Кантэйнеры для смецця - у кожны двор

Камунальнікі прапануюць набыць ёмістасці для збору адходаў жыхарам прыватнага сектара райцэнтра.
Усё больш неабходнай рэччу для жыхароў прыватнага сектара Івацэвічаў становяцца кантэйнеры для збору смецця, якія рэалізуе Івацэвіцкая ЖКГ. Гэтай вясной камунальнікі дэманціравалі ўсе кантэйнерныя пляцоўкі ў прыватным сектары райцэнтра з-за іх захламленасці, а смецце ад падвор’яў раз у тыдзень забірае смеццявоз.
Работнікам ЖКГ зручна, каб цвёрдыя камунальныя адходы выносіліся з двароў і чакалі камунальнікаў не ў пакетах ці вёдрах, а ў кантэйнерах, якія падыходзяць для смеццявозаў з задняй загрузкай. Смецце з кантэйнера не развалакуць па ўсёй вуліцы сабакі; кантэйнер пазбаўляе неабходнасці любавацца на «галерэю» з пакетаў у сваім двары – відовішча не самае прыемнае, не гаворачы пра пах.
– Мы прапануем жыхарам раёна набываць кантэйнеры індывідуальнага карыстання аб’ёмам 0,12 куба ў растэрміноўку на 6 месяцаў, – расказвае намеснік дырэктара ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Андрэй КАЗЛОЎ.
– Вядома, можна заплаціць і ўсю суму адразу, а каштуе кантэйнер 72 руб. Першую партыю, якую набылі (105 кантэйнераў), рэалізавалі, набылі другую – 150 штук – і прадалі пакуль 25. Было б добра, каб на падворку кожнага прыватнага дома з’явілася па два кантэйнеры – адзін для цвёрдых камунальных адходаў – для ЦКА, другі для другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). ПЭТ-бутэлькі, шкло, паперу дазваляецца захоўваць у адным кантэйнеры, пасля дастаўкі на палігон ДМР-ы ўсё роўна сартуюцца. Адно толькі смеццявоз іх не забярэ ад вашага двара разам з ЦКА, другасныя матэрыяльныя рэсурсы прымаюць на прыёмных пунктах у Івацэвічах, Целяханах, Косава і Быцені – там за, лічы, смецце няхай нямнога, але заплацяць. Альбо можна адвезці пластык, шкло ці паперу на кантэйнерную пляцоўку каля любой шматпавярхоўкі і пакласці ў адпаведныя кантэйнеры для ДМР-аў. Калі ласка, сартуйце смецце дома, бо на палігоне няма магчымасці зазірнуць у кожны пакет у пошуках ПЭТ-бутэлькі. Ды і ўявіце сабе, што адчуваюць людзі, якія ўсё ж такі вымушаны гэта рабіць, бо не ўсе сартуюць смецце дома. Пластык не павінен трапляць на палігон, у зямлю разам з цвёрдымі камунальнымі адходамі, гэта шкодзіць экалогіі, а разам з тым і нашаму здароўю.
Спецыяліст падкрэсліў, што разумее жыхароў прыватнага сектара, якія таксама хочуць мець магчымасць выкідваць смецце кожны дзень, і таму дэмантаж кантэйнерных пляцовак не ўсім падабаецца. Але ж менавіта прыватны сектар грашыць тым, што пляцоўкі ператвараюцца ў звалкі, куды звозіцца і старая мэбля, і дошкі, і цэгла, і галіны ды трава з агародаў, гной, нават вантробы буйнай рагатай жывёлы. Так рабіць нельга! І за гэта прадугледжаны штрафы. У выніку ў прыватны сектар ехаў смеццявоз з задняй загрузкай прама да двароў па пакеты са смеццем, потым яшчэ адзін смеццявоз з бакавой загрузкай забіраў адходы з кантэйнераў на пляцоўках, за ім ехаў трактар, каб павывозіць матрацы, галлё і іншае, хоць гэта камунальнікі рабіць і не павінны. ЖКГ выконвае вельмі многа функцый пры не самым вялікім фінансаванні і не можа дазволіць сабе несці дадатковыя выдаткі, кажа Андрэй Казлоў. Цяпер адзін смеццявоз будзе ехаць па прыватным сектары па графіку раз у тыдзень і забіраць цвёрдыя камунальныя адходы ад сядзіб. Але падкрэслім, што ЖКГ гатова прыняць любое смецце ад насельніцтва і ўтылізаваць яго бясплатна на палігоне. Толькі дзейнічаць трэба наступным чынам.
Калі ёсць неабходнасць пазбавіцца ад буйнагабарытнага смецця, дошак, галля ці травы, разабранай мэблі, прывозьце яе на палігон сваім транспартам ці заказвайце трактар у камунальнікаў (за гэтую паслугу трэба заплаціць). На палігоне смецце прымуць і ўтылізуюць, але адна ўмова – дошкі асобна, трава асобна і гэтак далей. І такое смецце павінна быць таксама адсартаванае. На палігоне мінулай восенню з’явілася пляцоўка для кампаставання лісця і травы. Кампост уперамешку з грунтам будзе выкарыстоўвацца камунальнікамі ў цяпліцах ЖКГ для вырошчвання кветак, а таксама для перасыпкі слаёў смецця на палігоне.
Таксама намеснік старшыні ЖКГ расказаў і пра тое, што да ліпеня бягучага года будзе закрыты Косаўскі палігон. Усё смецце з косаўскай зоны будзе перавозіцца і захоўвацца на палігоне ў Івацэвічах. У раёне, акрамя івацэвіцкага, яшчэ функцыянуе палігон у Целяханах, але і яго з цягам часу маюць намер закрыць. А вось міні-палігоны ўжо ліквідаваны ўсе.
Культура сартавання смецця, якую цяпер у Беларусі імкнуцца прывіць з ранняга дзяцінства, стала ўсвядомленай неабходнасцю і прыкметай развіцця грамадства. За апошнія 20 гадоў змяніўся і аб’ём, і састаў смецця, у якім цяпер шмат пластыку, штучных матэрыялаў, якія раскладаюцца сотні гадоў, выдзяляючы таксічныя рэчывы ў глебу. Наша з вамі задача – павышаць асабістую культуру спажывання, не набываць лішняе, адмовіцца ад празмернай ці неэкалагічнай упакоўкі тавараў, сартаваць смецце і вучыць гэтаму дзяцей, каб хоць бы часткова яно ішло на перапрацоўку дзеля меншага забруджвання глебы, вады, паветра. Збірайце смецце па правілах і адчувайце гонар за тое, што клапоціцеся пра планету і пра будучыню для сваіх нашчадкаў.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.