Close
Актуально Общество Подпишись на "ІВ"

Калі да справы — з душою

Калі да справы — з душою
  • Опубликовано:31 января, 2025

Паштальёнам на пятым паштовым аддзяленні горада Івацэвічы Ала Дзямідава працуе 28 год. У прафесію гэтую яе прывёў муж Уладзімір, які на той час працаваў вадзіцелем паштовай машыны.
– У аддзяленні панавала такая шчырая, цёплая атмасфера, – успамінае Ала Яўгеньеўна. – Нават пры самых складаных абставінах адчувалася падтрымка з боку кіраўніцтва, сярод людзей – узаемадапамога і выручка. Да ўсяго, на той час і заробкі ў паштавікоў былі нядрэнныя, а для нашай маладой сям’і гэта мела вельмі вялікае значэнне.

Жыццё склалася так, што з цягам часу муж змяніў месца работы: перайшоў працаваць у адну з будаўнічых арганізацый райцэнтра. А вось Ала Яўгеньеўна засталася вернай любімаму калектыву і людзям, якія з такім нецярпеннем як сёння, так і заўтра чакаюць кожнага візіту ўсмешлівай, добразычлівай і надзвычай камунікабельнай жанчыны. Візіту, падчас якога яна і пенсію ў дом прынясе, і неабходныя тавары, ад прадуктовых да прамысловых, даставіць, і пісьмовай карэспандэнцыяй парадуе, і падпіску на перыядычныя выданні аформіць, а потым іх і ў паштовую скрыню апусціць.

– Вядома ж, сёння свет і людзей «захапілі» сучасныя сродкі інфармацыі, аднак друкаванае слова для многіх застаецца ў прыярытэце, – працягвае расказ Ала Яўгеньеўна. – І добрым пацверджаннем таму будуць некаторыя лічбы. Напрыклад, «Беларусь сегодня», адно са старэйшых рэспубліканскіх выданняў, выпісваюць на маім участку крышачку больш чым 60 сямей. Гэта нямала. «Настаўніцкая газета» трапляе на стол 87 чалавек. Столькі ж выбіраюць для чытання штотыднёвік «На страже».
А вось лідарам па папулярнасці сярод кліентаў Алы Дзямідавай з’яўляецца раённая газета «Івацэвіцкі веснік». На ўчастку, які абслугоўвае паштальён, падпіску на выданне афармляюць каля 170 чалавек.

– Газета была і застаецца для людзей не проста любімай, але і неабходнай, – прызнаецца субяседніца. – І не выпадкова. Тут усе навіны раёна, поспехі і здабыткі людзей, якія шчыруюць на івацэвіцкай зямлі, віншаванні, рэклама, цікавыя гісторыі і нават самы праўдзівы прагноз надвор’я.

Дарэчы, сама Ала Дзямідава раёнку выпісвае роўна столькі, колькі жыве ў Івацэвічах. Ніколі не было такога, каб яна праігнаравала падпіску, маўляў, газета і без таго да яе першай трапляе ў рукі пасля друкарні. Чытае раёнку звычайна вечарам, на кухні, пасля таго, як на ўсіх хатніх справах пастаўлена кропка.

– Люблю чытаць пра тое, чым жыве, як развіваецца і якія дасягненні мае будаўнічая арганізацыя, у якой зараз шчыруе муж, як ідуць справы ў калег-паштальёнаў, якія праблемныя пытанні хвалююць жыхароў райцэнтра. Чытаю ад першага радка і да апошняга матэрыялы пра людзей. Заўсёды цікаўлюся літаратурнай старонкай і творчымі здабыткамі івацэвіцкіх паэтаў, пісьменнікаў, – расказвае Ала Яўгеньеўна. – Аднак найчасцей стараюся перш-наперш зазірнуць на апошнюю старонку выдання, менавіта там традыцыйна публікуюцца рэцэпты, прычым, удалыя! Літаральна нядаўна супрацоўнікі газеты прапанавалі нам, чытачам, рэцэпт прыгатавання курыных катлет па-французскі. Не адкладваючы на потым, апрабавала яго на сваёй кухні. Катлеткі, скажу я вам, атрымаліся, пальчыкі абліжаш!

Нягледзячы на тое, што працаваць паштальёнам няпроста, сёння да іх прад’яўляюцца даволі высокія патрабаванні, бо працуюць яны з людзьмі і дзеля людзей, у нейкай іншай сферы Ала Дзямідава сябе не ўяўляе.

– Больш за ўсё падабаюцца зносіны з кліентамі, і зусім не важна, якога яны ўзросту, статусу, нават характару, – дзеліцца думкамі жанчына. – Імпануе тое, што людзі цябе чакаюць, табе рады і твая работа патрэбная.

Асаблівае пачуццё на сэрцы, калі ў рукі бярэ жанчына-паштальён велічэзную сумку, напоўненую часопісамі, газетамі і… сустрэчамі з цікавымі, адукаванымі, інтэлігентнымі, неабыякавымі людзьмі.

– Той, хто чытае, іншым быць не можа, – лічыць яна.
Што да настрою, дык у паштальёна ён заўсёды прыўзняты, без адценняў злосці, суму, незадаволенасці. А калі і здараецца, што ў сілу абставін парушаецца раўнавага духу, аднавіць яго Ала Яўгеньеўна можа хутка, лёгка і проста:

– Мне варта толькі падняць угару галаву і ўбачыць блакітнае, мірнае неба, – прызнаецца Ала Дзямідава, – прыслухацца да свайго арганізма і адчуць здароўе і сілы. Успомніць самых родных і блізкіх, якія побач, разам са мною, прычым, жывыя, здаровыя. А яшчэ падумаць аб тым, што жыццё даецца аднойчы. І другога не будзе, ніколі не будзе.

Галіна МІКАЛАЕВА. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.