Close
Актуально Земляки Новости Сельские советы

Калі чалавек на сваім месцы

Калі чалавек на сваім месцы
  • Опубликовано:11 февраля, 2026

Выбіраюць – значыць, давяраюць. Менавіта гэтыя словы прыйшлі ў думках падчас доўгай і шчырай размовы са старшынёю Стайкаўскага сельвыканкама Мікалаем Басалаем, які сёлетнім, шчодрым на густы снег і траскучыя маразы, лютым адзначыў сваё 60-годдзе. У дзень свайго з’яўлення на свет Мікалай Іванавіч не забывае і пра яшчэ адну надзвычай важную дату ў жыццёвым календары: 8 лютага, акурат шаснаццаць гадоў таму, ён быў абраны землякамі, не па інерцыі, не па нейкім там прымусе, а па глыбокім, сапраўдным даверы, старшынёю Стайкаўскага сельсавета.

Заўсёды на сувязі

За час, што мы гаварылі з Мікалаем Іванавічам, у яго кабінеце не змаўкалі стацыянарны і мабільны тэлефоны. Праблемай аднаго з суразмоўцаў старшыні сельвыканкама была перагарэлая лямпачка ў вулічным ліхтары, другога – перамёрзлая сістэма водазабеспячэння ў шматкватэрным доме. Тэлефонны званок быў і з падзякай, маўляў, толькі выпаў снег, а вуліца ў Стайках, адкінутая ад цэнтральнай, прачышчана і няма складанасцей дабрацца да аўтобуснага прыпынку, у магазін за пакупкамі.

– Даруйце, – завяршыўшы размову, у чарговы раз папрасіў прабачэння Мікалай Іванавіч, а потым прызнаўся: – Амаль што ў кожнага жыхара ўсіх дзесяці населеных пунктаў, што ўваходзяць у склад Стайкаўскага сельсавета, ёсць нумары маіх тэлефонаў. І тэлефоны гэтыя не адключаю ніколі, бо разумею: калі людзі тэлефануюць, значыць, ёсць праблема і яна не цярпіць адкладу.

Дарэчы, сёлетняя зіма, марозная, снежная, прымусіла Мікалая Басалая быць асабліва ўважлівым да сваіх землякоў. Кожны дзень ён выязджае то ў Юкавічы, то ў Няхачава, Міхнавічы, Гошчава, бо для Мікалая Іванавіча гэта не проста населеныя пункты, а людскія лёсы, важныя просьбы, неадкладныя пытанні.

– Літаральна днямі з намеснікам начальніка Івацэвіцкага РАНС Ягорам Кротам аб’ехалі большую палову населеных пунктаў сельсавета, – працягвае субяседнік. – Зазірнулі да пажылых людзей і
адзінокіх, паглядзелі, у якім стане ў іх пячное ацяпленне, які тэмпературны рэжым у дамах. Зайшлі і да тых, хто злоўжывае спіртнымі напоямі, пацікавіліся пра іх жыццё-быццё, як змагаюцца з халадамі і маразамі. Памятаеце, як у медыкаў, хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць.

Штодзённая праца Мікалая Басалая, яго стратэгічнае мысленне, а таксама вялікая ўвага да людзей, уменне не прапускаць дробязі даюць поўныя і красамоўныя адказы на пытанні: чаму яму давяраюць самае важнае, за што яго паважаюць землякі, чаму раённае кіраўніцтва падтрымлівае і, немалаважны факт, штораз заўважае вынікі ў рабоце сельсавета, якіх дасягнуць атрымліваецца пастаяннай, штодзённай працай, смелымі памкненнямі, новымі задумкамі.

– Двойчы Стайкаўскі сельскі Савет прызнаваўся лепшым у Івацэвіцкім раёне. Аднойчы нават на абласным узроўні сумесная работа мясцовай вертыкалі ўлады, дэпутатаў і нераўнадушных людзей была заўважана і адзначана Дыпломам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў трэцяй ступені, – працягвае Мікалай Іванавіч. – Хітраваць не буду: атрымліваць граматы, дыпломы, удзячнасці заўсёды прыемна. Аднак найвышэйшую каштоўнасць для мяне маюць добраўпарадкаваныя сядзібы, не важна, у маленькіх ці больш буйных населеных пунктах сельсавета, дагледжаныя могілкі, добрыя дарогі і шчырыя, задаволеныя жыццём твары пажылых, моладзі, дзяцей.

