Close
Новости Общество

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
  • Опубликовано:5 апреля, 2026

«Я – уваскрасенне і жыццё.Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць».(Ян 11, 24).Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Людзі добрай волі!

З радасцю і надзеяй увесь хрысціянскі свет сустракае ўрачыстасць Уваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста. Адным з першых дароў Змёртвыхпаўсталага Божага Сына для Яго вучняў быў дар супакою.

Калі Ён прыйшоў у дзень Пасхі да апосталаў, сказаў ім знамянальныя словы, якія глыбока замацаваліся ў літургічнай традыцыі Касцёла: «Супакой вам!» (гл. Ян 20,19). Гэтыя першыя велікодныя словы Уваскрослага Збавіцеля гучаць рэхам над бурлівымі хвалямі гісторыі гэтага свету, якому так неабходныя Божыя дары прымірэння і паяднання. Таму ў святле Пасхі з асаблівым даверам услухоўваемся ў поўныя ўсепераможнай моцы словы Езуса Хрыста: «Супакой вам!.. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца!» (пар. Ян 14,1; 20, 21).

Дарагія браты і сёстры! З нагоды ўрачыстасці Хрыстовага Уваскрасення хачу пажадаць усім нам, каб дар пасхальнага супакою, які прыносіць Божы Сын, напоўніў кожнае сэрца і кожны дом. Няхай сузіранне таямніцы трыумфу жыцця ўмацуе нашую веру, надзею і любоў. Жадаю, каб радасць нязгаснага святла велікоднай раніцы раз’ясняла кожны шлях, кожную сям’ю і месцы працы. Няхай нашыя сустрэчы і адносіны будуць напоўненыя пасхальным цяплом згоды і дабразычлівасці.

Схіляючыся перад таямніцай Уваскрасення Божага Сына, просім Яго благаслаўлення, каб кожны чалавек мог знайсці дарогу да сапраўднага і вечнага шчасця. Няхай міласэрны і поўны збаўчай любові позірк Хрыста-Пераможцы прынясе супакой і надзею асабліва туды, дзе яны найбольш неабходныя. А ззянне пасхальнага светача дабра, праўды і жыцця няхай стане для кожнага з нас невычэрпнай крыніцай аптымізму ў рэалізацыі нашых штодзённых заданняў і планаў на будучыню.

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!

Біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка.

Запрашаем усіх і кожнага асобнага чалавека да супольнага святкавання:

4 красавіка – Асвячэнне велікоднай ежы. Івацэвічы – 13.00. Вялікая субота. Вігілія Пасхальная, Косава – 20.00, Івацэвічы – 23.00.

5 красавіка – Вялікдзень. Святая Імша. Косава – 10.00, Івацэвічы – 13.00.