Івацэвіччына робіць свой выбар!
Многія жыхары Івацэвіцкага раёна датэрмінова прагаласавалі на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У панядзелак, 20 студзеня, стартавала датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і з першага яго дня адзначаецца высокая актыўнасць выбаршчыкаў. Прагаласаваць за свайго кандыдата спяшаюцца і людзі старэйшага пакалення, і працоўнага ўзросту, і, што прыемна, моладзь. Маладыя людзі, якія галасуюць упершыню ў жыцці, атрымліваюць падарункі – Канстытуцыю і кнігу «Сімвалы суверэннай Беларусі», а таксама брэндзіраванную футболку з надпісам «Мой голас першы!».
Нагадаем, што ў Івацэвіцкім раёне арганізаваны 41 участак, прагаласаваць датэрмінова можна яшчэ і сёння, участковыя камісіі працуюць з 12.00 да 19.00 без перапынку. А заўтра, 26 студзеня, у асноўны дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галасаванне будзе праходзіць з 8.00 да 20.00.
На бягучым тыдні карэспандэнты раёнкі наведаліся на гарадскія і сельскія выбарчыя ўчасткі, пагутарылі з выбаршчыкамі, паназіралі за іх актыўнасцю.
У ліку першых на выбарчы ўчастак № 1, што месціцца ў райцэнтры па вул. Завадской, 12, у магазіне «MySTAR», рэалізаваць сваё выбарчае права прыйшла Алена Падсадная, жыхарка г. Івацэвічы, спецыяліст карпаратыўнага бізнесу ЦБУ № 111 АСБ «Беларусбанк». Як падзялілася выбаршчыца, яна вырашыла не адкладваць такую важную справу на потым.
– Актыўная грамадзянская пазіцыя і неабыякавасць да лёсу краіны, на мой погляд, – гэта доўг кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, – адзначыла Алена Іванаўна. – Свой выбар я зрабіла даўно, а сягоння яго выразіла, апусціўшы бюлетэнь у скрыню для галасавання!
Надта эмацыйным падалося нам галасаванне пенсіянеркі Валянціны Сцяпанаўны Харужай на тым жа выбарчым участку. З гучнымі словамі: «За краіну! За любімую Беларусь!» яна апусціла свой бюлетэнь, а пасля па-мацярынску, нібы благаслаўляючы дарагога чалавека у добры шлях, перахрысціла скрыню для галасавання.
– Не магла дачакацца 12 гадзін, каб прыйсці на выбарчы ўчастак, – падзялілася жанчына. – Гэта ж думаю: а раптам майго голаса не хопіць? (смяецца. – Аўт.) Вось прагаласавала – і цяпер на душы спакойна. Я за мір і за будучыню нашых дзяцей і ўнукаў!
Прагаласаваць датэрмінова на гэтым тыдні вырашыў і першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Івацэвіцкага райвыканкама Сяргей Шамярэй, яго мы засталі на ўчастку № 5, што размяшчаецца ў памяшканні Івацэвіцкага аграрнага каледжа.
– Сёння, як ніколі, важна, каб кожны беларус разумеў, што выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – гэта крок у будучыню. І толькі мы, грамадзяне сваёй краіны, вызначаем гэтую будучыню. Прыйсці на выбарчы ўчастак і аддаць свой голас за мірную і квітнеючую Беларусь, за стабільную дзяржаву са сваімі каштоўнасцямі і традыцыямі, за ўпэўненасць у заўтрашнім дні – грамадзянскі абавязак кожнага з нас. Са сваім выбарам я вызначыўся, менавіта таму я датэрмінова прыйшоў на выбарчы ўчастак падтрымаць кандыдата, з якім падзяляю погляды на развіццё нашай дзяржавы, – адзначыў Сяргей Уладзіміравіч.
Высокую актыўнасць грамадзян у дні датэрміновага галасавання адзначаюць і члены ўчастковай камісіі выбарчага ўчастка № 2 (у памяшканні Івацэвіцкага РДК). У ліку тых, хто прыйшоў аддаць голас за мірную і квітнеючую Беларусь, аказалася індывідуальны прадпрымальнік Кацярына Круцель. У размове яна адзначыла, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для вядзення прыватнага бізнесу, таму і голас свой яна аддала за далейшае развіццё краіны. Яна ўпэўнена, што сёння ў руках кожнага адказнасць за лёс нашай краіны, таму кожны павінен прыняць удзел у выбарах, а голас свой аддала за таго кандыдата, які любіць нашу Радзіму і захавае яе здабыткі.
Хочацца адзначыць, што на ўсіх выбарчых участках Івацэвіцкага раёна створаны роўныя ўмовы і для людзей з інваліднасцю, усюды выконваюцца патрабаванні безбар’ернага асяроддзя. Інвалідам па зроку выдаюцца кардонныя трафарэты, ідэнтычныя па форме і змесце звычайным бюлетэням для галасавання. З правага боку на іх ёсць прарэзы для выстаўлення знака галасавання. Змясціўшы незапоўнены бюлетэнь у трафарэт, выбаршчык можа навобмацак па ліку знайсці ячэйку, каб паставіць у ёй галку насупраць выбранага кандыдата. На трафарэце можа быць таксама змешчаны тэкст выбарчага бюлетэня, зроблены з ужываннем вялікага шрыфту і шрыфту Брайля. У выпадку, калі выбаршчык не можа запоўніць выбарчы бюлетэнь самастойна, ён можа скарыстацца дапамогай іншай асобы. Па законе, гэтай асобай не можа быць член выбарчай камісіі, зарэгістраваны кандыдат ці яго давераная асоба, а таксама назіральнікі.
Да прыкладу, учора сваім выбарчым правам скарысталася Валянціна Кавалевіч, інвалід першай групы па зроку, член ГА «БелТІЗ», яна галасавала на ўчастку № 3 (у памяшканні ДУА «Ліцэй Івацэвіцкага раёна»). А пасля падзялілася ўражаннямі з карэспандэнтамі раёнкі.
– Усім прадстаўленым на ўчастку галасавання абсталяваннем вельмі лёгка карыстацца, – адзначыла Валянціна Кавалевіч. – Усё проста. Усе «акенцы» добра «чытаюцца» рукамі, галоўнае, ведаць пад якім нумарам кандыдат, за якога галасуеш. Тыя, хто можа карыстацца шрыфтам Брайля, таксама ўсё з лёгкасцю прачытаюць. Паколькі я чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, то бяру
ўдзел ва ўсіх важных мерапрыемствах, што праходзяць у краіне, а тым больш у выбарах. Нельга быць абыякавым да нашай будучыні. Для мяне лёс Радзімы – гэта святое.
Завітвалі карэспандэнты «ІВ» і на іншыя гарадскія і многія сельскія выбарчыя ўчасткі, на некаторых нават чэргі выстройваліся з ахвочых аддаць свой грамадзянскі доўг і пакінуць голас за кандыдата ў Прэзідэнты, якога лічаць вартым гэтай пасады. І многія выбаршчыкі ў размове сыходзіліся да адной думкі: сваю Сінявокую хочацца бачыць і далей развітой і квітнеючай, а самае галоўнае – мірнай.
Падрыхтавалі Аксана Цярэшка, Сяргей Мачалаў. Фота Валерыя Міскевіча і Сяргея Мачалава.