Першы рубеж дапамогі ва ўсіх важных і неадкладных сельвыканкамаўскіх справах, апора Мікалая Іванавіча, яго памочнікі і дарадцы – старасты вёсак.

– Усе дзесяць стараст – паўнапраўныя прадстаўнікі ўлады, – заўважае Мікалай Іванавіч. – Гэта мае вочы, вушы, голас і рукі. Даволі часта менавіта праз іх, гаспадароў вёсак, да людзей даходзяць важныя рашэнні, дзякуючы іх неабыякавасці рэалізуюцца розныя ініцыятывы, праекты.

Па словах Мікалая Басалая, у давераным яму сельсавеце сфарміравана выдатная каманда дэпутатаў мясцовага Савета дэпутатаў, падыход у рабоце якіх накіраваны на тое, каб жыццё ў сельскай мясцовасці было камфортным, сучасным, шчаслівым.

– Колькі працую ў сельвыканкаме, заўсёды дапамогу, слушную параду меў і маю ад старшыні ААТ «Новыя Стайкі» Паўла Дылюка, яго папярэдніка – Андрэя Лукіянчыка, – заўважае суразмоўца.
І гэта выдатна! Бо аднаму, якім бы вялікім ні было жаданне і шчодрым на добрыя справы сэрца, зрабіць прыгожую вышыванку з узорамі клопату аб вёсцы і яе людзях немагчыма.

Сапраўдны патрыёт

Пераключыўшыся ў размове ад грамадскага на асабістае, Мікалай Басалай перш-наперш гаворыць пра сваю невымерную любоў да Івацэвіччыны, светлай, добрай Беларусі, шчырае і высакароднае пачуццё да якіх не толькі ў словах, прызнаннях…

– Ёсць у нашай сям’і такая завядзёнка: падчас летняга адпачынку падарожнічаць. Заморскай экзотыкі не шукаем, з дзецьмі, унукамі, а таксама раднёю з майго боку і з жончынага адпраўляемся ў вандроўку, найчасцей па роднай Івацэвіччыне, – расказвае Мікалай Іванавіч. – Падчас гэтых вандровак па-іншаму ўбачылі Целяханскі край, Косаўскі, дзе што ні куточак – асаблівы пейзаж, непаўторныя аб’екты з подыхам гісторыі і сучаснасці… Вогнішча, юшка, размовы, успаміны – гэта тое, што яднае розныя пакаленні і робіць па-сапраўднаму шчаслівымі.

Дарэчы, арганізатарам сямейных вандровак, якія аб’ядноўваюць іншы раз больш за трыццаць чалавек, выступае верная і надзейная спадарожніца жыцця Мікалая Басалая, яго жонка Таццяна Віктараўна.

І яшчэ адно не менш важнае і даволі рэдкае па сённяшнім часе захапленне ёсць у Мікалая Іванавіча – беларускім словам. У яго бібліятэчцы сабраны творы любімых Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, якія ён чытае і перачытвае з вялікім задавальненнем, а яшчэ свежыя нумары раёнкі, часопісаў «Полымя», «Маладосць».

Кожны твор сучаснага беларускага аўтара ён чытае ўважліва, шукаючы, будзь то ў прозе, паэзіі, публіцыстыцы, гукі вясковага жыцця, нягледзячы на тое, што бачыць усё гэта Мікалай Басалай і перажывае ў рэальнасці штодня.

– Шукаю і, дзякуй Богу, знаходжу ў творах шмат шчырасці, праўды, – прызнаецца субяседнік. – Шмат глыбіні, годнасці ў братах-беларусах і іх паўсядзённасці.

Сшыткі з гісторыяй

Трыццаць пяць гадоў Мікалай Басалай вядзе дзённік. Дакладней, дзённікі, якіх сабралася ажно 28 агульных сшыткаў. Запісы, які Мікалай Іванавіч робіць штодня, не толькі пра асабістае, але і справы грамадскія, вясковыя. Дапаўняе ён іх выразкамі з раённай газеты.

– У матэрыялах гэтых журналісты расказваюць пра людзей і вёску, пра рэалізацыю цікавых ініцыятыў на тэрыторыі сельсавета, – заўважае Мікалай Іванавіч.

