Каб сюды заўжды прыходзілі…

Амаль што кожны населены пункт нашай Бацькаўшчыны мае сваю сумную ці трагічную старонку гісторыі падчас ваеннага ліхалецця. Аб гэтым сведчаць абеліскі, помнікі, стэлы, памятныя знакі. У адным толькі Волькаўскім сельсавеце такіх помнікаў шаснаццаць. Яны ўстаноўлены на брацкіх магілах, на месцах вайсковых пахаванняў, расстрэлаў і спальвання мірных жыхароў, а таксама ў гонар землякоў-франтавікоў і ахвяр фашысцкага тэрору.
Мясцовыя ўлады і жыхары вёсак заўсёды ўдзяляюць шмат увагі добраўпарадкаванню тэрыторый і ўтрыманню ў належным стане мемарыялаў і месцаў пахавання часоў Вялікай Айчыннай вайны. А ў рамках Года добраўпарадкавання і напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі такім месцам – асаблівая ўвага. Таму, каб ацаніць стан помнікаў на тэрыторыі Волькаўскага сельскага Савета, мясцовыя ўлады яшчэ раз наведалі гэтыя аб’екты.
Разам са старшынёй сельскага Савета Ігарам Карповічам, старастамі вёсак Волька і Дабромысль Марынай Хоміч і Лідзіяй Васільевай мы наведалі ўсе помнікі яшчэ ў сакавіку. Каля кожнага пахавання стаяць таблічкі з інфармацыяй, якая змяшчае імя і адрас месца пахавання, імя і адрас мясцовага выканаўчага і адміністрацыйнага органа, на тэрыторыі якога знаходзіцца.
У вёсцы Волька пяць помнікаў, у Дабромыслі і Сельцах – па чатыры, у Магіліцах – два, у Чамялах – адзін. Чаму іх столькі? Падчас ваеннага ліхалецця насельніцтва ўсіх вёсак сельскага Савета актыўна дапамагала партызанам. Фашысты лютавалі, расстрэльвалі і спальвалі мірнае насельніцтва. А ў 1944 годзе пры вызваленні ішлі жорсткія баі. Былі вялікія страты. Байцоў і афіцэраў хавалі тут, на месцы іх гібелі.

На могілках у в. Сялец стаяць тры помнікі невядомым салдатам, якія загінулі пры вызваленні. У канцы 40-х – пачатку 50-х гадоў жыхары вёскі пры падтрымцы мясцовай улады паставілі простыя драўляныя помнікі. У 2015 годзе яны былі заменены.
Родныя сям’і Голуб з вёскі Сялец звярталіся да мясцовай улады з просьбай абнавіць помнік іх родзічам, якія загінулі ад рук фашыстаў у кастрычніку 1942 года. Іх просьба была пачута. У 2014 годзе быў устаноўлены новы мармуровы помнік.
Абеліск у вёсцы Дабромысль быў устаноўлены ў 1974 годзе, на адкрыцці якога прысутнічаў Пётр Клімук (лётчык-касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза, аднакласнік тагачаснага старшыні сельсавета Кацярыны Дзенісюк). За паўвека ён некалькі разоў рэстаўрыраваўся. У 2018 годзе на ім былі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі з імёнамі і прозвішчамі землякоў, якія не вярнуліся з той страшнай вайны, а таксама імёны і прозвішчы мірных жыхароў нашага краю, якія былі расстраляны і спалены карнікамі падчас нямецкай акупацыі.
Гэтае добраўпарадкаванне і абнаўленне праводзілася па ініцыятыве Мікалая Шаўчука і Жанны Данчанка, старшыні і кіраўніка спраў былога Дабромысленскага сельскага Савета, які ў снежні 2022 года быў далучаны да Волькаўскага.
Расказвае загадчыца гісторыка-краязнаўчага музея ДУА «Дабромысленская СШ» Таццяна Голік:
– Падчас ваеннага ліхалецця ў адзін з дзён 1942 года ў вёску Дабромысль прыехалі немцы і пачалі шукаць тых, хто дапамагае партызанам. Яны спалілі сем’і Савук, Хвясько і Хмялеўскай, а таксама расстралялі родзічаў актывіста Сямёна Жынкевіча, яго жонку, двое дзяцей, бацьку з братам.
Загінуўшыя ў агні людзі былі пахаваны аднавяскоўцамі ў брацкай магіле, а родзічы Жынкевіча – недалёка ад іх.

