Класныя гадзіны праводзяць міліцыянеры: у класах прававой накіраванасці ДУА «СШ № 3 г. Івацэвічы» новая форма прафарыентацыйнай работы з дзецьмі

На мінулым тыдні ў 11 «Б» быў незвычайны ўрок, які замест настаўніка праводзіў супрацоўнік Івацэвіцкага РАУС, ён жа запісваў тэму на дошцы і вёў размову з будучымі выпускнікамі. Такую цікавую падмену юнакі і дзяўчаты ўспрынялі на ўра, тым больш, тэма ўрока была для іх вельмі актуальнай: «Правілы паводзін на спартыўных аб’ектах».
Падобныя ўрокі – гэта новы падыход да супрацоўніцтва школы і райаддзела ўнутраных спраў. Так, з 2013 года ў ДУА «СШ № 3 г. Івацэвічы» адкрытыя класы прававой накіраванасці, штогод навучанне ў іх ідзе па пэўным распрацаваным плане, сёлетні план, напрыклад, прадугледжвае падобныя ўрокі ці лекцыі, удзелы ў тэматычным праектах, сумеснае наведванне фізкультурна-спартыўных і забаўляльных мерапрыемстваў з асноўнымі мэтамі па павышэнні прававой культуры школьнікаў, развіцці і замацаванні сувязяў з органамі ўнутраных спраў, важная тут яшчэ і прафарыентацыя. Акурат з таго, што адзінаццацікласнікаў будуць рады бачыць сярод абітурыентаў у вышэйшых навучальных установах сістэмы МУС, на класнай гадзіне ў 11 «Б» пачаў гаворку намеснік начальніка Івацэвіцкага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэй Хвайніцкі:
– Мы будзем рады бачыць вас у ліку абітурыентаў нашых профільных ВНУ, амаль штогод некалькі чалавек з вашай школы робяць падобны выбар, і мы прапануем кожнаму жадаючаму дапамогу і суправаджэнне ад моманту праходжання камісій да падачы дакументаў, – звяртаўся да адзінаццацікласнікаў Андрэй Анатольевіч. – Падобныя ўрокі – гэта яшчэ адна новая форма работы і ўзаемадзеяння з вамі, і пачынаем мы з таго, як трэба паводзіць сябе на спартыўных аб’ектах, якіх у нашым райцэнтры нямала.
Спачатку разам з міліцыянерам падлеткі вызначыліся з паняццем правілаў і тым, якія яны бываюць, а пасля ўжо ў фармаце ажыўленага дыялогу прайшліся па многіх пунктах
арт. 36 «Меры па ахове грамадскага парадку і забеспячэнні грамадскай бяспекі пры правядзенні спартыўна-масавых мерапрыемстваў» Закона Рэспублікі Беларусь аб фізічнай культуры і спорце.
І тут школьнікі пыталіся наперабой, бо менавіта ў гэтым класе вучацца хлопчыкі – ўдзельнікі фангрупы ФК «Івацэвічы-ДЮСШ», ды і многія дзяўчынкі наведваюць матчы нашых футбалістаў. Так, яны яшчэ раз пачулі ад «настаўніка» ў форме Андрэя Хвайніцкага, што на стадыён яны могуць прайсці толькі з білетамі і не хаваючы твары пад маскамі (выключэнне было зроблена толькі на перыяд пандэміі), супрацоўнікі РАУС запыняць на ўваходзе нецвярозых балельшчыкаў ці тых, хто вырашыцца паглядзець матч пад уздзеяннем наркотыкаў. Без прагляду матча застануцца і тыя аматары спорту, што адмовяцца ад асабістага агляду міліцыянерамі ці агляду асабістых рэчаў. Аб тым, што праносіць на стадыён боепрыпасы ці зброю забаронена, здагадацца няцяжка, а вось аб тым, што ў «чорным» спіску лазеры ці атрыбутыка (сцягі, вымпелы), не зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку ці з выразамі, якія прызываюць да пэўных несанкцыяваных дзеянняў, у класе ведалі адзінкі.
