Фасады шматпавярховак паступова мяняюць свой воблік, рыхтуючыся да рэспубліканскага свята

Жыхары і госці Івацэвічаў, безумоўна, заўважылі, як апошнім часам папрыгажэлі і нават змяніліся да непазнавальнасці фасады шматкватэрных дамоў, адміністрацыйных збудаванняў, магазінаў на вуліцах горада. На змену блякламу вобліку паступова прыходзіць пяшчотны спектр пастэльных тонаў з яркімі акцэнтамі.

Індывідуальны характар кожнага збудавання дасягаецца за кошт рысунка фасада і спалучэння колераў, так што ў хуткім часе ад устарэлай гамы цэнтральных вуліц райцэнтра застанецца толькі ўспамін. Івацэвічы ва ўсю рыхтуюцца да Дня беларускага пісьменства, дзякуючы якому і атрымалі магчымасць стаць яшчэ прыгажэйшымі.

Уносяць у палітру горада святочны настрой з дапамогай не толькі фарбаў, але і сваёй напружанай працы брыгады тынкоўшчыкаў-маляроў ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ», ПМК-11, ПМК-18 і субпадрадчык Пружанская ЖКГ. А вось праектныя рашэнні распрацаваны ДП «Брэсткамунпраект» па ўзгадненні з галоўным архітэктарам Брэсцкай вобласці і аддзелам архітэктуры і будаўніцтва Івацэвіцкага райвыканкама.

Некаторыя фасады аб’ектаў жылога фонду ўжо папрыгажэлі дзякуючы намаганням брыгады маляраў-тынкоўшчыкаў Івацэвіцкай ПМК-11. Сярод іх такія вопытныя работнікі, як Алена Валгутава, Галіна Корсак – між іншым, сёстры, якія працуюць у ПМК-11 ужо па 17 гадоў разам у адной брыгадзе. Паспелі з добрага боку сябе зарэкамендаваць і маладыя работнікі Сяргей Лось, Аляксандр Буранка і Уладзімір Гіндранкоў. А паднімацца на вышыню ім дапамагае вадзіцель аўтавышкі Васілій Лішка.

– Ёсць такія заданні, дзе будаўнічую люльку выкарыстоўваць не атрымліваецца, тады працуем на рыштаваннях, – дзеліцца Алена Валгутава. – Да работы на вышыні адносімся спакойна. Важна выконваць усе патрабаванні правіл тэхнікі бяспекі, не забываць пра засцерагальныя паясы. Калі патрэбна папоўніць запасы будаўнічых матэрыялаў, спускаемся, бо на такую вышыню нам іх ніхто не падасць.

З-за пастаяннага кантакту з фарбай і хімічнымі сродкамі, што ўваходзяць у склад будаўнічых сумесяў, працаваць неабходна ў пальчатках, рабочай уніформе, на вышыні абавязкова каска – і ў такім «абмундзіраванні» вельмі няпроста працаваць у спёку. Да таго ж цяжкая праца, акрамя прафесійных навыкаў, патрабуе фізічнай сілы, вынослівасці. Але, як адзначаюць работнікі Івацэвіцкай ПМК-11, гэтая справа ім па душы, таму і настрой толькі пазітыўны.

Усе яны, у тым ліку і дзяўчаты, могуць выконваць функцыі тынкоўшчыка, маляра, абліцоўшчыка і плітачніка. Паўз у іх рабоце не бывае, завяршаюць адзін аб’ект і адразу перамяшчаюцца на іншы. Брыгада ПМК-11 ужо пакінула яркі след на дамах 43 А, 45, 46, 48 па вуліцы Леніна, доме № 38 па вул. Дэпутацкай, іх работа таксама – і новы воблік універсама «Рамонак». Зараз дадаюцца апошнія штыхі да дома № 45 па вуліцы Леніна. На здзіўленне, нумар гэтага дома брыгада рысавала ўручную, без трафарэтаў – спачатку з дапамогай алоўка, правідла і рулеткі зрабілі контур, затым у ход пусцілі фарбы.

Цяпер брыгада шчыруе і над «новым іміджам» сярэдняй школы № 4 г. Івацэвічы.

– Даручаныя нам работы мы павінны завершыць у карацейшыя тэрміны, – кажа майстар Івацэвіцкай ПМК-11 Вольга Паўлюковіч, – да сярэдзіны жніўня справімся, для гэтага ў нас ёсць і сілы, і неабходныя будаўнічыя матэрыялы, так што зробім якасна і хутка.

