Так лічыць Вера Амяляшчык, загадчык Дабромысленскага ФАПа, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, пра свае жыццёвыя і працоўныя будні.

Цяжка ўявіць іншую, больш значную і высакародную прафесію, чым работнік аховы здароўя. Гэта людзі, якія ведаюць сапраўдную цану чалавечаму жыццю і здароўю, гатовыя ў любы час дня і ночы прыйсці чалавеку на дапамогу.

Вера Амяляшчык – загадчык Дабромысленскага ФАПа, фельчар вышэйшай катэгорыі з 32-гадовым стажам, дэлегат VI і VII Усебеларускага народнага сходу, дэпутат Волькаўскага сельскага Савета дэпутатаў па Дабромысленскай выбарчай акрузе № 4, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Волькаўскай выбарчай акрузе № 18, кветкавод, вядучая святочных мерапрыемстваў, клапатлівая жонка, матуля і бабуля…

Падчас нашай сустрэчы мы папрасілі яе адказаць на некаторыя пытанні.

– Вера Пятроўна, раскажыце, калі ласка, пра пачатак сваёй жыццёвай дарогі.

– Нарадзілася я 31 сакавіка 1972 года ў вёсцы з прыгожай назвай Мілавіды Баранавіцкага раёна ў простай сям’і. Гэта 14 км ад Дабромысля. Бацькі выгадавалі чацвярых дзяцей, я была другой. З ранняга дзяцінства яны прывучылі ўсіх нас да працы. Старанна вучылася я ў школе, была выдатніцай. І ўжо ў 7 класе канчаткова вырашыла звязаць свой лёс з медыцынай. Пэўны час я жыла ў сваёй бабулі, якая мела вельмі дрэннае здароўе. Жылі мы недалёка ад амбулаторыі, таму вельмі часта бегала па ўрача ці фельчара, каб яны аказалі дапамогу ёй. Яшчэ школьніцай атрымлівала асалоду ад таго, што дапамагала сваёй хворай бабулі хутчэй паправіцца. Заўжды гаварыла сваім аднакласнікам, што мару паступіць у медыцынскую ўстанову. І час выбару прыйшоў у 1989 годзе пасля заканчэння Мілавідскай школы.

– Раскажыце пра сваю вучобу і працоўныя будні.

– Здаўшы паспяхова ўступныя экзамены, я 1 верасня 1989 года стала навучэнкай Баранавіцкага медвучылішча. Вучылася з вялікім задавальненнем, паспявала займац-
ца грамадскай работай, праяўляла актыўную жыццёвую пазіцыю. Была камсаргам групы, актывісткай. Закончыла вучылішча ў 1992 годзе з чырвоным дыпломам. З пазіцыі пражытых гадоў шчыра скажу аб тым, што чырвоны дыплом без любові да прафесіі – усяго толькі паперка. Перада мною стаяў выбар: працягваць вучобу ці ісці працаваць. Я выбрала працоўны шлях.

Прыехала ў Івацэвіцкі раён пасля заканчэння медвучылі-шча па размеркаванні. Спачатку працавала на падмене дэкрэтнага водпуску загадчыцай Любішчыцкага ФАПа, а з лютага 1993 года і па сённяшні дзень – загадчык Дабромысленскага ФАПа. Я добра ведала, што да мяне на ФАПе ў Дабромыслі працаваў Павел Паўлавіч Каласоўскі, вельмі паважаны чалавек у вёсцы і раёне, з вялікім жыццёвым і прафесійным вопытам больш за 40 гадоў. За сваю працу быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», нагрудным знакам «Выдатнік аховы здароўя». Вельмі часта заходзіў на ФАП, але ніколі не ўмешваўся ў маю працу, толькі назіраў. Па сённяшні дзень у маёй душы жывуць словы, якія ён мне праз пэўны час сказаў: «Вы выбралі правільную жыццёвую дарогу, гэта ваша прафесія». І я імкнулася спраўдзіць яго словы.

Ужо на пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці я вызначыла сваё жыццёвае крэда: хочацца быць карыснай людзям. Лячыць людзей – гэта маё прызванне. Раблю гэта, кіруючыся мудрым жыццёвым прынцыпам: фельчар і пацыент – агульны ланцужок.