Як і не ведалі балельшчыкі са стажам, што выкарыстанне сігнальных ракет на стадыёне дапускаецца з дазволу інспектара матча, і такія ігры са спецэфектамі ў Івацэвічах былі! Не кожны падазраваў, што на нашым стадыёне ўсталяваныя камеры, і паводзіны на трыбунах таксама кантралююцца, а кожны наведвальнік ігры абавязаны паведаміць аб здзяйсненні правапарушэнняў і аб пагрозах небяспекі. Многае моладзь пачула ўпершыню, над многім яшчэ трэба падумаць, але важна тое, што нават калі ты не плануеш паступаць, да прыкладу, у Акадэмію МУС, то асвяжыць у памяці правілы паводзінаў на тым жа стадыёне ці скейт-пляцоўцы табе дакладна не памяшае. А значыць, сустрэча была недарэмная. Перад званком з урока Андрэй Хвайніцкі прапанаваў класу сумесную паездку на хакей, дзеці пазітыўна ўспрынялі ідэю і ўжо пачалі выбіраць пажаданыя лакацыі.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Генадзьеўна Руцкая адзначыла, што сёння ў пяці класах прававой накіраванасці займаюцца 66 вучняў, гэта дзеці з 5 «А», 6 «Б», 7 «А», 10 «Б» і
11 «Б» класаў. У 2022 навучальным годзе ў ВНУ і каледжы юрыдычнага профілю з такіх класаў паступілі тры чалавекі, у мінулым годзе – двое выпускнікоў, а ў 2019-м іх, напрыклад, было шасцёра. Такое цеснае супрацоўніцтва з міліцыяй і суправаджэнне падчас уступнай кампаніі дае свой плён, але каб жадаючых паступаць у профільныя навучальныя ўстановы было больш, сёння выкарыстоўваюць новыя метады, спрабуюць новыя падыходы.
А ці спадабаўся дзецям такі ўрок?
Юрый Купрыянаў:
– Я футбольны фанат, не прапускаю ніводнай дамашняй ігры, наведваю і некаторыя выязныя. Раней займаўся сур’ёзна хакеем у нашым Лядовіку, пайшоў са спорту з-за траўмы, але мне сёння было вельмі цікава, я не ведаў, напрыклад, што на стадыён можна праносіць тую ж ваду ці сок аб’ёмам не больш за 0,5 л, а яшчэ здзівіўся, што на нашым стадыёне на камеры здымаюць нават балельшчыкаў на трыбунах. Усё гэта патрэбна і важна, каб забяспечыць парадак. Асабіста ў мяне праблем не
ўзнікала на матчах. Паступаць планую ў БНТУ, спадзяюся, што ўсё атрымаецца. А ў бліжэйшыя дні буду думаць над прапановай супрацоўніка РАУС наконт сумеснай паездкі на спартыўнае мерапрыемства. Я паеду абавязкова!
Лізавета Вензелева:
– Спадзяюся, што я – будучая настаўніца гісторыі (смяецца). За плячыма перамогі ў алімпіядах па гісторыі, але я ўсё роўна хвалююся наконт вынікаў уступнай кампаніі. Усе мы час ад часу наведваем гарадскія спартыўныя аб’екты, я падтрымліваю сваіх аднакласнікаў і сяброў на футбольных іграх, здзівілася, што на балельшчыка-парушальніка могуць накласці забарону на наведванне спартыўных аб’ектаў ад трох месяцаў да трох гадоў! А яшчэ так спадабалася практычная частка ўрока, калі нам дазволілі скарыстацца металашукальнікам. Вось як важна паводзіць сябе правільна ў такіх месцах, ды і ўсюды. Хоць я і не выбіраю для сябе ваенную прафесію, але да людзей у пагонах стаўлюся з вялікай павагай, мой бацька ўжо шмат гадоў служыць у ПУ «ПК № 5».
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.