Хлеб на далонях жанчыны
Спасцігаць навуку зямлі не перастае галоўны аграном ААТ «Мілейкі»Алена Гардзейка.
Упершыню за ўсю сваю шматгадовую практыку галоўны аграном ААТ «Мілейкі» Алена Гардзейка можа з гонарам адзначыць: сёлета валавы збор збожжа ў гаспадарцы перавысіў 9 000 тон, што на тры тысячы тон больш за леташні паказчык. І гэта без уліку кукурузы. Пра сакрэты такога небывалага поспеху мы і пагаварылі з Аленай Аляксееўнай.
Алена Гардзейка – ураджэнка вёскі Жамайдзякі. Пасля сканчэння Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума, што на Віцебшчыне, яна вярнулася на радзіму, нават не ўяўляючы тады, што прысвеціць сябе сельскай гаспадарцы, бо звязваць сваё жыццё з атрыманай прафесіяй агранома яна не планавала, марыла пра медыцыну, але лёс распарадзіўся інакш. З 1992 года Алена Аляксееўна працуе ў ААТ «Мілейкі», апошнія 15 гадоў – на пасадзе галоўнага агранома.
– Клімат змяняецца, ад надвор’я цяпер шмат што залежыць, – расказвае Алена Аляксееўна. – Але мы навучыліся супрацьстаяць капрызам прыроды.
Гэты год у тым ліку і для мілейкаўскіх аграрыяў стаў сапраўдным выпрабаваннем: вясновыя замаразкі ставілі пад сумнеў поспех гаспадаркі ў сферы раслінаводства. Аднак насуперак усім цяжкасцям рэзультат пераўзышоў усе чаканні.
Землі ў гаспадарцы ў асноўным супясчаныя, якія патрабуюць асаблівага догляду і пастаяннага ўнясення ўгнаенняў, і толькі невялікая частка ўгоддзяў – ва ўрочышчы «Заялоўе» і ў Пагор’і – тарфянікі. Структура пасяўных плошчаў з году ў год застаецца стабільнай. Што тычыцца збожжавых, то стаўку ў гаспадарцы ў асноўным робяць на азімыя.
– Найбольшую ўраджайнасць сёлета дало азімае жыта – 52,3 ц/га. Асабліва парадавала азімае трыцікале – 46 ц/га, летась яго мы атрымалі 27,5 ц/га, добры ўраджай даў яравы ячмень – 44 ц/га (у мінулым годзе было 25,9 ц/га), – дзеліцца поспехамі Алена Аляксееўна і дадае: – І цукровыя буракі ў гэтым сезоне не падвялі – кожны гектар даў больш за 600 цэнтнераў (летась было 506), ды і цукрыстасць вышэйшая за базісную.
Наогул падчас уборачнай кампаніі-2025 мілейкаўскія аграрыі то і справа вырываліся ў лідары раёна, пра іх шмат мы пісалі на старонках газеты. На пытанне пра сакрэт такога рыўка наперад Алена Аляксееўна сціпла адказвае:
– Трэба сказаць, што кожны год мы прыкладалі намаганні, выконвалі тэхналагічныя патрабаванні, абнаўлялі насенны фонд. Магчыма, сёлета сваю ролю адыграў перагляд сістэмы ўнясення ўгнаенняў. Наогул жа поспех гаспадаркі – гэта вынік карпатлівай працы ўсяго калектыву і, безумоўна, граматнага кіраўніцтва, а яшчэ любові да зямлі.
Ужо зроблены задзел на ўраджай наступнага года – даўно завяршылі сяўбу азімых. Апошнія гады тут актыўна выкарыстоўваюць тэхналогію безадвальнай апрацоўкі зямлі, якая, па словах Алены Аляксееўны, таксама дае добрыя вынікі.
Праца агранома нялёгкая, прызнаецца яна: ненарміраваны працоўны дзень, асабліва ў перыяд пасяўной і ўборачнай, да таго ж, неабходна пастаянна вучыцца і трымаць руку на пульсе. Алена Аляксееўна мае вадзіцельскія правы і актыўна выкарыстоўвае службовы аўтамабіль для раз’ездаў па палях, бо землі гаспадаркі распасціраюцца на дастаткова аддаленых адлегласцях. Зімой у агранома таксама хапае спраў: «папяровая» праца, справаздачы, планаванне і многае іншае. З заканчэннем палявых работ працоўны дзень становіцца карацейшым, але на гэтым не заканчваецца, бо дома чакае гаспадарка. А летам да гарачага сезону агранома дадаюцца яшчэ градкі і 30 сотак бульбы ў полі, якая, дарэчы, сёлета добра ўрадзіла.
Але Алене Гардзейка не прывыкаць да цяжкасцей. Побач заўсёды падтрымка сям’і: муж Валянцін працуе механізатарам, разам яны выхавалі двух сыноў. Дарэчы, дом, які выдзеліла ў свой час гаспадарка сям’і, ужо выкуплены ва ўласнасць.
У планах у ААТ «Мілейкі» – новыя мэты і планамерная праца для дасягнення новых высокіх вынікаў. А галоўны аграном Алена Гардзейка гатова і далей укладваць свае веды і вопыт у развіццё роднага сельгаспрадпрыемства.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.





