Каб новыя лавачкі радавалі…
Прыгожыя, акуратныя і зручныя месцы адпачынку на вуліцах Івацэвічаў пачалі з’яўляцца яшчэ ў мінулым годзе напярэдадні Дня беларускага пісьменства. Работнікі ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» вялі планамерную работу і пасля рэспубліканскага свята, у выніку чаго на абноўленых тратуарах, у месцах масавага адпачынку па вул. Клютко, Леніна, а таксама на дзіцячай пляцоўцы па вул. Дэпутацкай устаноўлены сучасныя лавачкі.
Так, Івацэвічы ўпрыгожыла амаль сотня новых лавачак, а побач з імі для зручнасці адпачываючых устаноўлены 70 смеццевых урнаў. Месцы для іх устаноўкі выбраныя невыпадкова – яны служаць нашым жыхарам выдатным месцам адпачынку. У добрае надвор’е даводзілася заўважаць, што на іх прыпыняюцца школьнікі, што не спяшаюцца дахаты пасля ўрокаў, пажылыя людзі, вечарамі часцей на іх сядзіць моладзь. Са слоў гараджан, лавачкі ўдала ўпісаліся ў гарадскую атмасферу і да іх хутка прызвычаіліся. Аднак разам з прыемным прыходзіцца гаварыць і аб набалелым, што ў першую чаргу непакоіць камунальную службу.
– Вельмі хочацца, каб усе лавачкі заставаліся ў тым стане, у якім яны знаходзяцца зараз! Спадзяёмся, што не знойдзецца «сілачоў» або «мастакоў», якія пажадаюць дадаць камунальнікам работы. А яшчэ папярэджваем нашых гараджан: смеццевыя урны, што ўсталяваныя каля лавачак, не прызначаныя для таго, каб нехта туды складзіраваў бытавыя адходы. Ужо не раз даво-дзілася сутыкацца з праблемай: у зонах адпачынку, каля пад’ездаў ці на аўтобусных прыпынках у маленькія урны людзі стараюцца ўпіхнуць пакеты са смеццем, якое вынеслі з дома ці кватэры. А за парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі, між іншым, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, якая можа моцна ўдарыць па кашальку, – падзяліўся майстар ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Васілій Макарэвіч.
Звяртаемся да гараджан і гасцей Івацэвічаў: давайце захаваем наш райцэнтр прыгожым, утульным і акуратным. Наш камфорт залежыць ад нас саміх!
Надзея Берташ. Фота Валерыя Міскевіча.