Вялікі ўклад у работу па наданні яркасці дамам уносіць і брыгада Івацэвіцкай ЖКГ. У складзе брыгады – пяць жанчын: Раіса Гапонік, Ала Зяленская, Таццяна Пішчык, Вольга Ціток і Крысціна Тарасюк, а аўтавышкай упраўляе Ігар Паляшчук. Да рамонту фасадаў работнікі Івацэвіцкай ЖКГ прыступілі з канца мая. Менавіта іх клапатлівымі жаночымі рукамі абнавілася аблічча дамоў № 10, 52 па вул. Леніна, № 4, 11 па завулку Паштовым, № 53 па вул. Клютко, № 21 па Савецкай, № 21 па Камсамольскай, а таксама гасцініцы.

29 ліпеня тынкоўшчыкі-маляры наводзілі марафет на доме № 11, што па завулку Паштовым. Мы крыху адцягнулі ад работы для размовы і гэтую працоўную брыгаду. Нягледзячы на тое, што ў яе складзе толькі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, працуюць яны не горш за мужчын, і на іх рахунку ўжо каласальны аб’ём работ.

– Спачатку неабходна падрыхтаваць паверхню, адшліфаваць яе, ачысціць ад старога пакрыцця, затым загрунтаваць. Гэты этап вельмі важны, бо ад яго залежыць, як потым на сцены лягуць тынкоўка і фарба, – расказвае Раіса Гапонік, тынкоўшчык-маляр 4 разраду.

Прафесійнымі, лёгкімі рухамі рук жанчын-маляроў на фасадзе дома з’яўляюцца дэкаратыўныя палосы. Збоку гледзячы, здаецца, няма нічога складанага. Насамрэч, работа нялёгкая – і на спякотным сонцы, і на ветры, і нават у дождж, калі ён не «засякае» пад дах, а сярод няпростай яны адзначаюць тынкоўку, бо мала таго, што рукі патрэбна трымаць заўсёды на вісу, дык яшчэ і тынковачная сумесь дадае цяжару. Ды і з белай фарбай пры яркім сонцы працаваць цяжка – надта рэжа вока, даводзіцца надзяваць сонцаахоўныя акуляры. Розны прафесійны вопыт у гэтых жанчын, але кожнай аддзелачныя работы па плячы.

Ніякай справе, упэўненыя яны, нельга навучыцца раз і назаўсёды, а каб быць добрым спецыялістам, патрэбна пастаянна ўдасканальваць свае навыкі – пераймаць вопыт у старэйшых, праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі і павышаць свой разрад.

– Мы ўжо прыкіпелі да гэтай справы душой, таму не ўяўляем сябе ў іншай рабоце, – шчыра прызнаецца Ала Зяленская, у якой за плячыма 10 гадоў працоўнага стажу ў Івацэвіцкай ЖКГ. – Што датычыцца мяне, то іду пасля працы дадому стомленая, але душа радуецца ад таго, што і я ўпрыгожваю горад.

Работнікі абедзвюх брыгад у размове адзначалі, што ім у некаторай ступені даводзіцца парой быць і псіхолагамі, каб высвятляць пытанні з жыльцамі дамоў з-за асаблівасцяў рабочага працэсу. Некаторыя скардзяцца на шум, галасы работнікаў пад вокнамі, знаходзяцца нават і тыя, каму наогул добраўпарадкаванне не даспадобы – маўляў, пакіньце, як ёсць, бо да такога колеру прызвычаіліся за гады. Але ж патрэбна разумець, што работы хутка скончацца, і варта крыху прынадзіцца да працоўнага рытму за акном сваёй кватэры, ды і любыя змены, як паказвае практыка, вядуць да лепшага – новага, утульнага і прыгожага.

Але ёсць і тыя, хто адносіцца да агульнай справы добраўпарадкавання з удзячнасцю і адрасуе яе ўсім, хто да гэтага прыкладае свае намаганні, або наогул далучаецца і сам да работы. А тынкоўшчыкі і маляры, заўважаючы, як радуюцца жыхары новаму абліччу дамоў, стараюцца працаваць яшчэ старанней. Пройдзе час, і ўсе разам мы будзем ганарыцца, што Івацэвічы сталі прыкладам для іншых населеных пунктаў у добраўпарадкаванні, што і нашаму гораду нясорамна несці ганаровае званне літаратурнай сталіцы Беларусі.

Аксана Цярэшка.
Фота Таццяны Дылюк і Валерыя Міскевіча.

Поделиться