Дабромысленская зямля стала для мяне другой радзімай. Выйшла замуж, выгадавалі з мужам Дзмітрыем дачку Маргарыту і сына Вадзіма, якія закончылі Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Дачка – настаўніца пачатковых класаў у адзінай беларускамоўнай школе ў г. Брэсце, а сын спачатку працаваў да арміі ў школе, зараз – супрацоўнік МУС у Брэсце. Маю траіх унукаў. Мая сям’я мяне заўжды ва ўсім падтрымлівае, гэта надае мне энергіі і сіл.

У маёй практыцы былі выпадкі, калі патрэбна было праявіць асаблівы медыцынскі прафесіяналізм. Часта людзі былі на мяжы жыцця і смерці. І такіх момантаў у маёй практыцы было шмат. Я заўжды з вялікай павагай стаўлюся да кожнага свайго пацыента: ад немаўляці да чалавека пажылога ўзросту. І на працягу ўсіх 32 гадоў працы дапамагаю людзям. Я ніколі нікому не скардзілася ні на ўмовы працы, ні на тое, што прыходзіцца працаваць часта без выхадных, што бываюць начныя выклікі, што не заўжды хапала часу на сваю сям’ю. Саджуся на свой транспартны сродак і еду да хворага чалавека. Акрамя таго, што я абслугоўваю жыхароў яшчэ чатырох населеных пунктаў – Глядзення, Дабромысля, Закаплічча, Сасновага Бору, а гэта – больш за 450 чалавек, амаль усіх ведаю асабіста, а яшчэ працую па сумяшчальніцтве ў Сялецкім ФАПе, адказваю за здароўе 180 жыхароў Сяльца і Югаліна.

Лічу, што сістэма кантролю за здароўем у сельскай мясцовасці адпрацавана не горш, чым у горадзе. Двойчы ў год праводжу падворныя абходы – у кожнага жыхара вымяраю артэрыяльны ціск, у жанчын даследую малочную залозу. Засмучае тое, што многіх людзей губіць раўнадушша да ўласнага здароўя.

У апошнія гады на рэгулярнай аснове да нас наведваюцца ўрачы рознага профілю з Івацэвіцкай ЦРБ, два разы ў год – флюарограф, па графіку прыязджае перасоўны ФАП.

Радасная і важная падзея для жыхароў нашага Дабромысленскага краю адбылася 3 лістапада 2023 года: Дабромысленскі ФАП справіў наваселле і адкрыўся пасля праведзенага ў ім рамонту. Абноўлены ФАП пераехаў у будынак Дабромысленскага сельскага клуба і аснашчаны ўсім неабходным для камфортнага і якаснага аказання медыцынскай дапамогі жыхарам краю. Тут размясціліся працэдурны і акушэрскі кабінеты, кабінет фельчара, тэхнічныя памяшканні. У нас на ФАПе можна прайсці амбулаторны агляд, здаць кроў на аналіз, атрымаць прышчэпку, зрабіць кардыяграму, набыць неабходныя медыкаменты. Хочацца сказаць словы шчырай удзячнасці кіраўніцтву раёна і райсавета, Івацэвіцкай ЦРБ, будаўнічым арганізацыям за такі падарунак для жыхароў нашага краю.

У маім жыцці было шмат усяго рознага. Не было толькі аднаго – шкадавання аб тым, што выбрала такую жыццёвую дарогу, што прыйшла працаваць у медыцыну.

Акрамя асноўнай працы ў мяне ёсць сваё хобі – вырошчванне кветак. Іх у хаце і на падворку вельмі шмат. Прыйду з працы, каб зняць стому, зайду ў кветнік, і духмяны, пахучы іх водар падымае мне настрой, на душы і сэрцы становіцца лёгка і радасна.
Часта выступаю на сходах грамадзян, на бацькоўскіх сходах па пытаннях здаровага ладу жыцця, праводжу значную санітарна-асветніцкую работу сярод насельніцтва.

Вера Пятроўна, вы былі дэлегатам VI і VII Усебеларускага народнага сходаў. Падзяліцеся сваімі ўражаннямі.