Мяркую, што для некаторых вядзенне дзённіка падасца не проста незвычайным, але і крышачку старамодным заняткам. Сам Мікалай Іванавіч так не лічыць.

– Тое, што было некалі: як працаваў калгас і жылі калгаснікі, як гулялі вяселлі і праводзілі хлопцаў у войска, як крупы, муку і каўбасы набывалі па купонах, а заработную плату ажно па тры месяцы не атрымлівалі, не павінна кануць у Лету, – заўважае Мікалай Іванавіч. – Нашы нашчадкі павінны ведаць пра няпростае мінулае, каб яшчэ больш берагчы дзень сённяшні, мірны і стваральны.

Шмат запісаў у дзённіках летапісца Мікалая Басалая пра яго самога і жыццё яго сям’і. І яны з часам становяцца даражэйшымі ўсё больш і больш.

Не адзіны, але непаўторны

Мікалай Басалай нарадзіўся ў Вялікай Гаці і прозвішча ў яго самае што ні на ёсць мясцовае, як кажуць, карэннае.

– Сёння ў Івацэвіцкім раёне знойдзецца з дзясятак маіх поўных цёзкаў, – заўважае і прыязна ўсміхаецца субяседнік.

А потым расказвае пра сваіх тату і маму, звычайных вясковых людзей, якія нарадзілі і ў вялікай любові, на прыкладах уласнай працавітасці, сумленнасць і дабрыні выхоўвалі пяцярых дзяцей. Як марыў з дзяцінства і, хаця б на тры месяцы, стаў трактарыстам. Як потым вучыўся ў Наргасе, служыў у Савецкай Арміі на тэрыторыі суседняй Украіны.

– Экіпаж у нас быў інтэрнацыянальны. Камандзір – беларус, наводчык – украінец, механік-кіроўца – рускі, – расказвае Мікалай Іванавіч. – Добрую школу жыцця я прайшоў у арміі побач з цікавымі і нават у нечым неардынарнымі людзьмі. Дарэчы, мне прапаноўвалі прадоўжыць службу і перакваліфікавацца ў ваеннага…

Вось толькі на ўгаворы гэтыя Мікалай Басалай не паддаўся. Цягнула яго дадому, у вёску. Туды, дзе ранняй вясной пахла ўзаранай зямлёю і яблыневым цветам, дзе, асаблівая цішыня зімовага поля і дзе неба самае чыстае і высокае.

Першым працоўным месцам Мікалая Басалая стаў калгас у Святой Волі, куды ўчарашні выпускнік галоўнага эканамічнага ВНУ краіны, а таксама старшы сяржант запасу прыйшоў працаваць бухгалтарам. Праз час яму прапанавалі іншую, больш высокую пасаду – галоўнага бухгалтара ў гаспадарцы вёскі Стайкі. Недзе праз месяц пасля пераезду ў Стайкі Мікалай Басалай пазнаёміўся з будучай жонкай, сваёй Таццяна Віктараўнай. А яшчэ праз месяц яны згулялі вяселле.

– У Стайках з самай лепшай на свеце жанчынай мы звілі гняздо, нарадзілі і выхавалі трох дзетак, якія падарылі нам пяцярых унукаў, – працягвае суразмоўца. – І, як бы банальна ні гучала, сям’я – маё самае галоўнае і самае важнае за шэсцьдзясят гадоў дасягненне і самая моцная сувязь з будучым.

Запаветнае

Напрыканцы размовы, якая ладзілася акурат перад юбілейным днём нараджэння Мікалая Іванавіча, было б недаравальна не даць яму магчымасць сказаць пра самае запаветнае.

– Хочацца мне ў бацькоўскім доме, што ў Вялікай Гаці, зрабіць невялічкі музей, у якім сваё пачэснае месца знойдуць маміны вышыванкі, татавы кашалі, бочкі, драўляныя лыжы… Калі разважаць глабальна: хочацца здароўя ўсім, каго ведаю і люблю. Каб хлеб рос і людзі жылі пад мірным небам, – кажа ён.

Простая, шчырая і вечная мудрасць, якая належыць не проста старшыні сельсавета з даволі распаўсюджаным прозвішчам, а гаспадару вёскі, сапраўднаму, не на словах, а па справах сваіх, ЧАЛАВЕКУ.

Галіна МІКАЛАЕВА. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.