x
Close
Главная новость Новости Образование Спорт и туризм

Іх выхоўвае і яднае футбол

Іх выхоўвае і яднае футбол
  • Опубликовано:8 января, 2023

У апошнія дні 2022 года ў ДУА «СШ № 4 г. Івацэвічы» прайшоў традыцыйны фестываль футбола
«Наша будучыня» сярод вучняў 1 і 2 класаў

Такі фестываль для самых маленькіх дзяцей, якія наведваюць школьную секцыю па футболе, тут праводзяць ужо восьмы год запар. Некалі традыцыю пачыналі з першакласнікамі, цяпер жа фестываль праходзіць два дні, спаборнічаюць яшчэ і вучні другіх класаў. У спартыўнай зале школы 27 і 28 снежня сабіраліся пачынаючыя спартсмены: 29 першакласнікаў і 27 вучняў 2-х класаў.

Як заўсёды, удзельнічалі ўсе жадаючыя дзеці, запрасілі таксама бацькоў будучых футбольных зорак, і ўжо больш вопытных спартсменаў, выпускнікоў секцыі па футболе і нашай ДЮСШ, якіх па выніках гульняў адабралі ў футбольныя клубы і акадэміі. Няма больш дзейснай меры, чым станоўчы прыклад перад вачыма, так лічаць арганізатары фестывалю, настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Анатолій Сямёнавіч Рыжко і Барыс Андрэевіч Клімовіч. Некалькі гадоў таму Барыс Андрэевіч стаў дапамагаць Анатолію Сямёнавічу ў выхаванні юных футбалістаў. Бо імя сапраўднай кузні таленавітых футбалістаў школа атрымала дзякуючы ідэйным настаўнікам і гадам напружанай працы. Нагадаем, у школе ў адной з першых у раёне былі адкрытыя спартыўныя класы, ужо два гады рэалізуецца рэспубліканскі праект «Мой школьны футбольны клуб», удала праводзяцца футбольныя конкурсы. А сёння амаль кожны чацвёрты ў 1 і 2 класах займаецца футболам і марыць забіваць пераможныя галы.

У фестывалі «Наша будучыня» малыя спаборнічалі паміж сабой у конкурсах: «Жангліраванне мяча», «Меткі футбаліст» (удары па пустых варотах), пераадоленне дыстанцыі на час, выконваючы вядзенне і абводку конусаў, фішак, і двухбаковая гульня ў міні-футбол. Але найперш была афіцыйная частка – рэгістрацыя, усё як на сапраўдным турніры.

– Рэгістрацыя і нават фотасесія перад спаборніцтвам – гэта таксама неабходныя рэчы, з якіх пачынаецца спартыўная дысцыпліна, – адзначае Анатолій Сямёнавіч Рыжко. – Гэтым маленькім дзецям, якія па сутнасці яшчэ не гуляюць у футбол, а толькі спасцігаюць пэўныя практыкаванні, важны дух спаборніцтва. А тут у іх канкурэнцыя і бацькі бачаць вынікі паўгадовых трэніровак. У прывітальным слове я пажадаў дзецям паказаць усё, чаму яны навучыліся. А другакласнікі, дарэчы, у гэтым годзе ўжо выйгралі турнір у Бярозе і сталі другімі на нашым раённым турніры. І сёння дзеці мяне парадавалі. Мы ўдзячныя калегам-настаўнікам за дапамогу ў арганізацыі фестывалю і бацькам за падтрымку і спонсарства.

Сярод хлопчыкаў ледзь разгледзіш адзіную дзяўчынку, вучаніцу 2 «Б» класа Сафію Сватко. Яна другі год наведвае трэніроўкі па тры разы на тыдзень, яшчэ і ў музыкалку паспявае. Кажа, на хлопчыкаў не скардзіцца, хоць на трэніроўках часам ёй дастаецца, але гэта спорт, які не прымае слабых.

У кожны з двух дзён памятнымі медалямі ўзнагародзілі абсалютна ўсіх удзельнікаў, гэта таксама важна на першых парах. Яшчэ кубкамі ўзнагароджвалі лепшых у кожнай дысцыпліне і абсалютных пераможцаў па выніках усіх конкурсаў: сярод першакласнікаў лепшымі сталі Уладзіслаў Калеснік з 1 «А» класа (2015 г. н.) і Цімур Круцель (2016 г. н.) з д/с № 6 г. Івацэвічы, сярод вучняў 2 класаў Мікіта Гардзейка з 2 «Г» (2015 г. н.) і Георгій Пратасеня, вучань 2 «Б» класа (2014 г. н.). Усіх рабят павіншаваў дырэктар школы Ігар Мікалаевіч Куіс, а пасля сапраўдным сюрпрызам для ўсіх стаў візіт Дзеда Мароза і Снягуркі.

Канечне, у гэтыя дні спаборніцтваў былі і першая радасць ад нечаканай перамогі, і слёзы расчаравання. Нехта пераадолеў чарговы рубеж у жыцці, а другі зразумеў, што трэніравацца трэба яшчэ больш аддана. Гэта толькі самыя першыя спаборніцтвы ў іх спартыўным жыцці, для таго, каб іх было больш і яны былі прафесійныя, трэба многа працаваць. А яшчэ – верыць у тое, што ўсё атрымаецца. Сярод тых прыгожых і мужных рабят-выпускнікоў, якія дапамагалі ў судзействе, былі і тыя, каму трэнеры шукалі форму, бо на яе не хапала грошай. Але было жаданне займацца і моцны дух.

«Спорт даў нам здароўе і веру ў свае сілы!»так казалі былыя вучні школы, выхаванцы секцыі па футболе і ДЮСШ г. Івацэвічы.

Максім Сакута, навучэнец Акадэміі футбола Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола»:
– Некалі я перайшоў у СШ № 4, каб папасці ў спартыўны клас. Я займаўся многа і ў школе, і з трэнерамі ў ДЮСШ. А два гады таму папаў на першыя прагляды, пасля Брэста мяне запрасілі на прагляд у Мінск, і вось я ў некалькіх кроках ад мары. Мне яшчэ толькі 14, гэта мой другі год у Акадэміі, у 2021-м забіў 11 галоў, вынікі за 2022 год пакуль не падсумоўваў, аднак я ўжо прыкідваю, што галоў значна больш. Як спартсмен і капітан каманды адзначу, што шлях да вялікага футбола няпросты, але ў гэтых перша- і другакласнікаў ёсць усё неабходнае. Сёння спаборнічаў і мой брат Марк, яго таксама далучаем да спорту, бо гэта здароўе і характар найперш. У Акадэміі шмат такіх, як і я, простых хлопчыкаў з невялікіх гарадоў, і ў нас усё таксама пачыналася з падобных фестываляў…

Ягор Бянкоўскі, навучэнец Акадэміі футбола «Дынама-Брэст»:
– Зараз я вучуся ў 11 класе, у мінулым годзе мяне адабралі ў Акадэмію. Канечне, там жывеш зусім па-іншаму. Пад’ём у 6.30 раніцы, зарадка, сняданак, заняткі, ёсць час на хатнія заданні, трэніроўкі, вячэра і адбой без тэлефонаў. На выхадных у нас гульні, дома мы бываем рэдка. Аднак, калі б мяне пужалі складанасці, я б не выбраў спорт. Па-добраму зайздрошчу сённяшнім малым, які фестываль, якая арганізацыя… Мне спадабалася прэзентацыя з фота на вялізным экране, у некалькіх хвілінах – цэлая гісторыя. Некалі я, як малыя, няўмела біў па варотах, зараз я падлічваю перамогі і забітыя мячы.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.