Мы доўга не ведалі пра гэтыя магілы. Пра іх нам расказала Валянціна Пятроўна Субоцька – пляменніца загінуўшай Валянціны Хвясько. Пачалася пошукавая работа. Мы разам з Таццянай Голік, воінам-інтэрнацыяналістам Георгіем Арабеем і вучнямі нашай школы на могілках у Дабромыслі сярод дрэў і кустоўя знайшлі гэтую брацкую магілу і помнікі Жынкевічам. Навялі парадак, пафарбавалі помнікі.
Расказвае Ігар Карповіч, старшыня сельсавета:
– Усе гэтыя захаванні хутка былі пастаўлены на вайсковы ўлік, ім былі прысвоены нумары і занесены ў аўтаматызаваны банк даных «Кніга Памяць». Сімвалічна, што ў Год добраўпарадкавання і святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі на месцы старых помнікаў будуць устаноўлены новыя, будзе ўтворана адзіная памятная мясціна з трох помнікаў. Гэтае абнаўленне зробіць Івацэвіцкая ЖКГ. Такім чынам, усе разам увекавечым памяць аб ахвярах фашызму.
На месцы брацкай магілы воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, якая знаходзіцца недалёка ад в. Волька, каля дарогі Волька – Дабромысль, у 1974 годзе быў устаноўлены абеліск. Але ў 2003 годзе Дзмітрый Брыштэн (група ваеннай гісторыі «РУБОН») падчас ваеннай службы ў рамках аб’яднанага батальёна, які прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да вучэнняў «Чыстае Неба-2003», зацікавіўся салдатамі, якія былі пахаваны ў гэтай брацкай магіле. Пасля дэмабілізацыі ён пачаў невялікае расследаванне, хто сапраўды пахаваны ў брацкай магіле № 250.
Зыходзячы з вынікаў карпатлівых даследаванняў, Дзмітрый Брыштэн зрабіў высновы, што некаторыя імёны салдат, змешчаныя на таблічцы, не адпавядаюць тым, пра якія ён даведаўся падчас даследаванняў. Ён пацвердзіў інфармацыю гістарычнымі ваеннымі дакументамі. Гэтыя даследаванні дапамаглі супрацоўнікам мясцовых улад замяніць пашпарт ваеннага пахавання і ўстанавіць таблічку з новымі імёнамі салдат. Дапамогу ў добраўпарадкаванні брацкай магілы аказваюць салдаты суседняй вайсковай часці.
На тэрыторыі вёскі Волька размешчаны наступныя пахаванні і помнікі, якія пастаянна знаходзяцца пад наглядам аднавяскоўцаў і мясцовай улады: брацкая магіла сям’і Карачун, расстралянай у 1942 годзе за сувязь з партызанамі (магіла на могілках); брацкая магіла сям’і партызана Аляксея Іванавіча Мізгіра, закатаванай восенню 1942 года (магіла на могілках); помнік у гонар злучэння 36 партызанскага атрада з асабістым саставам батальёна 146 гвардзейскага стралковага палка, якое адбылося 9 ліпеня 1944 года.
У лесе недалёка ад вёскі Волька знаходзіцца няўлічанае пахаванне Івана Асінскага, які загінуў у 1941 годзе. Дакладна і па сённяшні час невядома, як ён загінуў, існуе шмат меркаванняў. Але з Актаў устаноўленых злачынстваў нямецка-фашысцкімі захопнікамі па даных Спіса расстраляных, павешаных, закатаваных грамадзян Волькаўскага сельскага Савета першым знаходзіцца прозвішча Асінскага Івана. Для пастановы на ўлік патрабуецца дэталёвае даследаванне.
На тэрыторыі вёскі Магіліцы змяшчаюцца: помнік у гонар разгрому ў ліпені 1944 года партызанскім атрадам пад камандаваннем П. Кудраўцава і Т. Кавецкага фашысцкага гарнізона; помнік аднавяскоўцам (жыхарам вёсак Волька, Магіліцы, Чамялы), загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя помнікі даглядаюць вучні і настаўнікі ДУА «Волькаўская СШ».
На могілках у вёсцы Чамялы знаходзіцца магіла А. А. Арцёмчыка і К. К. Монціка, трагічна загінуўшых у 1943 годзе. Помнік быў устаноўлены родзічамі, але з дапамогай раённай улады пастаўлены на ўлік воінскіх пахаванняў.
Стараста вёскі Волька Марыя Хоміч адзначыла значную работу аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама і РА ГА «БРСМ» па ўстаноўцы на месцах пахаванняў таблічак з QR-кодамі. Дзякуючы інфармацыі, змешчанай у іх, кожны можа даведацца аб трагічным лёсе гэтых людзей.
Пасля наведвання ўсіх пахаванняў і помнікаў стараста вёскі Дабромысль Лідзія Васільева сказала:
– Вельмі важна ў сённяшні час захоўваць гістарычную памяць, памяць аб нашых аднавяскоўцах, якія трагічна загінулі падчас ваеннага ліхалецця. Патрэбна прыходзіць да помнікаў і абеліскаў, каб аддаць даніну павагі тым, хто прынёс нам мірнае жыццё і шчаслівае будучае. Вельмі важна, што ёсць куды прыйсці, каму пакланіцца і ўскласці кветкі. Нам трэба памятаць сваё мінулае, каб трагедыя не паўтарылася, расказваць пра ўсё гэта маладому пакаленню.
Сюды мы прыходзім у Дзень Перамогі, у дні дзяржаўных свят, аддаём даніну пашаны героям-франтавікам і ахвярам фашысцкага генацыду. Разам з дарослымі сюды прыходзяць дзеці і моладзь.
Вельмі важна, што помнікі не застаюцца без увагі і нагляду. Дзякуй мясцовай уладзе, грамадскасці, кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстаноў, якія працуюць на тэрыторыі Волькаўскага сельсавета, за пастаянны клопат і добраўпарадкаванне памятных мясцін.
Сцяпан Куніцкі, в. Дабромысль.