівалі самых юных – Дар’ю Кот і Дар’ю Заноўскую. Вельмі ўпэўнена выступілі Анастасія Снітко, Ганна Дычко, Ульяна Столпнікава і Глеб Шыян.
Сваё ўдалае выступленне дзеці адзначылі ў буфеце смачнымі булачкамі, піцай і хот-догамі. Усім вельмі спадабалася паездка, якая іх натхніла. «Мы гатовы да новых вяршынь», – казалі яны дружна, і кіраўніку Алегу Іванавічу Зыбайлу было радасна за іх «баявы» настрой.
І ансамбль настаўнікаў «Аnima» прыпаднёс сюрпрыз удзельнікам і журы, выклікаў здзіўленне і зачараванне. І як вынік – Гран-пры, галоўны прыз фестывалю. Канцэрт Антоніа Вівальдзі, які гучаў з «вуснаў» домры, цымбалаў, баса і фартэпіяна, сваёй зладжанасцю, артыстычнасцю, акадэмічным і прафесійным выкананнем перанёс слухачоў у эпоху барока і Рэнесансу, паказаў шматграннасць нашых выканаўцаў і магчымасці інструментаў. Але асаблівая загадка і разыначка была ў выкананні ансамблем «Аnima» санаты Валянціна Россера, дзе серабрысты гук домры і цымбалаў дапоўніла спяваючая труба маладога настаўніка Барыса Кушнера.
Усе ўдзельнікі ансамбля – Вольга Шаціла, Алег Зыбайла, Вольга Ятчэня і кіраўнік ансамбля Людміла Зыбайла – адзначылі высокі арганізатарскі ўзровень і добрую падрыхтоўку конкурсу. 38 самых заўважных і актыўных калектываў прынялі ўдзел у гэтым свяце музыкі. Віншуем з перамогай!
Валянціна БОБРЫК. Фота з архіва школы.