– VII Усебеларускі народны сход прайшоў у новым канстытуцыйным статусе і стаў адным з самых хвалюючых падзей года. Шчыра рада, што ў ліку дэлегатаў УНС – прадстаўнікі медыцыны, якія праяўляюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, яны не толькі адкрыта выказвалі свой пункт гледжання, але і прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні важных пытанняў.

VII УНС у чарговы раз пацвердзіў: наш народ, і толькі ён, мае права выбіраць далейшы лёс краіны. Думаю, кожны дэлегат адчуў пачуццё высокай грамадзянскай адказнасці за лёс краіны і беларускага народа. Помняцца словы, якія сказаў Прэзідэнт: «Наша місія – служэнне ў імя будучага Беларусі». Важнай падзеяй на VII УНС стала зацвярджэнне Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны – фундаментальнага дакумента па забеспячэнні ўласнай бяспекі. Сход лічу знакавым яшчэ і таму, што ён пачаў працаваць у якасці канстытуцыйнага органа. Склад яго быў сфарміраваны так, каб пачуць прадстаўнікоў усіх сфер і свайго грамадства. Ганаруся тым, што другі раз мне аказаны давер прадстаўляць і Івацэвіцкі раён на ўзроўні рэспублікі. Сваімі ўражаннямі аб удзеле ва УНС я дзялілася на дыялогавых пляцоўках сярод калег і аднавяскоўцаў.

– Вы з’яўляецеся дэпутатам сельскага і раённага Саветаў дэпутатаў. Якімі якасцямі павінен валодаць дэпутат на ваш погляд?

– Дэпутата выбіраюць людзі, каб ён прадстаўляў іх інтарэсы, а калі патрэбна – адстойваў. У першую чаргу, трэба быць чэсным і справядлівым чалавекам. Работа кожнага дэпутата, любога ўзроўню, звязана з прыняццем рашэнняў, якія могуць паўплываць на жыццё людзей. Кожны з нас павінен быць гатовым да таго, каб несці адказнасць за свае ўчынкі, добра валодаць прафесійнымі ведамі, вопытам у той галіне, якую прадстаўляеш. Мець камунікатыўныя навыкі, умець выслухаць чалавека і, вядома, дапамагчы вырашыць пытанне, якое яго хвалюе, праяўляць ініцыятыву. Вельмі важна ўмець працаваць у камандзе з іншымі дэпутатамі і прадстаўнікамі выканаўчай улады, быць гатовым да супрацоўніцтва.

У мяне яшчэ малы дэпутацкі вопыт, але ўжо некаторыя пытанні з зацікаўленымі людзьмі вырашаныя. Больш за 10 гадоў таму па ініцыятыве старшыні былога дабромысленскага сельсавета Мікалая Шаўчука была пабудавана дзіцячая пляцоўка. Адрамантавалі дзіцячыя атракцыёны, пафарбавалі платы, навялі парадак на тэрыторыі. Быў пачуты наш зварот і ў аддзеле культуры райвыканкама: усталявалі поручні на ганку клуба, што зручна для людзей пажылога ўзросту.

Як лічыце, што для вас у жыцці самае галоўнае?

– Калі гаварыць з пазіцыі пражытых мною гадоў, а гэта больш за паўвека, то галоўнае для мяне – быць заўжды ва ўсім: і ў рабоце, і ў паводзінах, і ў адносінах да людзей – сумленным чалавекам. Галоўнае, не згубіць сваёй годнасці, чалавечнасці і дабрыні да людзей. У жыцці бывае рознае, але на маё вялікае шчасце, я заўжды была і застаюся праўдалюбам. Гэта і дапамагала мне знайсці свой правільны жыццёвы і прафесійны шлях.

– Вера Пятроўна, дзякуем за шчырую і адкрытую размову. Жадаем вам дабра, бадзёрасці, духоўнай і фізічнай моцы. Заставайцеся і надалей карыснай людзям.

– Дзякуй. Медыцына – маё прызванне, а жаданне дапамагаць людзям – у крыві. І мне вельмі радасна на душы, што атрымліваецца гэта спалучаць.

Сцяпан Куніцкі, Таццяна Голік, в. Дабромысль.

Поделиться